Недалёка канал.
Нейкага доктара (немца) раскулачваем. Знайшлі ў склепе сотні бутэлек з рознымі этыкеткамі. Мне спадабалася шампанскае.
Агнявыя паміж дамоў. Месца адкрытае, а ў зямлю не надта закапаешся – акамянела.
Як звычайна, раблю ямку не па статуту – пад лафетам (каб кожны раз пад агнём не бегаць!). Каманда страляць. Выпускаю З0 фугасных і тры падкаліберныя. Падкаліберныя даюць прыгожае полымя, як ад «панцэрфауста», па сценах дамоў, куды страляю: там заселі нямецкія галаварэзы. Праціўнік агрызаецца густым навесным агнём з мінамётаў.
Спераду ад маёй гарматы праз крокаў дзесяць – глыбокі катлаван. Ён даўзёрны, агароджаны ад праціўніка цаглянай сцяной. У ім сканцэнтраваўся батальён пяхоты перад атакай – чакаюць, калі скончыцца наш артналёт. Злева і справа ад мяне, узнімаючы вялізныя хмары пылу, даюць агонь «Т-З4». Танкісты таксама на віду, але ім што – яны за бранёй...
Заданне выканаў. Снарадаў больш няма. Вырашаю: у катлаване будзе бяспечней, няма чаго тырчаць пад кулямі.
Клічу свой разлік, ды імчым да пяхоты. Сядзім разам з ёю доўга. Настаюць ракавыя 1З гадзін 11 хвілін.
Пяхота ў катлаване ўзнімаецца, каб ісці на зыходныя, у яе неўзабаве атака. Мушу ўстаць, бо растопчуць, як жабу. Тырчу фрэнтам ля цяглянай сцяны.
Тут гэта і здарылася.
Ззаду мяне, на скошанай сценцы катлавана, на ўзроўні маіх грудзей раптам выбухае пяхотная міна калібру 82 м/м. Адчуваю ў спіну страшэнны ўдар. Мяне з сілай шпурляе на камяністае дно жыватом уніз. Каска змякчыла ўдар тварам у пясок. Розум застаецца ясны, як ніколі. Ніжэй паясніцы – амярцвела цела, не адчуваю і ног. Навокал крыкі параненых пехацінцаў. Чуваць, як лямантуе наш Разбекаў:
«Перавяжы-ы! Нічога не ба-ачу!..»
«А мне, – думаю са смяротным жахам, – ужо нічога не трэба, канец!»
Украінец-наводчык з другога ўзвода рве індывідуальныя пакеты ды перавязвае камандзіра гарматы. I тут спахопліваюся: магу варушыць пальцамі ног!
«Ага, значыць, не ўсё страчана?!.»
Заматаўшы Разбекава, украінец падлятае да мяне. З маёй жа сумкі выхоплівае пакеты і спрабуе перавязаць, але робіць гэта чамусьці няўпэўнена. Пытаю, што ён там бачыць. Маўчыць. Затым пачынае супакойваць. Я да яго са злосцю: што ты зубы загаворваеш, хутчэй кажы праўду! Вінавата гаворыць, што ў паясніцы і на баку вялікія бачыць раны, пакетаў трэба штук шэсць.
«Абматай хоць як!» – крычу.
Устаю сам і кірую ў перавязачны пункт. Адчуваю, як у рану засмоктвае паветра. Ага, кранула лёгкае! Дзірку на баку затыкаю кулаком.
З санроты вяртаюся зноў да гарматы, каб у санбат ісці разам з іншымі. Валакуць у павозку Разбекава, ён лямантуе, але паводзіны яго выглядаюць на сімуляцыю. На плашч-палатцы нясуць параненага Дубава. Садзяць нас трох на фурманку. Збягаюцца ўсе батарэйцы. Хлопцы, кранутыя да слёз, перажываюць за нас, што праз які дзень-два і вайне канец. А мы?.. Найбольш уражаны Задняявуліца. Прапануе гарачай стравы – пад’ехала кухня. Толькі цяпер заўважаю: а наш старшына, мабыць, мой аднагодак, і толькі бываласць робіць яго такім салідным...
Такое адчуванне, бытта развітваемся назаўсёды. Што значыць франтавая дружба.
Прыязджаем у санбат.
Аперацыя пад навакаінавай анестэзіяй. Зашываюць нейкі «пнеўматоракс» [8]. У лёгкіх асколкі, але рэнтген толькі пакажа, колькі іх там. Чуваць, што хірург робіць у мяне на плячах, але мяне агортвае поўная абыякавасць. Санітары-гіцлі хапнулі з рукі гадзіннік – падарунак камбата Кучэрына, а мне ўсё роўна.
21.VII 15.
Доўга не пісаў – выкараскваўся з таго свету. Сёння зноў дабраўся да папер. Дзіва, ад перажытага – нават почырк змяніўся. Ого!
З чаго тут пачаць? Мабыць, з таго, на чым мінулы раз скончыў.
Падзеі, што адбыліся са мной пасля аперацыі, памятаю цьмяна — як пасля бою. Хтосьці мяне яшчэ не раз трымаў за рукі і ногі, рэзаў, бандажаваў ды зноў адзяваў. Потым некуды вязлі, каб і на новым месцы разматваць бінты і лезці ў раны. Сярод гэтага болю, невыразных і надта пераблытаных падзей менш-больш запала ў памяць адно: старшына Задняявуліца знайшоў мяне і ў шпіталі: прынёс ад бацькоў пісьмо ды падарунак ад батарэйцаў.
Вось я сяджу перад Задняйвуліцай, абкладзены падушкамі, але не магу чалавеку падзякаваць. нават усмешкай — так цяжка сцягнуць мускулы твару. Трымаючы распячатаны канверт, пазіраю то на старшыну, то на фота мамы з горда ўзнятай галавой: на грудзях у яе — новенькая партызанская медалька, пра якую піша дарагімі мне крывулькамі са старамоднымі «яцямі»...
8
Што такое гэта, потым я пазнаў на практыцы. Колькі разоў мне гэты самы «пнеўматоракс» зашывалі. І не толькі яго. Рабілі рэзекцыю рэбраў, пералівалі кроў, унутрывеннае...