Адчэплены ад перадкоў і выстраены ўздоўж тратуара нашыя «палкавушкі». На другім баку вуліцы расцягнуты ў радочак «саракапяткі». Артылерысты адпачываюць у бліжэйшым доме. Кухар на падворку, асветлены іскрамі, дзьме ў печ паходнай кухні, кляне ды бэсціць мокрыя дровы. Ля гарматнага парка на пасту – Хілько. Праз дваццаць мінут мне яго мяняць, няма сэнсу класціся спаць. Але ж чым заняцца?
Калі добра ўгледзецца ў вулічную цемру, можна пазнаць Ісаева. Аднекуль вывалак веласіпед і паказвае вартавому. Хілько шчупае веласіпед, хваліць:
– Харо-ошая машына! – хоць, напэўна, яму нічога не відаць. Са шкадаваннем дабаўляе: – Цёмна, халера!
– Цё-омна! – згаджаецца Ісаеў. – От, каб відна, пакаталіся б!
Праз некалькі хвілін віла багатага гітлераўца выстрэльвае ў неба вулкан агню і дыму, ярка выдзяляючы прыгожыя калоны і ўсё багацце сваёй архітэктуры...
Цяпло агню ўжо даходзіць і да гармат. Хілько, не спускаючы вачэй з «палкавушак», як мага бліжэй падыходзіць да полымя, падстаўляе плечы з мокрым кажухом да агню, грэецца і пакрэктвае ад прыемнасці. Перад ім, па асветленым асфальце, круціць няўмела васьмёрку Ісаеў.
Перапалоханы пажарам, выбягае сонны наш камбат – капітан Кучэрын Іван Пятровіч. Пытаецца:
– Што такое?
– А – во! – паказвае Ісаеў.
Прыкінуўшы на вока, што агонь ад гармат метраў за семдзесят, ветру няма, а ўсё навокал – прамоклае, Кучэрын супакойваецца. Адно бурчыць:
– Нейкая зараза, мабыць, сумысна падпаліла! Расстраляў бы такога гада, каб ведаў хто!
– І расстраляць такога мала, таварыш капітан! – крычыць паставы «саракапятчык».
Кучэрын няўпэўнена тупае ў пад’езд.
Спаць не хочацца. Дзіва што. Столькі марыў аб гэтай самай Германіі ды во, нарэшце, дабраўся да яе. ІІроста не верыцца – такое здарылася! Нават дзіўлюся: чаму падзея прынята намі так звычайна?!
Вырашаю заглянуць у пусты дом: цікава, як жылі тыя, што прынеслі нам столькі бяды. Ісці на варту так і не даводзіцца: Дубаў, недарэка, за нешта адхапіў нечарговы нарад і замест мяне цяпер замяніў Хілько.
Крочу ўздоўж асветленых пажарам дамоў, выбіраю будынак. З параднага адчыняю асцярожна дзверы, уваходжу ў прыхожую, затым – у пакой.
Скрозь вялізныя вокны з шаўковымі гардзінамі яскравае зарыва асвятляе перакуленую мяккую мэблю, кіпы кніжак, часопісаў, перамешаных з парцэлянай. Гэта – славутая саксонская парцэляна? Не ведаю, а спытацца няма ў каго. Усё перасыпана пухам з выпатрашаных пярын. Нагой зграбаю паперы ў кучу, чакаю, покуль уляжацца пух, ды пачынаю паперкі разглядваць.
Нядрэнна аформленыя каляровымі здымкамі нямецкія часопісы. Кнігі і ноты. Цэлыя кіпы нот.
У масіўным пазалочаным пераплёце – пераклады Л. Талстога 1880 г. выдання. Рускія часопісы 187З года выпуску...
«Ого, калі вы пачалі намі цікавіцца!» – паспяваю падумаць ды чую ў суседнім пакоі грукат.
Асцярожна прыадчыняю дзверы, прыглядваюся.
У чысценькім пакойчыку, перад адчыненай шафай, тырчаць Хілько з Ісаевым – увайшлі дзвярамі, мабыць, ад кухні. Хілько двума пальцамі трымае тоненькую сурвэтку, яна ў бляску пажару мяняецца рознымі колерамі, і Хілько глядзіць у захапленні. Выцягнуты твар Ісаева ўсміхаецца палатніне ўмілена – і яму, беднаму, успамінаецца, мабыць, родны дом.
«Слухай, Ісай! Наматаць бы на баннік ды пачысціць гарматны ствол – любата-а!» – грубавата кажа Хілько, відаць, хаваючы гэтак перад таварышам сваю маладушнасць.
Толькі цяпер за хлопцамі бачу ў прыадчыненых дзвярах – самую сапраўдную тоўстую немку. З-за кабеты выглядвае непрыгожая фізіяномія дзяўчыны. Выразна відаць: немка баіцца за сябе, за дачку і за дабро. Каб звярнуць увагу, кашляе.
Калісьці у нас дома стаяў слоік з мёдам на лякарства. Аднаго разу мама заспела, калі брат засадзіў у яго руку і разгублена застагнаў. Дакладна гэтаксама прамычэлі цяпер і хлопцы:
«Э-э-эк!..» Хвіліна разгубленасці. Затым Хілько бярэ нос у жменю і бытта смаркаецца. Яшчэ і тлумачыць: «Мы – о!»
«Оу-у, я-а, я-а-а!» – здагадваецца немка. Вывалаквае з ніжняй шуфляды цэлы плік насовак, падае. – «Віттэ шэйн!» – «О-о, гу-ут, данкі!» – радуюцца артылерысты, дзеляць падарунак ды, як вінаватыя хлапчукі, шпарка тупаюць з пакоя. «Геро-оі!» – выходзячы таксама, папракаю я хлопцаў у душы, а нейкая цяплынь залівае мне грудзі. – А шчэ і гразіліся: «Эх, каб не лес! Эх, каб не лес!..»
16.11.45г.
Паспаць не давялося. Вяртаюся з «экскурсіі», а батарэя ўжо строіцца – камбат ледзь не падлавіў, што я кудысьці знік. Недзе прарваліся немцы.