Але, як павінен жыць мужчына ў свае апошнія дні, Лецечка не ведаў. Хутчэй за ўсё не так, як ён жыў да гэтага. А як? Лецечка з нянавісцю і агідай паглядаў на малако, што прынесла баба Зося, і было яму моташна ад гэтага малака, прыкра было Лецечку і ад таго, што аб ім так клапоціцца баба Зося, прыкра яму было і ад прысутнасці Козела і Стася, прыкра да агіднасці было ад устойлівага паху лякарстваў і хвароб, якія праелі ўжо гэтыя белыя з рудзінкай сцены. Ён не хацеў больш заставацца ў гэтых сценах. Калі ўжо яму наканавана памерці, дык лепей упасці на хаду, на бягу, пад адкрытым небам, каб можна было на развітанне раўнуць па-звярынаму, без рызыкі разбурыць штосьці, без рызыкі абваліць на сябе столь і сцены, каб лёгкім хапіла паветра на апошні ўздых, каб ён паплыў над зямлёй, дасягнуў неба. Туды, на свежае паветра, да хлопцаў, дзе бяжыць, бяжыць па сцежцы саду, смыгаючы на хаду трусікі, Бурачок, дзе смех і раззлаваная Лена Лаза.
– Як хто, а я снедаю сёння разам з усімі, у сталоўцы, – цвёрда сказаў Лецечка.
– Не, Лецечка, не, дзіцятка...
Але Лецечку ўжо было не спыніць. Ён ляпнуў дзвярыма і, разам з кіруючым да сталоўкі людам, памчаў па дарожцы саду, куды не хацелі яго пускаць і дзе так смачна пахла. Хаця, памчаў – гэта, мабыць, гучна для яго сказана. Ён хутчэй клыхаў, чым бег, старанна стрымліваў сябе на спусках, аббягаў, абмінаў карэнне, пянькі. Хочаш не хочаш, а прыходзілася вось так стрымліваць сябе. Сэрца жыло ў ім гэтай раніцай неяк непрыцёрта да цела, і на кожным кроку гэтая непрыцёртасць муляла болем. Нібыта сэрца няспынна кублілася там, у грудзях, згубіла сваё законнае месца і не магло адшукаць яго. Лецечка не жадаў прыслухоўвацца, засяроджвацца на гэтых сардэчных ускідках, імкнуўся думаць пра нешта старонняе, прыемнае, але мімаволі ўсе думкі сыходзіліся на адным, якімі б кружнымі шляхамі яны ні беглі. А ўпартасць і свавольства, з якімі ён кінуў-рынуў малако і ізалятар, і гэтае клыханне-бег бадзёрылі яго. Як ні наракае сэрца, а бегчы цудоўна. Калі ты бяжыш, і жыццё бяжыць, ты нібыта ўтыкаешся ў яго, прасаджваеш яго наскрозь, здзіраеш з сябе напластаванае гадамі, і не хвароба, а прахалода нязведанага ахутвае цела. Ёсць, ёсць смак у хуткасці, у скорасці. На зямлі ж дваццаты век, век скорасці, і як пражыць яго і не адчуць скорасці, імклівага руху паветра, што струменіць па твары і руках і растае ў сэрцы, ахутвае сэрца водарам і халадзінкай мяты. І зямля, што знікае з-пад ног, пакінутыя табой ззаду дрэвы – адкінутае табой і адразу ж забытае мінулае, якое ўпісалася больш у вочы табе, чымсьці ў памяць.
Але былі ў Лецечкі гэтай раніцай дзіўныя пранікнёнасць і тамленне. Ад ізалятара да сталоўкі семдзесят, ад сілы сто метраў. І на кожным з гэтых метраў яму адкрывалася не ўбачанае, не прыкмечанае раней. Так, па белых кроплях на сцяжынцы, якая пятлёй ахапіла старую грушу, ён, бегучы, згледзеў замаскіраванае ў голлі гэтай грушы кубло ястрабка, здаецца, пачуў і ўбачыў, як пішчаць і цягнуць голыя шыі птушаняты ў гэтым кубле. Кінуўшы вока на сцяжынку, пратаптаную не адным пакаленнем дзетдомаўцаў, усё роўна як згледзеў мноства слядоў і ног, якія пратоптвалі яе, згледзеў другую сцяжынку, якую пракоўзалі мурашкі. Мурашкі былі чорныя, земляныя, маленькія і таксама, пэўна, спяшаліся ў сталоўку, сваю, мурашыную, сталоўку. І вялі іх, пэўна, свае, мурашыныя, пахі. Мурашкі ішлі накаціста, валам, у глыб саду. Колька спыніўся, загарадзіў ім дарогу пальцам. Мурашкі замітусіліся. Тыя, што паперадзе, лезлі на тых, задніх. Тыя, што паперадзе, як сляпыя кацяняты, тыцкаліся ў яго палец, абнюхвалі гэты яго палец. Хваляванне сярод іх нарастала. Яны не здолелі самі сябе супакоіць, падумаць, яны былі наладжаны на рух, на нейкую сваю зыходную мэту. І рухаліся, рухаліся, напаўзалі адно на аднога, злосна страсалі з сябе сваіх больш нецярплівых і жвавых братоў і сярдзіта, па-пчалінаму, калі пчала ўжо ў роспачы, калі яна вось-вось уджыгне цябе, ускідвалі ўгару адлакіраваныя чэравы, змыкаліся і размыкаліся іх адлакіраваныя жвалы. І вось з пяць ці то болей самых разумных або самых дурных мурашак учапіліся Лецечку за палец. Лабастыя, настырныя, яны маглі перагрызці яму палец і пракласці сабе дарогу. Павіслі на пальцы, дзерлі, шкуматалі ва ўсе бакі. Палец ужо стаў чорны ад наліплых мурашак, Лецечка ўжо баяўся за яго. Але тут штосьці здарылася ў мурашыным царстве, аб'явіліся новыя важакі і пайшлі ў абыход пальца. Пайшлі туды, куды клікала іх жыццё, не звяртаючы ўвагі на сваіх таварышаў, якія намёртва сашчапілі свае жвалы на перашкодзе, што паўстала на спрадвечнай іх дарозе, усё роўна як даручылі жыццём і смерцю ўтрымаць, абараніць іх шлях ад новых замахаў звонку. Даручылі і забылі пра іх, адракліся, асудзілі на смерць, таму што ў тых, хто ішоў, каму нішто не замінала ісці, была ўжо свая, іншая мэта, была свая дарога, свабодная дарога.