Выбрать главу

Затым зноў правал памяці.

Прыйшоў да сябе і не магу зразумець, дзе я. За акном мільгаюць якіясьці агеньчыкі ды адбываецца штосьці незразумелае. Насцярожваюся. Квадратовы кавалачак начнога неба пранізваюць тысячы рознакаляровых зорачак, у якіх я адразу разлічыў снарады мелкакаліберных зенітак, трасіруючых куль з вінтовак і кулямётаў, На вуліцы ішла суцэльная траскатня стрэлаў... !

Толькі ў адным выпадку армія можа сабе дазволіць так бяздумна расстрэльваць боепрыпасы — калі яны больш непатрэбныя. Канец вайне! І мне раптам захацелася выскачыць з аўтаматам на вуліцу ды выпусціць сваю радасць у неба.

Сёння прыбыло ад бацькоў непасрэдна ў шпіталь першае пісьмо. Нечакана знайшоўся Валодзька (брат). Ён таксама ў войску. Цяпер тое, што называецца «сямейныя справы», у мяне ў парадку. Маці будзе спакойная: жывы яе любімы сын[9]. Адыдзе і маё сэрца. Я ж брата мог прымусіць уцякаць са Штутгофа разам. А ў нас атрымалася па страшаўскім анекдоце. «Іван, сала хочаш?» – «А дзе яно?» – «А, не хочаш, то як сабе хочаш!» Брат уцякаць не надта адважваўся, я не настойваў, баючыся браць на сябе адказнасць у выпадку, калі б трапілі немцам у лапы...

Другое. Ліст камбата да бацькоў пра тое, што мяне прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза за баі на Одэры. Усё ж такі камбат слова сваё стрымаў. Але мала надзеі. «Заходнік» – падобна на тое, калі яўрэй у капіталістычнай краіне народзіцца яўрэем, і б’юць яго таму, што менавіта такім нарадзіўся вельмі неразумна. Сухая фармальнасць. А горш за ўсё – балюча. У чалавека ж не толькі косці, а і душа, а яна баліць. Аднак Кучэрын – малайчына, хай хоць бацькі парадуюцца.

I ўсё ж такі думаю змагацца. Акадэмія (ці інстытут) дыпламатычных зносін у Маскве, пра якую пішуць дзяўчаты (былыя падпольшчыцы з Беластока – Ліза Чапнік і Аня Руд), надта зацікавіла. Старанна вывучаю англійскую мову. Калі не зараз, то ў наступным годзе буду туды спрабаваць паступаць. Вучыцца там – сапраўды тое, што мне трэба. Атрымаў бы добрае развіццё (нават лепш, чым добрае!) – раз. Дарога ў будучыню – два. Вучоба без клопатаў пра матэрыяльны быт – тры. Ды і шмат чаго іншага. Напрыклад, там павінна быць надта цікава!

Адно не падабаецца – суровая дысцыпліна, бо ваеншчына мне і тут абрыдла.

Тэма канкурэнцыі і прадпрымальнасці ў капіталістычных краінах мяне займала яшчэ ў паходзе. Усяляк даводзіў сваім сябрам іх няправільные погляды. Вырашыў напісаць у «Красную звезду». Па-мойму, атрымалася някепска[10]. Усё ж такі не апускаю рукі. Думаю нават пісаць маленькія апавяданні з партызанскага жыцця-быцця ды паслаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Галоўнае – з кожным днём раблюся мацнейшым. Хоць і з гумовым шлангам, праведзеным у плечы, і з бутэлечкай на баку, куды цячэ з яго непрыемная вадкасць, аднак я ўжо «хадзячы» і цераз плот з сябрамі выбіраюся часамі ў Познань[11]. Бываю ў заапарку. Аднойчы праніклі нават у оперны театр[12]. На сабе мелі піжамы, і нас пусцілі адно на галёрку[13].

21.VІІ.45г. Вечарам.

Маю шмат сяброў ці – не? Здаецца – не.

Камбрыг М. Вайцяхоўскі? Недастаткова з ім знаёмы. Тых двух-трох месяцаў, якія мы бачыліся ў партызанах, зусім мала. Па-мойму, у Мікалая Калістратавіча недаверлівасць яшчэ крыху захавалася. А дакладней – няяснасць у адносінах да мяне. Валодзя Арцюх. Ці не расстралялі яго немцы ў Баранавічах? Цалкам мажліва: гадоў з дзесяць сядзеў у польскай турме за камунізм...

Валодзя Калеснік. Які ён цяпер? Чатыры гады таму быў цудоўны. Крыху недахопаў трэба аднесці на рахунак яго гадоў (яму ж было ўсяго 19!) [14]. Шкада, не магу завязаць з ім перапіскі.

Ці сустрэнемся яшчэ калі?

Барыс Хведар – наўрад ці спаткаю калі.

Эма Навумаўна (Залкінд) [15]. У маім жыцці адыграла ролю ледзь не маці. Дзе яна?

Марозаў Міша з батарэі – выдатны. Але яго жыццё кроіць на іншы лад. У яго няма дружбы для ідэі.

Яфім (Паас) – малайчына!

Ледзь не забыўся ўпісаць Зіну, але і яна – з маіх лепшых сяброў[16].

Самая галоўная покуль што ў мяне – Маруся (Ліза Чапнік) [17] са сваёй групай. Праўда, усе яны крыху рамантызуюць дружбу. Часам і фантазіруюць залішне. Увогуле, яны служаць станцыяй у маім жыцці, куды заязджаю адпачыць маральна ды набрацца свежай сілы, каб рухацца далей.

Астатнія сябры – так сабе сябры, адно для забавы, правядзення часу, абмену інфармацыяй.

Толькі што атрымаў пісьмо з Дзернякова. Пытанне Любы вырашана канчаткова. Яго, як і тады – з Веркай Настусінай[18], вырашыла мама. За тое, што з грудзей маіх зваліўся такі цяжкі камень, я маме надта ўдзячны.

вернуться

9

У мяне было ўражанне, бытта мама брата любіць больш, і я надта раўнаваў.

вернуться

10

Захавалася копія таго артыкула. Перачытваючы матэрыял, цяпер мне няёмка – ён такі наіўны.

вернуться

11

Вайсковы шпіталь знаходзіўся ў Познані – супроць заапарка.

вернуться

12

Вядома, не пусцілі б і туды, але сярод нас знайшліся байцы, якія ў лютым тэатр бралі штурмам, і гэты аргумент білецёркаў пераканаў.

вернуться

13

Памятаю, ішла опера Манюшкі. Да таго дня я надта любіў песню – «Ой, Калі-іно, ой, еды-ыно, дзе-евчыно-о моя-а!..» Там са здзіўленнем даведаўся, што яна з оперы «Галька» і называецца не проста песня, а – арыя Янэка.

вернуться

14

З Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам мы пачыналі вучыцца ў Віленскай бел. Гімназіі, затым – у Навагрудскім педвучылішчы (1939-1941 гг.)

вернуться

15

Выкладчыца Навагрудскага вучылішча. Восенню 1940 г. Дамаглася на педсавеце, і мяне з І перавялі на ІІ курс педвучылішча.

вернуться

16

Я тады яшчэ не ведаў, што навагрудчанку Зіну Маслоўскую немцы расстралялі. З партызан паслалі ёй пісьмо, а гітлераўцы яго перахапілі.

вернуться

17

Былы кіраўнік антыфашысцкага камітэта ў Беластоку. Сёння – дацэнт педінстытута ў Разані

вернуться

18

гл. Падзеі ў дакументальнай аповесці «Пушчанская адысея»