Выбрать главу

За знаёмства з Лабановічам, за любоў да яе Коласа-Лабановіча – а ўсё гэта было бясспрэчна, стала бясспрэчным, як толькі яны дадумаліся да гэтага, – Лецечка, Козел, Дзыбаты даравалі бабе Зосі ўсё: і сцятыя вусны, і бурклівасць, і прамую да іх варожасць. Больш таго, мо менавіта за гэта яны і любілі яе.

А трэба сказаць, што па-за сценамі ізалятара баба Зося асаблівай павагай не карысталася. Быў за ёй грэх, любіла яна сёе-тое і пераказаць дырэктарысе аб хлопцах. Але і Лецечка, і Козел, і Дзыбаты не зважалі на гэта, і ў сваім ізалятарным жыцці яны стварылі, «вылепілі» сваю бабу Зосю, ні ў чым не падобную да той, якой была яна ў сапраўднасці, якой ведалі яе іншыя. У картовай, як і ўсе дзетдомаўкі, рудой сукенцы, у хлапчуковым, таксама казённым, пінжачку, у казённых хлапчуковых чаравіках яна была для іх сваёй, дзетдомаўскай, свой хлопец – баба Зося, і яны абыходзіліся з ёю, як са сваёй. Але варта было бабе Зосі скінуць з сябе кургузы дзетдомаўскі пінжачок і апрануцца ў блакітную, цёплую, з трусінага пуху кофту, белую з таго ж пуху касынку, як гэтая свойскасць тут жа страчвалася, яны шукалі і знаходзілі ў бабе Зосі сляды былой прыгажосці, шляхетнай ганарлівасці і стрыманасці. I яны ўшаноўвалі яе і за гонар, і за стрыманасць, і за строгасць. Такая яна была звычайна з раніцы. А гэтай раніцай з ёю адбылося штосьці незразумелае. У касынцы, у кофце – пры ўборах, і на табе – пяшчотнасць ды лагоднасць: «авечачка».

– 3 чаго ета ты на сябе не падобная, хоць да раны цябе прыкладай? – асмеліўся, спытаў бабу Зосю Колька, у нерашучасці тупаючы па падлозе, сцяўшыся ад дзёрзкасці сваёй. Баба Зося пачула гэтую дзёрзкасць у яго голасе, здзіўлена і шырока раскрыла вочы, і зноў у гэтых вачах прамільгнула штосьці даўняе, шляхетнае, ганарыстае. Але баба Зося хуценька прытушыла бляск у вачах.

– Ідзі прыбірай караваць, дзіцятка, – загадала яна Лецечку, але загадала зноў жа без строгасці, і Колька пайшоў, недаўменна пацепнуўшы плячыма, гадаючы сам сабе, што такое сталася сёння з бабай Зосяй.

Козел і Дзыбаты сустрэлі яго стрымана. Ім ужо даўно былі не даспадобы гэтыя раннія ўставанкі Лецечкі. То жылі мірна, дружна, разам клаліся, разам засыналі, разам уставалі, а тут раптам Лецечка стаў штосьці выкаблучвацца, аддаляцца ад іх. Але ні Козел, ні Дзыбаты, зразумела, уголас аб гэтым нічога не сказалі, ды Лецечка ўсё скеміў і па іх маўклівасці. І сам загаварыў аб іншым, аб тым, што было незразумелае яму.

– Баба Зося заходзіла да нас?

– Заходзіла, – адказаў Козел, – і вельмі злавала, што зноў знік кудысьці.

– Не перабольшвай, – не даў Козелу схлусіць Дзыбаты, – запытала толькі, дзе ты ёсць.

– Запытала толькі, – ускочыў з крэсла і пабег па пакойчыку Козел, пабег круга ложкаў, круга прыбранага ўжо, са свежым настольнікам, стала, на якім па-сірочы блакітнелі незабудкі, што баба Зося паставіла яшчэ ўчора, спыніўся каля Колькі.

Але Колька рабіў выгляд, што не бачыць Козела, не адрываў вачэй ад незабудак, якія здаваліся ў іх аднатонным белым жытле не толькі іншароднымі, а нават і выродлівымі. Трывогай павявала ад іх шклянога блакіту. Колька не вытрымаў, абышоў Козела, зняў са спінкі свайго ложка чорныя, з бліскучай стальной дужкай радыёнавушнікі, паклаў іх каля шклянкі з кветкамі. І кветкі ажылі, але для раўнавагі яшчэ чагосьці не хапала. Лецечка азірнуўся, шукаючы гэтага чагосьці. Козел апярэдзіў яго, грэбліва, адным пальцам, падчапіў навушнікі за бліскучую дужку і павесіў на ранейшае іх месца. Колька ўсміхнуўся: Козел бачыць, як і ён, Лецечка, толькі баіцца быць шчырым.

– А цяпер пагаворым шчыра, – сказаў Козел, звярнуўшыся да Лецечкі.

Але гаварыць шчыра Козелу перашкодзіла баба Зося. Яна ўвайшла ў пакой і паставіла на стол каля кветак двухлітровы глёк з малаком. Глёк поўны-поўненькі, з коптурам белай пены. Колька ўзрадаваўся, але не малаку, а нечаканаму з'яўленню бабы Зосі, якая пазбавіла яго ад размовы з Козелам. Яшчэ ўчора ён быў бы рады і малаку, але сёння штосьці ўжо занадта прыхільная да яго баба Зося. У будзень малака прынесла. А мо свята якое сёння?

– Сёння, дзені, снедаць будзем у ізалятары, – абвясціла баба Зося, страсаючы з настольніка нябачнае смецце. У голасе бабы Зосі пры ўсёй яе бурклівасці Лецечка пачуў нязвыклыя для яе дырэктарскія ноткі. І гэты фальш у яе голасе, загадны тон як знялі Кольку з месца і закруцілі яго па пакоі. Колькі можна ім камандаваць? Колькі можна: таго нельга, гэтага нельга, таго не бяры, туды не ступі! А чалавек амаль што пражыў ужо сваё жыццё, лічаныя дні засталіся чалавеку жыць на гэтай зямлі. Дык мае ён права быць самім сабой, рабіць тое, што яму хочацца, хаця б у гэтыя апошнія дні? Мае. Хопіць. У гэтыя апошнія дні ён павінен жыць, як жыве мужчына ў свае апошнія дні.