Выбрать главу

«Хто ж я такі ёсць?»–звярнуўся да сябе Лецечка. Аціх, прыслухаўся да сябе, чакаючы адказу, напінаючы, ірвучы памяць, як конь ірве настроні. Але надрыўна толькі тахкала ў грудзях сэрца. I ні ў сэрцы, ні ў памяці адказу на гэтае пытанне не было. Тады ён звярнуўся да зямлі, якая, па словах Сучка, клікала яго да сябе і якой ён пабойваўся ўжо:

– Адкажы ж мне, зямля, адкуль я ёсць і пайшоў? – крыкнуў ён і тупнуў нагой, увагрэў зямлю чаравікам, таму што яна маўчала, не жадала адказваць.

– Фігу ж ты мяне дачакаешся тады, зямля, – сказаў Колька. – Пакуль аб усім не даведаюся, не ўбачыш ты мяне. Крычы цяпер, кліч мяне... – I Лецечка пайшоў у ізалятар, да бадзёрых ужо і свежых Козела і Дзыбатага. I сам ён быў бадзёры і свежы. Рана яму яшчэ было думаць аб смерці, хаця ўжо і прыйшоў Іван Купельнік, і паспелі суніцы ў лесе па ўзгорках, і вытыркнуліся першыя грыбы-каласавікі.

Ён ведаў пра гэта, хаця яму ніколі не даводзілася ў сваім жыцці збіраць тыя суніцы і грыбы. Ведаў шмат пра тое, аб чым не павінен быў ведаць, з чым да гэтага часу не прыходзілася яму сустракацца. Іншы раз сам з сябе дзівіўся: адкуль толькі што бярэцца ў галаве? Чаму яна на адно такая пустая, а на другое... I пад зямлёй не схаваць ад яго гэтае другое. Дзівіўся, пакуль выпадкова не падслухаў размову ўрачыхі і бабы Зосі. Баба Зося скардзілася ўрачысе, што ён, Лецечка, апошнім часам зрабіўся якісьці нетакі, праніклівы, бачыць нябачнае, чуе нячутнае. I яшчэ яна сказала, што гэта прыкмета нейкая нядобрая. Урачыха пацвердзіла, што так, нядобра гэта.

– Але што зробіш... Усе яны адтуль такія ў шаснаццаць-семнаццаць гадоў... Век іх такі, шаснаццаць-семнаццаць гадоў...

У прыкметы Лецечка не вельмі верыў, а ў тым, што ён не такі, як усе, асаблівай навіны не было. I яго не вельмі засмуцілі словы ўрачыхі пра век, не былі ўжо і яны ў навіну. Але ён спадзяваўся, спадзяваўся... Да таго ж яму спадабалася гэта – чуць нячутнае, бачыць нябачнае. Ён жадаў гэтага, праг незвычайнага, магчыма, дзесьці за гэтым незвычайным ёсць і паратунак. I цяпер Лецечка спяшаўся ў ізалятар: мо там, пакуль яго не было, адбылося што-небудзь незвычайнае.

III

– Добрай раніцы, Лецечка-авечачка, – пяшчотна прапела, стрэўшы Кольку ў калідоры, баба Зося. Колька ад нечаканасці пераблытаў, якой нагой ступаць: адкуль гэтыя цялячыя далікатнасці, якая ён бабе Зосі авечка? То слова ад яе добрага не пачуеш. Ходзіць сабе, гугнявіць у нос, нібыта яны, Лецечка, Козел, Дзыбаты, у пакаранне ёй дадзены, ці па-зладзейску, цішком корпаецца ў сваёй скрыні, перакладае з месца на месца зжоўклыя паперкі, пакрыўджана цыруе ўсялякае рыззё. І ці бачыць яшчэ што-небудзь, акрамя гэтага рыззя, не зразумееш.

Не зразумееш, хто яна і ў дзетдоме: нянька, медсястра, цётка, бабулька ці то дзетдомаўская маёмасць накшталт тумбачкі, ложка. Колькі памятае сябе Лецечка, заўсёды яна жыла ў дзетдоме. І была ў ёй якаясьці тайна. Магчыма, гэтую тайну прыплялі да яе самі «недаробкі». Яны ў сваёй ізалятарнай адасобленасці былі здатныя на пляткарствы, на прыдумку, таму што не прызнавалі абыдзёнкі, пазбягалі абыдзёнкі. Абыдзёнка была іх жыццём, а яны ў ім прагнулі незвычайнасці.

Баба Зося была для Лецечкі не проста бабай Зосяй, сухенькай ружовашчокай бабулькай са жвавымі вочкамі, густой сівізной, яна была коласаўскай шляхетнай пані Ядвісяй з трылогіі «На ростанях». Усё ж супадала – бабе Зосі было цяпер прыкладна ж столькі год, колькі магло б быць і пані Ядвісі, была яна, баба Зося, колісь, пэўна, і прыгожая. Што стала з Ядвісяй пасля яе кахання да Лабановіча, невядома, невядома, што было і з бабай Зосяй да гэтага часу. Хутчэй за ўсё тое было і стала, што яна ёсць цяпер. Хіба ж яна магла пакахаць каго-небудзь пасля Лабановіча? На тое ж, што бабу Зосю ўсё ж завуць Зосяй, а не Ядвісяй, не зважалі. Змяніла імя, і ўсё. Не захацела адкрыцца, не захацела, каб людзі наракалі, што адвергла каханне Лабановіча, лічы, самога Коласа, таму што, усім жа вядома, Лабановіч – гэта, лічы, і ёсць Колас. І баба Зося-Ядвіся хадзіла, блукала па свеце, перажывала, што яна была дурная. А потым прыбілася да дзетдома і дзетдомаўцаў. А маўчыць аб сабе, дажывае свой век, думаючы пра сваё першае каханне. Чытае пажоўклыя запіскі, якія пісаў да яе Лабановіч, а мо і сам Колас, ходзіць па калідоры, бурчыць на Лецечку, Козела, Дзыбатага, грэбліва падбірае тонкія вусны.