Каўнерык яго толькі што накрухмаленай кашулі чапляўся спецыяльнымі гаплючкамі. Мне вядома гэтая сістэма. Дробныя панікеляваныя штуковінкі і маладымі пальцамі не надта хутка зачэпіш, а для смарчка з яго грэбзамі — цэлая праблема. Але да яго лёгка падышла мая спадарожніца, дакранулася да металёвых бліскучак — і чалавек ужо ўзяўся завязваць гальштук.
«Хто гэта?— губляўся я ў здагадках.— Няўжо — муж?!. Не-е, застары для такой!» Аднак...
Дзе тады ў іх ложак? У тым пакоі — канапа. Адна? Толькі адна, здаецца. Невядома, ці рассоўваецца... У трэцім пакоі — піяніна, шафы з кніжкамі...
Усё незразумелае. Ясна адно — хто тут гаспадар. Пакоі цяпер здаліся надта чужымі і непрыемнымі. Іх перапаўняла масіўная мэбля ды чырвоныя дываны. Яшчэ я адчуў нагамі — дываны ляжаць на падлозе ў некалькі слаёў. Выглядала на тое, бытта людзі звалаклі дабро ў тры пакоі, покуль пераехаць на новую кватэру, так яго трымалі.
Гаспадыня вярнулася да мяне ўжо як бы меншая ростам, паблеклая, і ў ёй бытта выключылі тое самае чароўнае святло. Адразу са мной загаварыла. Зноў гаварыла так, бытта нас не слухаў ніхто трэці, як бы спяшалася выкласці. ўсё, што накапілася на душы.
Неўзабаве я і даведаўся: яна — жонка савецкага лётчыка. Пажыла з мужам усяго тры месяцы, ды лейтэнант загінуў у першы дзень вайны, калі на аэрадром за горадам паваліліся «месеры». На гэтай кватэры і праіснавала акупацыю: цярпела, выкручвалася, рабіла, што магла.
— А-а!..— як мага больш спачувальна пашкадаваў я хлапца, недзе свайго равесніка.— У паветраным баі загінуў?
— Нават падняцца не паспеў!.. Тады мала хто ўцалеў з лётчыкаў. Вельмі ім не пашанцавала. Узлётную паласу разбамбілі і расстрэльвалі лётчыкаў ды іхнія машыны, бы на палігоне. Супрацьпаветраная абарона мела шэсцьдзесят чатыры ствалы, але снарадаў — на дзве гадзіны. З шостай раніцы дваццаць другога чэрвеня фашысты ўжо лёталі, як хацелі.
Па яе суму, лёгкасці, з якой вымаўляла тэрміны, што мелі сувязь з авіяцыяй ды супрацьпаветранай абаронай, было відаць — у гэтым маладзічка ведала толк, хвалюе яе гэта і цяпер.
Покуль мне так апавядала, малы і зморшчаны дзядзька ў суседнім пакоі прабурчаў чагосьці другі раз. Агорнутая горкімі ўспамінамі, маладзічка яго не чула. Чалавек павысіў голас:
— Людміла, глухая? Мы — познімся! Толькі тады яна пакорна пайшла.
— Хочаш, каб пра ўсё расказаў? — напаў ён ужо ўпэўнена.— Гэта — мо-ожна!
Асмялеўшы, гаспадар цяпер клікаў Людмілу часта: прынясі тое, прынясі гэта, ідзі і патрымай, вазьмі іголку. У голасе яго ўсё мацней і мацней чуліся ноткі абуранай нездаволенасці, ад чаго маладзічка панікла зусім.
А мне зрабілася ніякавата. Прыйшлі на памяць першыя месяцы акупацыі.
У акружэнні тады заставаліся нашыя байцы, і разбітныя ўдовы лавілі момант — прыдбалі сабе прымакоў, часта — на шмат гадоў за сябе маладзейшых, яшчэ і адукаваных. Якія тады казусы не здараліся!
Перада мной выпадак, дзе ўсё — наадварот?! — кранула здагадка. Жонцы савецкага лётчыка не так было проста ў горадзе ўтрымацца. Гэта яе мецэнат? Мажліва, яшчэ і з мясцовых немцаў. З тых, што унь і зараз у кіёску просяць «Neues Deutschland».
У суседнім пакоі стары смарчок зноў нечым выгражаўся, а я сядзеў, як на гарачай патэльні. Чакаў, калі яна не выцерпіць здзеку ды пакліча мяне на падмогу, альбо павысіць голас на гэтага куркуля, каб можна было заступіцца? Мажліва. Але прычыны ўмяшацца так і не надарылася: новая знаёмая стала зусім ціхай ды пакорлівай.
I вось настаў момант, калі я цалкам прачнуўся ад салодкага сну ды зразумеў, хто ў доме гэтым лішні. Давялося ўстаць і, нічога не гаворачы, накіравацца да дзвярэй.
Ніхто мяне не затрымліваў. Яна не выйшла нават з другога пакоя, каб правесці.
4.
На работу я ўсё не вяртаўся.
Расстроены ўпічэнт, даходзіў ужо да ракі, калі раптоўна ўзнялі вэрхал зеніткі. Да поручняў моста збягаліся людзі, задзіралі галовы. Нямецкія самалёты?! Толькі цяпер спахапіўся: фронт жа за Нарвай — усяго сто дваццаць — сто пяцьдзесят кіламетраў адгэтуль, дзівіцца якраз трэба з таго, што да сённяшняга дня яны над горадам не паказваліся.
Задраў і я галаву ды паўзіраўся, што дзеецца наўкола.
Па небе нейкімі зігзагамі, бытта яго тузалі за вяровачку, насіўся разведчык — высока, кіламетраў з пяць. Вакол самалёціка рваліся снарады. З-за адлегласці выбухі здаваліся маленькімі крупінкамі, бы галоўкі ад рассыпаных запалак, затое натыкана было іх у нябеснай сіні — сотні. Што ж, цяпер немцам не чэрвень сорак першага, зенітчыкі снарадаў мелі ўдосталь, а страляла па іх добрая сотня «ствалоў». Нават здзівіла: дзе ў нас зеніткі стаяць, іх жа, здаецца, і не відаць было.