Выбрать главу

Азіраюся на закапаных па вушы хлоцаў.

Хілько бесклапотна дзеліць на чатыры часткі нямецкія галеты. А Ісаеў спакойна, бытта нічога не здарылася, ломіць на порцыі ды першаму прапануе Дубаву. Здаецца, толькі ў мяне ад хвалявання дробненька пастукваюць зубы, а самы звычайны страх забівае дыханне.

Раптам Хілько ўскоквае на ўвесь рост ды выхоплівае гранату. Хлапец пры гэтым усхвалявана і здзіўлена крычыць:

«А во –ён!.. Туды глядзі–во-о!..»

Толькі мяне ўжо не цікавіць гушчар, дзе – і так ведаю – падкрадваюцца немцы. З жахам гляджу на спіну хлапца. Шынель мой правільны зняў, капаючы ровік, і цяпер з плячэй яго новай фуфайкі, як коркі, вылятаюць камячкі ваты з ірванай палатнінай, пакідаючы аж надта вядомыя кожнаму франтавіку шырокія дзіркі ў месцах, дзе з цела пуцалаватага салдата вырываліся кулі.

Перада мной стаяў яшчэ жывы сябра, грудзі якога прашыла навылёт кулямётная чарга.

Раптоўная страляніна ўзарвала лес. Калі я павярнуў гармату ўбок, куды толькі што намерваўся мой правільны кінуць «эфку», Хілько мёртвым камячком ляжаў ужо на дне ячэйкі. Але мне не да яго. Між сосен мільгаюць немцы, і па іх страляю. Асколачны снарад, зачапіўшыся за галіну, разрываецца зусім блізка, ледзь не паражае і нас.

Не страляць жа фугаснымі па жывой цэлі! Што рабіць? Нікога і не запытаеш.

Хапаю вінтоўку ды выстрэльваю па немцах усю абойму. Ладаваць магазін няма калі. Першую вінтоўку шпурляю ды хапаю наступную.

«На прасецы – «фердынанд»!» – лямантуе Ісаеў.

Гляджу ўдалячынь.

Сапраўды. З паўкіламетра ад мяне памалу, задраўшы высока хобат гарматы, паўзе ў наш бок самаходка такога ж колеру, што і лес, і абсалютна з ім зліваецца. Адразу забываю пра перабежкі немцаў у гушчары. Хапаю ручкі павароту, ліхаманкава кручу гарматны ствол на галоўную небяспеку.

Першы мой снарад дае толькі ўспышку на брані самаходкі.

Ладую казённік ужо раз за разам. Пасылаю пяць снарадаў, ды ўсе яны выбухаюць таксама на брані і – хоць бы які рэзультат! За гэты час сталёвая аграмадзіна прыкметна прыблізілася і вырасла ў аб’ёме.

Трэба шарахнуць ёй па гусеніцах.

Апускаю ствол ніжэй, старанна даводжу крыжык панарамы, страляю зноў і зноў. За дванаццатым разам гармату нешта заклініла. А самаходка няўмольна да мяне ўсё сунецца, бытта нічога і не адбылося. Яна ж нас вось-вось раздушыць, што прыдумаць?!.

Ужо да «фердынанда» крокаў з сорак. Перад сталёвай крэпасцю мы зусім бездапаможныя, бо супрацьтанкавых гранат не маем, але нейкая зацятасць не дазваляе мне ўцякаць – тырчу за шчытком сам і не даю каманды хлопцам.

Нарэшце, бачу: наводчык самаходкі зрабіў ласку ды мяне заўважыў. Доўгі хобат гарматы з чорным жаралом ствала з тоўстым надульнікам памалу пачынае рухацца ў мой бок, сваім страшным жаралом заглядвае мне ў душу, на секунду замірае, затым плюе агнём.

... Мінула, мабыць, некалькі хвілін.

Я кленчу ўсё на тым самым месцы, праціраю кулакамі засыпаныя пяском ад выбуху вочы і дзіўлюся: здаецца, жывы?!. Няўжо?!. Ты!!. А дзе мая гармата? То – была, а то – няма!

Азіраюся ды пазнаю «палкавушку» зводдаль ад сябе. Паграхатаная, уціснутая гусеніцамі ў рыхлы лясны чарназём. Перад лініяй пяхоты ля грэбеня шашы дыміць усімі шчылінамі «фердынанд»...

Паволі пачынаю разбірацца, што здарылася.

Я выстраліў шмат снарадаў, і пры аддачы сашнік гарматы здорава загнала ў зямлю. Калі ж пад маім ствалом выбухнуў снарад ад «фердынанда», «палкавушку» на лафеце з укопаным у зямлю сашніком, як на рычагу, перакуліла ў мяне над галавой назад, мяне нават не крануўшы. Толькі аглушыла на хвіліну. Гарматныя шчыткі засцераглі мяне ад выбуховай хвалі і ад асколкаў.

Ну і пашанцавала!

Толькі цяпер спахопліваюся: чамусьці чужая левая рука. Успамінаю: у разгар страляніны з майго пляча нешта адарвалася, бытта ўспырхнула адтуль птушачка. Прыглядваюся да таго месца.

Пад левым пагонам у шынялі – ірваная дзірка. Свабодна ўлазіць кулак. Суну туды пальцы. Яны натыкаюцца на цёплае і жывое мяса, носам чую свежую рану.

Куля развярнула мускулы на плячы.

Цяпер заўважаю: чамусьці няма адной палы. Ніз майго новенькага шыняля (які я так бярог!) з правага боку бытта хто адрэзаў брытвай, і не проста, а мудрагелістымі зігзагамі.

Неўзабаве Ісаеў, Дубаў і я, усе параненыя, пакінуўшы цела Хілько і раструшчаную «палкавушку», валачомся да пяхоты. Пад сасной на шашы натыкаемся на Разбека.

Яшчэ ноччу камбат паслаў майго камандзіра гарматы да нас, каб вярнуць «палкавушку» за грэбень асфальту, да пяхоты, але бедны Разбек да нас не дайшоў. Былы камандзір гарматы зараз у набрынялым дажджавой вадой і ў туга падперазаным тым самым кажушку ляжаў сярод дзесяткаў трупаў у шынялях мышынага колеру ды ў касках са свастыкай. Разбек прайшоў на перадавой усю вайну, чатыры разы паранены...