Якраз стаяў цёплы чэрвень. У сакавітай зеляніне ад птушынага шчэбету ўсё аж шалясцела.
На Нёмане застылі рыбачыя чаўны.
На цвінтары бортнік—Клышавы Захар — агрубелымі, бы конскія капыты, рукамі няўклюдна сёк зломкам шаблі зацукрэлы мед для прадання. Маладзіцы з язычніцкай вёскі выклалі на свежыя капусныя лісты сыры, аладкі і яйкі — таксама прапанавалі свой тавар.
Аброслыя крыжаносцы паныла часалі з граніту пяціпудовыя кулі для князевай катапульты, зыркалі на людзей галоднымі вачыма ды з сумам выглядалі пасланцоў ад вялікага комтура з выкупам (бронзавая фігурка «Вадалея» XII стагоддзя з музея атэізму, мажліва,— вынік таго абмену).
Дружыннікі князя, пакінуўшы палонных адных, хваліліся адзін перад адным атрыманымі новымі кальчугамі: спрабавалі, ці кольцы вытрымліваюць удар пікі і вастрыя мяча. Князевы людзі цяпер былі пастрыжаныя і з голымі падбародкамі. Пасля таго як у сутычцы з яцвягамі ў Белавежы лясуны за борады звалаклі з коней і выразалі палову дружыны, князь строга загадаў ім стрыгчыся...
Манастырскія прыслужнікі з зайздрасцю палюбаваліся на турнір адчайных землякоў, пацешыліся над бруднымі крыжаносцамі, сунулі ім па сухарыку ды паранай рэпе і з вялікай неахвотай папляліся ў змрочныя муры.
Іпадзіякан тут да іх і падлізаўся:
— А ў вас, браткі, тады здорава атрымалася з хорам!.. Ану, ну, пакажыце шчэ раз сваё ўменне!.. Трахніце зноў, каб муры задрыжалі!.. Смялей, нікога няма!..
Паслушнікі і манахі, бы незаслужана пакрыўджаныя дзеці, раптам захацелі давесці сваё. Божую песню хор узяў з пад'ёмам на розныя галасы, стварыўшы адразу нечуваную ў такім месцы гаму гукаў.
Майстры былі прафесійныя. Сімфонія прагучала прыкладна так.
Густыя нізкія басы раптам узламалі прынёманскую цішыню. Да іх далучыліся галасы другія. Літая сіла розных па танальнасці гукаў панесла іх з нефаў і хору адны адным насустрач. Яны сутыкнуліся, зліліся ў акорды, ірванулі ў вышыню ды завіравалі пад купалам.
Сярод харыстаў знайшоўся чалавек з тонкім адчуваннем гармоніі — Косця Кныр, што ў сябе на вёсцы над Шчарай не прапусціў ніводнай дзеўкі, а на новым месцы — ты бачыш яго? — праслыў галоўным вальнадумцам і завадатарам! Трапяткое серабро яго дысканта адцяніла гарманічныя гукі, звязала іх ды панесла новы выбух і напал хваль, сатканых з дваццаці мужчынскіх галасоў, з'яднаных адным эмацыянальным парывам, змоцненых галаснікамі.
Цяпер гарманічны навал магутных гукаў вынесла на цвінтар і дзядзінец гудам званоў.
Хор чалавеку дае незямную асалоду, робіць яго спакойным і ўзнёслым, чулым і дужым, будзіць фантазію і сэрца яго перапаўняе жыццядайным і эмацыянальным зарадам. Як шчаслівым харыстам усяго свету, так і хлопцам з манастыра над Нёманам ужо здалося, што імі захапляюцца нават рыбакі ў чоўнах, палонныя крыжаносцы, рыцары, бортнік, бабы-язычніцы і — цэлы свет. У іх ад гонару і здаволенасці сабой распірала грудзі.
5.
Колькі працягвалася ў манастыры вольніца, не ведаю.
Вярнуўся службіст-настаяцель. Даведаўшыся пра ўсё, архімандрыт зноў узняў крык. Але крычаў цяпер мякчэй. Бо, выяўляецца, і на полацкім саборы гаварылася пра дзіўную з'яву: паслушнікі ды манахі — бытта згаварыліся, нібы пасяліўся ў іх д'ябал — усюды стараюцца цяпер спяваць на розныя галасы. I самыя мудрыя айцы цэрквы параілі не дражніць манахаў ды крамольнае спяванне сяды-тады дазваляць.
Аднак яшчэ поўна жыло заскарузлых кансерватараў, абсалютна ўпэўненых, што толькі ім вядома, як трэба спяваць, каб трапіць цераз слова да бога ў сэрца. Многія архірэі і архімандрыты не пераставалі сцвярджаць, што акорды — з'ява грахаводная і «богу па душы аднагалоссе народа хрысціянскага».
Нават у XIV стагоддзі, калі нотная форма цалкам, здаецца, перамагла ўжо, частка духавенства ўсё яшчэ ваявала з трохгалосым песнапеннем па той прычыне, што, маўляў, пры такім спяванні не разабраць багаслоўнага тэксту.
Права на шматгалоссе ў храмах паслушнікі ды манахі адваёўвалі на працягу трох-чатырох стагоддзяў.
У эпоху таго цемрашальства столькі ж часу, між іншым, бедных жанчын тэрарызавалі і барацьбой з вядзьмаркамі.
Міналі годы, стагоддзі.
I вось ужо прышчэпкі супраць воспы, тыфусу прабілі сабе дарогу гадоў праз сто.
Цяпер лютыя абаронцы старых канонаў паддаюцца яшчэ хутчэй. Тое ці іншае наватарства, глядзіш, прабіваецца на працягу і аднаго пакалення.