Выбрать главу

Цэлую ноч пілі мы французскі лікёр, і ён мяне слінявіў.

Раніцой прачынаюся, а гэтая свіння — храпе ў мяне пад пахай. Успомніла вашага культурнага хлопчыка, размову з ім па дарозе з Налібокаў, яго наіўную закаханасць семінарыста, прыпомніла ўсё сваё мінулае — і стала сама сабе агіднай. Прыдумала сабе кару: загінуць менавіта ад сваіх ды так, каб мае паганыя вочы гэтую смерць да апошняга моманту назіралі.

Заўтра — трыбунал. Ведаю, нават кулі пашкадуеце смярдзючай падле. Перад атрадамі на паляне маю галаву пакладзяце за кудлы па пень і — сякерай! Але ж я гэтага вартая».

«Гм, калі адумалася!.. Кавалевічу б хоць яду падсыпала!»

«Залёгкая для вылюдка такая смерць! Уцякла з гарнізона да вас — і СД напэўна з ім зрабіла тое самае, што з вашым Віктарам! Кавалевіч чакаў якраз адпачынку — ха, водпуск яго пагарэ-эў!..»— ад злоснай усмешкі зялёныя вочы і белыя моцныя зубы бліснулі такім помслівым здавальненнем, што мне зрабілася нават страшна.

Трагічную гісторыю з Рыжай, як сумны жудасны сон, прыпомніў я мімаходам і толькі для парадку, бо не меў ужо сілы вырвацца з-пад абаяння незнаёмай ды толькі сябе слаба пацешыў: чым цяпер рызыкую? Людзі павінны адны адным верыць, інакш — што ж яны за людзі?

Размаўляючы са мной, спадарожніца ўсміхалася не так вуснамі, як усім нутром, і было такое адчуванне, што ведае ўсе мае турботы, шкадуе і тоіць для мяне гаючыя лекі, а паміж намі няма ніякіх перашкод сарамлівасці, якія я заўсёды адчуваў паміж сабой і жанчынамі.

Незнаёмая мела хвалістыя светла-русыя валасы, гладкі лоб, белыя, як светлыя фасолінкі, зубы, далікатную скуру на твары і моцнай шыі ды жывыя сінія вочы. Яна аж ззяла сваёй жаночай плоццю. Такіх прывабных жанчын я не спатыкаў і толькі здагадваўся, што недзе, напэўна ж, існуюць, ды падсвядома іх чакаў. Адчуваючы сябе вахлаком, меў толькі адно жаданне: не спужаць гэты цуд.

Мы ўсё ішлі. Не памятаю, пра што далей гаварылі, бо не гэта было важным. Самае галоўнае — яна не зводзіла з мяне ласкавага позірку, які і далей меў дзіўную ўладу. З прамяністых сініх вачэй на мяне ішло жаданае цяпло, у голасе адчувалася ласка, ад чаго аж замірала маё нутро. Было ўражанне, што два месяцы інспектарства, гады партызанства, усё жыццё чакаў я менавіта гэтай інтанацыі голасу, прамяністай ласкі гэтых мілых вачэй і рос для спаткання менавіта з гэтай асобай у светлай сукеначцы з васількамі: для яе зараз я — нявольнік, гатовы на ўсё.

Яшчэ гадзіну таму скажы мне хто, што я, прайшоўшы агні, воды і медныя трубы, імгненна закахаюся, бы той самы семінарыст у асобу, якой нават і не ведаю,— я б пасмяяўся. А вось, не бачачы ўжо нават белага свету, за такой незнаёмкай ішоў, поўны радасных дрыжыкаў і шчаслівага чакання.

3.

I сілай, бывала, мяне не завалачэш на кватэру да дзяўчыны. На гэты раз без супраціўлення пайшоў нават да незнаёмай. Крочыў, бытта мяне туды нешта гнала, бытта баяўся спазніцца.

Жыла яна ў глухой вулачцы са старымі мураванкамі. Таўсцёрныя сцены, невялікія вокны. Тры пакоі з шыкоўнай мэбляй. На сталах, століках, камодзе і этажэрках — сурвэткі са сланамі і вазамі, у іх красаваліся півоны ды парыжэлыя лісты клёна.

На кватэры мы засталі нейкага старога, і мая спадарожніца разгубілася. Але толькі на секунду.

— Сядайце, калі ласка!—гэтак жа прыязна запрасіла мяне, падаючы табурэтку, а яе добразычлівая ласкавая ўсмешка мяне пакарыла яшчэ раз, і я зноў адчуў, што паміж намі няма ніякіх бар'ераў.

— Дзякуй...

У суседнім пакоі нізкарослы стары спрабаваў напяліць накрухмаленую кашулю ды нязграбнымі пальцамі зашпільваў пад барадой прыстаўны каўнерык. Чалавек меў зморшчаную шыю і сухі кадык, які бывае ўжо ў пяцідзесяцігадовых і нездаровых мужчын. Убачыўшы мяне, стары насцярожыўся. Я ўсё знаходзіўся пад уплывам чараў незнаёмай, і прысутнасць дзядзькі яшчэ да мяне не даходзіла.

Сімпатычная спадарожніца пасадзіла мяне сярод пакоя. Нічога не кажучы, пайшла да акна ды рассунула гардзіны. У гэты момант дзядзька гукнуў:

— Люся, зашпілі!

Толькі цяпер у маёй партнёршы мільгануў на твары цень нездавальнення. Яна нібы зняла з твару павуцінку ды ўспомніла: а, гэтая ж зараза тут! — ды пайшла да яго. Было такое ўражанне, бытта нам папсаваў хто чароўную песню. Агарнула трывога.

Цяпер са сваёй табурэткі, не падымаючы нават вачэй, адчуваў я кожны рух незнаёмага.