– Дзе кніжка, каму загнаў?
Бурачок таптаўся на месцы, асуджана паглядваў на сціснутыя проста так, дзеля пераканаўчасці, кулакі Лецечкі і маўчаў.
– Скажаш ты, гад, ці не: куды запраторыў кніжку?
Бурачок, як і да гэтага, не адрываў вачэй ад Лецечкавых рук. І маўчаў. І ў яго маўклівасці гучала: чаго ты марудзіш, чаго ты душу матаеш, давай вучы, бі! І Лецечка ўдарыў Бурачка, пакорлівага, безабароннага, гатовага прыняць удар. Яго абурыла спруцянелая пакорлівасць, гатоўнасць Бурачка прыняць удар. А Лецечка першы раз у жыцці ўдарыў чалавека. І нічога не адбылося. Рука адчула сілу, ёй падабалася біць. І Лецечка ўдарыў яшчэ і яшчэ, біў і глядзеў у вочы Бурачку і бачыў, як набрыньваюць яны слязьмі, як яны пакорліва пакутуюць. І тут Лецечка адчуў агіду і нянавісць да сваёй рукі, хоць адсякай яе. Ён ужо асыпаў Бурачка градам новых удараў. Цяпер ён біў яго ўжо не за кніжку, а за пакорлівасць, за тое, што Бурачок давёў яго да ўдару. Бурачок Лецечку тады так і не адказаў. І з таго часу Лецечка не любіць Бурачка і вінаваціцца перад ім. І як яму паводзіць сябе перад ім, не ведае. Тут яшчэ трэба падумаць, паламаць галаву, і кіўнуў ён яму цяпер зняважліва, як сказаў: адчапіся ад мяне. Бурачок-бурачок, але зразумеў, што да чаго, заступіў Кольку дарогу.
– Я на пасту, – сказаў ён, – загадана нікога не прапускаць.
Бурачка асадзілі хлопцы, што стаялі ўбаку, кіравалі ўсім, але рабілі выгляд, што іх тут і няма, хлопцы са старэйшай групы далі зразумець Бурачку, што таго, хто з ізалятара, можна і прапусціць. Але ўцяміў гэта Колька крыху пазней. А ў тую хвіліну ён адціснуў плячом Андрэя Бурачка і прайшоў у сталоўку, у тое, што яшчэ ўчора было сталоўкай. Сёння ж там было перавернута ўсё дагары нагамі. Сталы, крэслы як змецены ў адну кучу, і на самым версе гэтай кучы хлапчукі з малодшай дашкольнай групы, як апантаныя, грукалі лыжкамі па металічных талерках, крычалі, што каму на язык трапіць.
– За што змагаемся? – напяў голас і Колька, паспрабаваў заглушыць гэты вэрхал. Але ў адказ яму грымнула такое сакавітае і зладжанае: «Пайшоў вон-вон-вон!» – так металёва выбухнулі талеркі, што ён вылецеў са сталоўкі, нібыта выспятка атрымаў.
Разгулялася дзетдомаўская вольніца, дзетдомаўцы адмовіліся ад снедання. Дык вось чаму баба Зося не пажадала, каб ён, Васька Козел і Стась Дзыбаты ішлі сёння снедаць у сталоўку. Вось чаму, як у свята, яна збегала сёння па малако... Тое, што адбываецца сёння, выспявала ўжо даўно. Лецечкава вайна з новай выхавацельніцай стала вайной усяго дзетдома. А ён нічога і не ведае... Вера Канстанцінаўна цяжкой рукой наводзіла ў дзетдоме парадак. 3 прыходам Веры Канстанцінаўны ў дзетдом самапалаў у ім не паменшала, а стала яшчэ больш. Ужо двух хлопцаў з адарванымі пальцамі адвезлі ў гарадскую бальніцу. Ужо сталі пабойвацца дзяжурныя выхавацелі заходзіць у палату пасля адбою да старэйшых хлопцаў, некаторыя з гэтых хлопцаў і самі з'яўляліся ў дзетдоме толькі тады, калі прыходзіў дзень, ноччу ж знікалі немаведама куды. Невядомы глухі і грозны непакой апанаваў дзетдом і дзетдомаўцаў. Штосьці паварочвалася гэтым летам у дзетдоме і дзетдомаўцах – і немаведама ў які бок. У дзетдом, як ніколі да гэтага, прыйшло шмат новых выхаванцаў, і, як ніколі да гэтага, шмат старых выхаванцаў рыхтавалася пакінуць яго.
Прыйшлі новенькія не толькі з калоній, але і з навакольных вёсак. Штось здарылася гэтай вясной і ў вёсках, там раптам выявілася вялікае мноства сірот, якія жылі да гэтага часу пры бабульцы ці пры маці, але без бацькі. І вось гэтыя бабулькі, дзядулькі, удовы, асабліва ўдовы, якія ўсё чакалі, чакалі ды так і не дачакаліся з вайны мужыкоў, цягнулі на сваіх плячах столькі гадоў ад вайны ўнукаў, сыноў, дачок, раптам як у адну гадзіну пачалі перагараць. Пачалі паміраць у самы непадыходзячы час, калі ўсё ўжо бралася на жыццё, калі ў магазінах пачаў ужо з'яўляцца нават белы хлеб, калі ўжо былі адсечаны хвасты ў чэргаў да прылаўкаў з хлебам. І пачалі хутка-хутка поўніцца дзетдомы сіротамі ўжо іншага пакалення і інакшай закваскі, сіротамі, сіроцтва якіх было, пэўна, яшчэ больш жахлівым, чым ваеннае, таму што было яно пераходным, неспадзяваным, невытлумачальным, таму што гэтыя сіроты ведалі, што такое родны дом, а большасць з іх нават ведала і што такое маці, якая памерла на іх вачах, захлынаючыся іх і сваімі слязьмі. Трапіўшы ў дзетдом з глухіх вёсак, яны ведалі штосьці большае і аб жыцці, чым тыя, хто ўсю сваю свядомую жытку пражыў у дзетдоме. Але яны яшчэ не зведалі, што дзетдом – гэта таксама сям'я, што ўсе яны там браты і сёстры. А старыя выхаванцы, амаль што былыя ўжо, выменьвалі на свае зношаныя рэчы, рэчы новыя для самастойнага жыцця. Думкамі яны былі ўжо ў дарозе. І сум у іх быў развітальны, буйства, свавольства і непаслухмянасць – разлучальныя. Буйства і свавольства, да якіх схільныя не толькі дзеці, але і дарослыя, калі яны ў дарозе.