Выбрать главу

– Бачыш ты, кемлівыя, – сказаў Колька і асцярожна строс з пальца мурашак, зняў палец з мурашынай сцежкі, быццам развітаўся з імі назаўсёды, паклыхаў далей, разважаючы аб разумным і жорсткім жыцці мурашак, аб тым, ці ёсць у іх сэрца. А калі і ёсць, якое яно? Пэўна, не больш варсінкі. 3 такім сэрцам зручна жыць. Пад ногі Кольку кінуўся дзетдомаўскі сабака Асталоп і заклыхаў побач з ім, гулліва памахваючы кудлатым, у дзядоўніку, хвастом. «Без нагі, – падумаў Колька. – А сэрца здаровае, сабачае сэрца».

– Давай памяняемся сэрцамі, – памяркоўна звярнуўся да Асталопа Лецечка, загаварыў з Асталопам лагодна і з пяшчотай, хаця і не вельмі любіў яго за празмерную асталоплівасць. Асталоп, пачуўшы добрае слова, нязграбна скокнуў Лецечку на грудзі, лізнуў яго і не ўтрымаўся, упаў дагары, заенчыў, засукаў, засукаў кульцяй. Колька спыніўся, хацеў дапамагчы яму ўзняцца, але Асталоп ужо і без яго дапамогі быў на трох лапах, цягнуў, клікаў уперад. «А мне ўжо з такім спрытам не ўзняцца», – падумаў Колька і запаволіў крок, шкадуючы, што пакрыўдзіў Козела і Дзыбатага, збег ад шчырай гаворкі з імі. І ці выпадзе калі яшчэ такі час? А ён часцяком быў несправядлівы да Козела, груба абышоўся і з бабай Зосяй. А Козел любіць яго, гаворыць з ім ноччу, калі ён не мае сілы заснуць, улагоджвае яго, вучыць гуляць у шашкі. А баба Зося, відаць, купіла малако ў цёткі, што жыве насупраць дзетдома, купіла за ўласныя грошы.

Пяшчота, нейкая нават слязлівасць ахапілі Кольку. Як да яго ні ставіліся Козел, баба Зося, а ён любіў іх, усіх любіў. Любіў мурашак, хаця, даводзілася, і забіваў іх, душыў, калі яны траплялі пад рукі. Але няхай жа цяпер ведаюць мурашкі – ён забіваў іх не таму, што ненавідзеў, а з-за дзетдомаўскай звычкі спрабаваць усё на трываласць, і Асталопа, які б ён ні быў асталоп, ён таксама любіў заўсёды. А калі і цэліў у яго каменем ці палкай, дык зусім не таму, што адчуваў асалоду ад чужога болю і чужога плачу. Ён экзаменаваў Асталопа на кемлівасць і спрыт, экзаменаваў, зразумела, жорстка, несправядліва. Але ён будзе, будзе справядлівы да ўсяго адушаўлёнага і неадушаўлёнага.

Імкненне да неадкладнай, імгненнай справядлівасці такім цяжкім грузам легла на Кольку, што ён спыніўся, кінуўся да Асталопа, абняў яго. Сабака як не ашалеў ад гэтай неспадзяванай ласкі, заенчыў, завыў уголас, прыклаў хвост да жывата і стрэльнуў у кусты, памчаў, высока ўскідваючы азадак.

Колька з замілаваннем панаглядаў за гэтым пакрыўджаным мячыкам-азадкам, што скакаў у траве, і ўжо ўзяў кірунак да ізалятара, каб і там аднавіць парушаную ім справядлівасць у адносінах да Козела і бабы Зосі, але раптам перадумаў. Штосьці незразумелае адбывалася каля сталоўкі, быццам у дзетдом наскочыла якоесьці племя індзейцаў, не хапала толькі вогнішчаў, а так апантана білі тамтамы, гучалі ваяўнічыя воклічы, з узнятымі ўгору рукамі бегалі галапузыя дашкаляты, чырванаскурыя. І Колька палічыў, што аднаўленню справядлівасці зусім не пашкодзіць, калі ён спачатку ўведае, што сёння за вэрхал такі ля сталоўкі.

Каля дзвярэй у сталоўку яго спыніў Андрэй, Бурачок-большы.

– Ты галодны ці цікаўны? – з крывой усмешкай і звысака спытаў ён Лецечку. Колька быў галодны, але і інтэрас меў, таму толькі матлянуў галавой: разумей, маўляў, як хочаш. Спачатку Лецечка наогул не хацеў Бурачку адказваць, але, памятаючы аб толькі што прынятым рашэнні быць да ўсіх справядлівым, палічыў, што не варта абыходзіць справядлівасцю і Бурачка. На першым жа кроку пачыналіся супярэчнасці, на першым жа кроку трэба было змагацца з самім сабой: справядлівасць да Козела, бабы Зосі, Асталопа была неабходная і абгрунтаваная, а як паводзіць сябе з гэтым асталопам Бурачком?

Не цярпеў ён Бурачка і разам з тым вінаваціўся перад ім. Нецярпімасць гэтая аднойчы прарвалася, як прарываецца струп. Пабіўся аднойчы Лецечка з Бурачком, даў кухталёў. Наогул справядліва даў. Але, ведаючы, што справядліва, прыгадваў ён той выпадак з сорамам і агідай да сябе, да сваіх рук, якія білі чалавека...

У школьнай бібліятэцы Бурачок узяў кніжку Мало «Без сям'і». Узяў – і ці згубіў, ці то прадаў камусьці. Бібліятэкарка папрасіла Лецечку ўздзейнічаць на Бурачка. Лецечка ў свой час таксама чытаў «Без сям'і», і вельмі ўжо кніжка прыйшлася яму даспадобы. І ён ахвотна згадзіўся ўздзейнічаць. Сустрэў Бурачка аднаго, у садзе: