— Ну, ма-ам, не будзь тако-ой!..
— Хіба ж, сынок, мы з бацькам за сябе перажываем?! Унь які худы, як увесь счарнеў!
— Ад'емся, мамка. А чорны? На Поўначы ведаеш якія ультрафіялетавыя праменні? I кіньце вы бедаваць! Ведайце — мне там вельмі добра! Нават і не спадзяваўся, што аж так будзе! Поўнач не прамяняю ні на якія пальмы!.. О, прыедзь і сама паглядзі, як жыву!
Маці была сентыментальнай ды, як і належыць закаранелай гандлярцы, усюды бачыла адных ашуканцаў.
— Ста-асечак, сыно-ок, добра табе, то і нам з бацькам добра!— кабета ўжо расчулілася да слёз.— А ехаць у такі свет?.. Цяпер поўна жулікаў развялося, банды-ытаў — абкрадуць шчэ ці прыдушаць!
— Пра што ты гаворыш, ма-ама?! Гэтулькі ездзіў, дзе ні жыў, а ні аднаго жуліка ці бандыта не спаткаў!
— Бо ты ж маеш толькі дваццаць восем, ты шчэ ў нас зусім дурненькі, хоць і вучаны! Каб быў крыху разумнейшы, за нявесту не якуюсьці самаедку ўзяў бы, а выбраў бы тут, са сваіх!
Умяшаўся і бацька:
— Хіба жыццё табе ўратавала і ты зарок даў?
— Не, тату. Якраз разам з ёю многіх ратавалі мы. А гэта, кажуць, таксама збліжае — бы салдат на фронце. Ды і — я яе кахаю. Кахаю, і ўсё!.. Зрэшты, Тамара — залаты чалавек, самі пераканаецеся!
— Ну, ну. Пабачым, як доўга будзеш яе хваліць!..
Бацька жонку перабіў:
— Стась, калі вяртаешся?
— Праз тыдзень.
— Для чаго ж мы так стара-аліся і жы-ылы з сябе цягну-улі, каму ўсё гэта застане-ецца?!— з роспаччу кіўнула Вэра за акно, дзе яшчэ выгіналіся галіны ад былых яблык, белягцеў бетонам дагледжаны падворак, а ў гаражы горбілася новенькая «Ніва».— Калі так хочаш, жаніся сабе ўжо з ёю, але ж жыві ту-ут!
— Я, мама, там вельмі патрэбны,— уздыхнуў сын, не ведаючы, як абаіх і суцешыць.— Не забывай, твой сын — доктар. Нават клятву даваў!.. Паўгода таму мяне зрабілі яшчэ і галоўным урачом бальніцы!..
— Чаму так хутка назад? — вёў сваё бацька.
— Ведаеце, колькі сюды дабіраліся? Чатыры дні на аленях: прыпякала машкара і каюры гналі нарты на ўвесь дых, а то б валакліся праз тайгу шчэ даўжэй! Потым цэлы дзень тарахцелі на верталётах. Пяць сутак смажыліся ў поездзе з Новасібірска, бо нялётная была. Назад патрацім часу не менш, а трэба мець у запас хоць некалькі дзён — тайга гнусам ужо перакіпела, але на Поўначы зараз надвор'е псуецца. Цяпер складзіце ўсё разам і атрымаецца — цэлы месяц! Нас там недзе чакаюць не дачакаюцца. Той з пераломам, таго мядзведзь драў, той з унутраным крывацёкам... А кесарава каму рабіць?!
— Але ж пры чым тут мы-ы?!.— расплакалася маці.— Люу-удзі, паглядзіце, ад сваго рота адымалі, ніколі ўволю не паспалі, каб толькі ён жыў як чалавек, а цяпер родны дом для яго — бы той вакзал!.. А хто агароды скапае, парнікі на зіму падрыхтуе? Мы ж ужо знямо-оглыя... Усе хлопцы ў цяпле і выгодах уладкаваліся, дапамагаюць бацькам, а гэты дурань зноў у тую тайгу, у камарыльню прэцца!.. Чаму ты такі няўдачлівы, сынок, чаму табе больш за ўсіх трэ-эба? Мы, здаецца, цябе так не вучы-ылі!..
— Супакойся, мама, са мной усё ў парадку! — Сын вырашыў адцягнуць яе ўвагу на іншае: — Пераводы мае даходзілі рэгулярна? Кожны месяц пасылаў вам па сотні...
— Шчэ мо і папракаць імі станеш? То дзякуй, сын!.. Мы ні дня, ні ночы спакою з-за яго не мелі, унь які ладны выгнаўся, а ён прыслаў пару рублёў і ўжо вытыкаць збіраецца! — расчулілася Вэра зноў да слёз.— Лепш падумаў бы — старасць надыходзіць, а якія нас з бацькам чакаюць пенсіі? Бытта мы і не гаравалі ўсё жыццё, бытта на паноў працавалі! За што нам цярпець такую несправядлівасць? Трэ каб і ты цяпер тут заступіўся за нас — у гарвыканкоме, сабесе, міліцыі, домаўпраўленні ды паказаў ім, што і ў нас маюцца плечы, а не пёрся некуды, для чаго ж мы цябе гадавалі і вучылі? Чаму ты больш чужым спрыяеш і для іх стараешся? Будучы ў інстытуце, з хаты валачыў студэнтам, што мог, а стаў доктарам — таксама не да нас хілішся!
Сын ведаў: калі маці ўпадзе ў меладраматызм, не супакоіш і не апраўдаешся аніяк. Таму, хоць было і крыўдна, больш яе не квяліў.
Што ж, Станіслаў не мог сказаць, каб маці для яго сапраўды не старалася. Толькі з вышыні пражытых ім гадоў яе клопат цяпер выглядаў вельмі наіўны.
«Уздумаў палётаць? Ты не сын багацеяў — марш дамоў!»
«Ні з кім не сябруй, бо трапіш пад дрэнны ўплыў і паса-дзяць у турму!»
«Не прыводзь нікога ў дом — нас абчысцяць!»
«Не гультайнічай! Бяры лепш матыку і дапамагай бацьку зарабляць грошы».
«Чаму аж так доўга вучаць у інстытуце, калі ты ўжо яго скончыш?!.»
Станіслаў-студэнт прынёс аднойчы кніжку пра Дзюма. Пагартаўшы томік, маці трапіла вачыма на абзац, дзе Дзюма-бацька хваліўся, што пакінуў на свеце аж 500 няшлюбных дзяцей. Яна жахнулася — прачытае сын і адразу сапсуецца! Кніжку накрыла каструляй, а потым паперла кідаць у Нёман. Выпадкова сын яе перахапіў ужо каля самай рэчкі...