Паўпанкі за сваю службу атрымлівалі грошы, якія майму бацьку і не сніліся. Пры тым беспрацоўі ды нацыянальным ціску мяншынстваў урад «палкоўнікаў» фактычна трымаўся на гэткіх кітах. Куды заглядваў «сіквістратар», там былі слёзы і гора. I з нашай хаты, за няўплату падаткаў, гэткі ягамосць забраў мяхі насеннага збожжа, сячкарню, звойцы кужалю ды шаляноўкі, прывезеныя мамай з бежанства.
Мінуў страшэнны землятрус, столькі ўсе перажылі, а гэтыя тыпы так нічому і не навучыліся. Падумаць толькі: уедлівы інтэлігенцік з кароценькімі вусікамі на Фарштаце і цяпер мне даводзіў, што перад вайной ніякіх беспрацоўных не было, а — лодыры, якія прызвычаіліся жыць на дапамогу магістрата, таму работы яны нават не шукалі.
Мяне разабрала злосць. I тут я заўважыў, што знаходжуся супраць будынка, абвітага дзікім вінаградам, дзе па-восеньску ўжо цвыркалі мільёны вераб'ёў. Гэта і быў педінстытут.
Прачытаў аб'явы аб прыёме. Ці не паступіць у яго? Да настаўніцтва не цягнула, але ўсё ж такі — якісьці ратунак.
Прайшоўся па калідорах педінстытута.
Замест выбітых шыбаў — фанера. Так пякло сонца, а ў будынку — сцюдзёна, сыра. Вырваныя з сшытка ды прычэпленыя на «жывую нітку» паперкі з аб'явамі пра сходы, пасяджэнні, згубленыя кніжкі і абмен падручнікаў.
Заглянуў у аўдыторыю.
Хударлявы чалавек з ордэнскімі планкамі на выцвілай гімнасцёрцы чытаў з-за кафедры лекцыю. Перад ім — паўтары сотні студэнтак. Усе гладкія, сытыя, дагледжаныя, з моднымі прычоскамі, у шыкоўных, накінутых на плечыкі, летніх палітонах. Рабілі выгляд, што слухаюць лектара, а на самай справе вязалі сабе світэры і панчохі, нават вышывалі, чыталі раманы. У крайняй студэнткі на рукаве — вузенькая стужка з чорнага шоўку...
У мяне кепскі настрой — усё бачу ў крывым люстэрку.
Ага, менавіта ў такіх цэлага паўгода жыў мой камузвода ў сорак другім. Сям'і, што яго хавала, жонка Пятра Лісіцына плаціла па цвёрдай таксе—100 марак у суткі. Кабеціна жабравала, клянчыла перад знаёмымі і незнаёмымі, аж на сценку лезла, каб дабыць праклятыя «рэйхсмаркі», а для гаспадароў — бізнес. Затое — унь які габардзін на іхніх дзецях, якая сытасць, які шык. I чорная стужачка, напэўна, з-за таго, што сваячніца студэнткі памерла ў ложку сваёй смерцю...
Дырэктар інстытута (тады называўся так рэктар) ахвотна мяне прымаў на першы курс без экзаменаў. Сеў я пісаць заяву, а ён, узрадаваны, даваў першае заданне: зняць з лекцыі дзяўчат ды ехаць у лес па дровы, каб было чым зімой паліць інстытуцкія печы. Тут я ўспомніў паненак у габардзіне ды жахнуўся: мець справу з такімі фіфамі? Лепш павесіцца.
Крочыў я з інстытута сам не свой. Цярпець не магу лініі найменшага супраціўлення. Па натуры я такі, што самая простая праблема здаецца мне складанай, а складаная — простай. Люблю прымаць выклік лёсу, мэты ставіць перад сабой бытта недасяжныя — каб аж вочы на лоб лезлі ад натугі, ныраць у невядомае, гарэць рызыкай: тады адчуваю раскошу, не параўнаную ні з чым.
Яшчэ зусім нядаўна ўсё гэта я меў.
У партызанах кожны дзень, кожную хвіліну рабіў, што прагнула душа. Сам сябе ставіў у сітуацыі, якія напаўнялі дрыжыкамі страху, рызыкі ды творчага гарэння. Мяне, камандзіра атрада, мучылі праблемы, якія вырашаць выпадала толькі самому. Ламаў галаву, дзе лепш падвартаваць ворага, куды ўцякаць пасля засады, як закласці міну, як перавалакчы ад хутара Урублеўскага цераз шашу снарады, не трапіўшы на правакатара, дзе схаваць людзей і здабыць для атрада мяса, дзе трымаць, каб не сапсавалася, як улагодзіць хутараніна дзядзьку Салвеся за боты, што ноччу хлопцы забралі ў яго Нінкі; гадаў, ці не адсырэлі патроны — сувязны ўчора прывалок, а мы іх не праверылі; калі вёў хлопцаў ноччу праз незнаёмы лес міма гарнізонаў, такое бывала напружанне, што ўва мне абуджаліся інстынкты першабытнага чалавека. Ха, узнікалі нават праблемы інтымныя. Жанілі маладую пару, а назаўтра нявеста мне і заяўляе:
«Камандзір, мы развяліся. Інвалід. Асколак яму... Дзяцей з ім быць не можа, а муж такі мне непатрэбны. Як цяпер нам сустракацца ў адным атрадзе?..»
А зараз ад мяне — інспектара сацыяльнага забеспячэння — усяго і патрабуецца: зайсці да незнаёмага чалавека, паглядзець, як жыве, заяву яго падшыць да справы і, бы кажуць бюракраты, даць паперкам ход.
Не мужчынская гэта справа — так і дзіця зможа. Сваё партызанства ўспомніў як знаходжанне ў раі. Не хапала сілы волі, каб пераадолець у сабе нейкі псіхалагічны бар'ер ды вярнуцца, нарэшце, на службу.