Тайна далёка – гэта там, на краі зямлі, дзе зямлі канец, дзе яна абрываецца ўступам, на які яшчэ не ступала нага чалавека. Толькі паткнецца ён туды нагой і – расхінецца новы, невядомы свет. Блакітны і ружовы, шчаслівы. Але як, як да яго дабрысці, да гэтага краю зямлі? Як даведацца таго запаветнага слова: прыдумаць яго самому, падслухаць дзесьці, прысніць? Што для гэтага трэба рабіць? Жадаць? Дык ён і так жадае, што больш нельга: памерці можна. Лецечка прыслухоўваецца да сябе і адчувае: можна, можна памерці ад непамернага жадання. Што ж рабіць, што ж рабіць? Прасіць кагосьці? Ведаць бы – каго. Капаць у зямлі? Зноў жа, дзе? Не спаць ноччу? Спрабаваў. Спаць дзень і ноч? Спрабаваў. Біць каменне, шукаць у каменні? Біў, нічога не выбіў. Магчыма, гэтае слова і тайна ў сэрцы якой-небудзь птушкі, а мо ў яго ўласным сэрцы, а мо ў старым замшэлым пні, у карэнні ці ў вершаліне векавой хвоі. Не ўгадаеш, не ўгадаеш – дзе. Думаць трэба, думаць і ўяўляць.
I яму падабалася думаць і ўяўляць. Мо хто лічыць, што гэта адно і тое ж: уяўляць і думаць, для Лецечкі ж гэта ўсё па-другому. Ён яшчэ не ведаў як трэба нічога на свеце, а ўжо ўяўляў сабе ўсё. Глядзеў на неба, бачыў у небе самалёт і ўяўляў, як і сам ён, нібы птушка, у небе, уяўляў сябе лётчыкам. А думаць і ўяўляць адначасова навучыўся зусім нядаўна, мо тады, калі Сучок сказаў яму пра смерць. Вось тады Лецечка ўявіў сабе спачатку дзетдом, усе тры карпусы, канюшню, сажалку, Лену Лазу, хлопцаў на дзетдомаўскім падвор'і, сонца ў небе. I асобна, крыху наводдаль ад усяго гэтага, тайну. Тайна нагадалася яму на гэты раз у выглядзе звычайнага ляснога арэха.
Была тайна, усё было, а яго, Лецечкі, ужо не было. I яшчэ Лецечка ўспомніў, што ў яго з Ленай Лазой калі-небудзь там, у будучым, павінны быць дзеці. А адкуль яны возьмуцца, калі цябе ўжо не існуе. Вось узяць, напрыклад, яго самога...
I тут у яго закалодзіла: ну і што – узяць яго. Адкуль ён сам узяўся? Наогул, ясна адкуль, не маленькі. Зразумела, не з капусты, зразумела, не бусел яго ў дзюбе прынёс... А ўсё ж адкуль ён такі – як ёсць, і яшчэ – навошта, дзеля чаго? Нарадзіла яго на свет маці. А што гэта такое – маці? Цішыня, пустэча была яму за гэтым словам, якісьці туман: бацька, матка... 3 чаго гэта толькі ён сам? Па батаніцы праходзілі, памятае ён яшчэ і сёння пытанне Ваські Козела аб тычынках, песціках і рыльцах... Памятае пунсовую разгубленасць маладой выкладчыцы. Сорам і брыдота. I з гэтага сораму, з гэтай брыдоты, так выходзіць, з'явіўся і ён. Чаму ж яму не сорамна было з'яўляцца, чаму не сорамна было бацькам? Ну, адсеклі б яны сабе на руцэ па пальцу, усё ясна, балюча, а не сорамна. Прыгожа нават. А так...
Але менавіта так, праз гэта ідуць усе на белы свет, праз «сорам, брыдоту». Урэшце, што тут зробіш, калі такая завядзёнка. Урэшце, з гэтым можна, не, не звыкнуцца, – гэта можна вытрываць. Справа тут у іншым.
Усё на зямлі разумна, усё па ланцужку ідзе, і ва ўсім сваё прызначэнне, свая мэта: каровы даюць малако, мяса, бык... бык патрэбен для таго, каб былі каровы, жыта – каб было пад бок гэтым каровам, каб людзі не галадалі, і г. д. Нічога лішняга, непатрэбнага. I загадзя вядома: што, навошта. А ён, Лецечка, не ведае аб сабе нічога: ні хто ён, ні адкуль, ні навошта. Аб чым думалі бацькі, калі пускалі яго на белы свет, і ці былі яны, мо ён ад пальца пайшоў, мо ад палацяў у той чорнай хаце нарадзіўся – хто яму адкажа на гэта?
I стала Лецечку да немагчымасці няўтульна і сумна жыць на свеце. Адышлі крыўды, што нанесла яму выхавацельніца, глупства, дробязь. Больш крыўдна было іншае: не паспеў нарадзіцца, а ўжо нібыта пракляты кімсьці, за якія грахі? Не паспеў нарадзіцца, не паспеў нічога спазнаць аб сабе, а ўжо, гавораць, час паміраць: дзень добры, дрэва, я дзед-мароз. Яму адкрытыя ўсе дарогі, ён малады гаспадар жыцця, а ён не ведае такой драбніцы, драбязы: што ён такое ўрэшце. Выхавацельніца ахрысціла яго Маўглі, і мянушка ўжо прыляпілася да яго, а ён не ведае нават, што за звер такі гэты Маўглі. Тэлеграфнаму слупу і то лягчэй, стой сабе, як слуп, талерачкі ўніз, трымай дрот, гудзі. А яму, Лецечку, загадана шырока крочыць па жыцці і не быць абыякавым. Адкуль пачынаць жа, у чый крок лучыць? Дзе і ў каго шукаць адказу на гэтыя пытанні? Хто той чалавек, які аслабаніць яго памяць ад мінулага? Чаму ён памятае ад мінулага толькі палаці? Бязглуздзіца, але ж ён увесь у палацях, і да таго, як прыйшлі салдаты ў чорную, курную хату, памяць яго – белы ліст паперы, таму яна, як сведчыць характарыстыка, якую ён атрымаў разам з атэстатам, і такая багатая – няма ў ёй мінулага. Няма ў ёй Колькі Лецечкі. I з яго такі Лецечка, як з таго ж тэлеграфнага слупа хвоя. Няма і ніколі не было на свеце ніякага Мікалая Мікалаевіча Лецечкі. I якім здзекам гучаць словы з той жа школьнай характарыстыкі аб багатай памяці. 3 чым можна тады параўнаць бедную памяць?