Выбрать главу

«Фердынанда» падбіў «Зіс» з артдывізіёна, які паспеў заняць агнявыя за грэбенем шашы. Самаходка больш нікому не зрабіла шкоды, бо, як выявілася, артылерысты яе мелі толькі адзін снарад, які і выпусцілі па маёй «палкавушцы». Ды іастатнія немцы не мелі патронаў, інакш нам усім там было б нездабраваць.

25.ІІ.45г.

Косць на плячы не пашкоджана – раненне лёгкае. У шпіталь ехаць адмовіўся (адтуль не заўсёды адсылаюць у сваю часць, з якой я так зжыўся!). Пакінулі мяне ў медсанбаце. Кантавацца тут без занятку нельга, залічылі штатным санітарам.

Сёння паклікаў мяне сам начальнік – капітан Копысаў – ды спытаўся, ці знайду ў сабе сілы дапамагаць пры аперацыях. Не раздумваючы, я хірурга запэўніў ды пайшоў за ім у асобную палатку.

Збіраліся аперыраваць нейкага афіцэра і далі лямпу, каб свяціў. Копысаў ускрыў параненую брушыну, я зірнуў на сіняватыя кішкі, з якіх паваліла пара, і мне адразу зрабілася млосна, пачаў я падаць. На шчасце, сястра падхапіла на ляту газавую лямпу, стукнула мяне кірзачом ды праперла з палаткі.

Цэлы дзень сорамна – хоць ты праваліся скрозь зямлю.

27.ІІ.45г.

Сёння давялося браць у рукі вінтоўкі, аўтаматы і нам, медыкам. А здарылася вось што.

Палаткі нашыя разбіты на палянцы, а перадавыя часці адышлі ад нас на захад кіламетраў за пятнаццаць ды занялі там абарону. Нават страляніны каторы дзень не чуваць.

У гушчары недалёка ад палатак чатыры немцы здаліся ў палон сяржанту з нашага гаспадарчага ўзвода. Восем раз паранены і кантужаны сяржант у медыкаў служыў нядаўна. Убачыўшы немцаў, ён для настраху даў уверх чаргу з аўтамата, а тады паадбіраў у былых грозных ворагаў біклажкі са шнапсам і да адной добра прыклаўся. Праз якіх паўгадзіны ці менш галодны сяржант не мог ужо ісці.

Медсанбатаўская варта ўбачыла паміж дрэў фігуры немцаў, узняла на паляне трывогу. Хапілі мы што ў каго было пад рукой ды занялі кругавую абарону.

Неўзабаве перад вачыма насцярожаных урачоў і сясцёр з’явілася каларытная працэсія. На паляну выйшаў унтэр-афіцэр.

Убачыўшы медыкаў, унтэр-афіцэр яшчэ здалёк нам закрычаў:

– Не страляць! Не страляць, гальт!.. Ніхт шысен, ніхт шысен! Пан сяржант узяў нас у палон! Дзе рускі палон?

А вечарам двум з гэтых немцау Копысаў ампутаваў пальцы ног. Адмарожаныя. Палонным пагражала гангрэна. Самае дзіўнае: усе апошнія дні не было мінусавай тэмпературы. Цяпер разумею, што азначае “застудзіць” што-небудзь.

28.ІІ.45г.

Палонныя ад наркозу ачунялі. На фронце зацішша, работы ў нас зусім мала. Урачы і медсёстры разгаварыліся з немцамі – я за перакладчыка. Просяць унтэр-афіцэра расказаць яшчэ раз, як «пан сяржант» браў іх у палон. Той на поўным сур’ёзе і вельмі ахвотна выконвае іх просьбу. Медыкі рагочуць. Тады пачынаюць прасіць зноў...

Копысаў успомніў нечым падобны выпадак з-пад Старой Русы.

Тады лютаваў мароз і завіруха. У зямлянку ўвялі гітлераўца. Ён адбіўся ад сваіх, заблудзіўся ды трапіў у нашыя акопы. Захутаны ў жаночую хустку, увесь заінелы, з ледзяшом пад носам, ну – дакладна копія фігуры таго фрыца, што малююць на карыкатурных плакатах.

Збегліся салдаты, разглядаюць жывога ворага, рагочуць. У гітлераўца таксама, мабыць, сумленне нячыстае, і ён выдатна разумее, што шчыры смех ворагаў – яго адзіны покуль што ратунак, таму ўсё цвердзіць: «Гітлер капут! Гітлер шансэ! Алес – капут!.. Шталін гу-ут! Москаў гу-ут!..»

I яшчэ больш стараецца паказаць, як замёрз. Крэкча, не хавае твару, ахвотна пазіруе фотакарэспандэнтам, якія папрыбягалі са штабоў.

Ад цеплыні ў зямлянцы лядзяш раптам адрываецца ды падае. Гітлеравец з роспаччу падымае яго з зямлі і… стараецца прыклеіць на ранейшае месца, а ён, як на тое, не прыліпае.

15.IV.45г.

Батарэя доўга практыкавалася на возеры (у раёне Мантэля) у фарсіраванні воднай перашкоды. Я прыбыў у яе, калі наш полк займеў ужо гатовы плацдарм за Одэрам. Плацдарм зусім маленькі – кіламетры два на тры. Рыхтуецца нашае наступленне. У цеснаце сабралася велізарная маса войск ды закапалася ў зямлю.

«Уся Расія за Одэрам!» – кажа Ісаеў. (З лячэння вярнуліся мы разам.)

Нашая гаспадарка акапалася за дамбай ракі, гарматы – у ляску. Днём артабстрэл з боку немцаў. Ноччу плацдарм прашываюць са свістам кулі з нямецкіх акопаў, а гарматы чамусьці маўчаць.

Усё гатова. Агнявыя выкапаныя і замаскіраваныя. Капаем ровікі. Я покуль што знаходжуся ў рэзерве за дамбай – у Яроменкі (другі старшына ў нашай батарэі), толькі дапамагаю артылерыстам капаць. Але ж як у гістарычныя дні быць у абозе? Ніколі. Прашуся ў Кучэрына на перадавую. Камбат ахвотна пускае.