І вось такое буйства і свавольства, летнюю нечаканую паводку, узялася ўвесці ў берагі Вера Канстанцінаўна. Яшчэ ўчора на вячэрняй лінейцы яна аб'явіла дзетдомаўцам, што ад заўтрага ў іх, у Слабадзе, не спецыяльны дзетдом, а звычайны.
– Наш дзетдом быў спецыяльным дзіцячым домам таму, – гаварыла яна, зіхатліва пабліскваючы ў паўзмроку залатым зубам, – таму што жылі і выхоўваліся ў ім дзеці франтавікоў, якія загінулі на вайне. Сёння мы іх выпусцілі ўжо, амаль усе яны на прамой і сонечнай дарозе самастойнасці. Дзяржава зрабіла для іх усё. Дзяржаве сёння, як ніколі, патрэбны рабочыя рукі. Мы – змена нашых бацькоў – павінны дапамагчы. Фабрыкі і заводы ждуць нас. І калі мы раней дзяржалі вас у дзетдоме да семнаццаці гадоў, то сёння мы не можам дазволіць сабе гэтага. Сем класаў – і перад вамі адкрыты ўсе дарогі. Гасударства – не дойная карова, панятна я гавару? Гасударству тожа нялёгка, трудна, урэменныя труднасці былі, ёсць і будуць, панятна я гавару? Усё тады ясна. – Вера Канстанцінаўна скончыла і паглядзела на дырэктарыху, якая з ёй таксама была на лінейцы.
– Так, дзеці... так, – сказала дырэктарыха, – зразумейце і мяне, дзеці. Можаце разыходзіцца.
І дзеці разышліся. Учора, пасля звычайнай спецдзетдомаўскай вячэры, яны, здаецца, разумелі ўсё. Разумеў усё і Колька Лецечка, калі стаяў на лінейцы. Ён любіў гэтыя вячэрнія лінейкі, калі ад саду і сажалкі павявае хвалюючай ядранасцю, калі маладзік ці поўня ўблытаюцца ў голле яблыні ці спусцяцца да вады, а ад дарогі цягне цяплом і спакоем, шугае жарам, растопленай смалой ад стракатай трыбуны, што выстаяла на сонцы цэлы дзень, трыбуна і дарога тояць яшчэ ў сабе летні дзень, сочаць гэты дзень, трыбуна патрэсквае ў абдымках вечара, а дарога распаўзаецца цестам, прыманліва і цьмяна б'е ў вочы выбітая за дзень да белага пяску коламі машын і падвод каляіна; калі так добра стаіцца ў цішы і прахалодзе вечара і калі верыцца ва ўсё лепшае пад ціхі руп сцяга, што стомлена апускаецца ўніз, скрабе мачту. Нялёгкі выпаў сцягу дзень: яго пякло сонца, трапаў ветрык, і дожджык, здаецца, крапаў на яго, скоры летні дожджык, не з хмар, а з-пад сонечных промняў, што коса бягуць на зямлю. Забавілася на хвіліну сонца, трывожна закрылася далонню, прыкмеціўшы на сваім шляху дзетдом, пырснула дажджом сонечнае праменне. Прамок крыху сцяг, забавіўся дзяжурны па лінейцы: ці то варон лічыў, ці то прыдрамаў на спёцы, не паспеў сцяг спусціць. Кінуўся да мачты, а дожджыку ўжо і няма. Прыбрала ўжо далонь сонца і спёкай налегла на зямлю, на сцяг, на плечы дзетдомаўцаў, што выйшлі ў той гарачы час на калгаснае поле палоць кукурузу, на плечы дзетдомаўцаў, якія ў той час на дрывотні калолі дровы. І вось цяпер навярэджаная, гарачая ад дзённай працы рука дзетдомаўца паволі перабірае спружыністы шнур, спускае стомлены сцяг з мачты. Спускае, не спяшаючыся, убірае ў сябе разам з вечарам урачыстасць хвіліны. І сцяг не спяшаецца. Вочы ўсіх дзетдомаўцаў пільна сочаць за ім, а сцяг злёгку толькі пакалыхваецца, не ад ветру, ад стоенага дыху хлопцаў і дзяўчат, ад узрушанасці іх сэрцаў. Сцяг не такі ўжо, як у пачатку лета, палымяны, таму што ён устае разам з зарой, ён ужо злёгку пасечаны нечаканым дожджыкам і калючым ветрыкам, як і той баявы сцяг, што не для парадаў, а для самых лютых атак. І глядзіць сцяг у вочы дзетдомаўцаў, як глядзеў той баявы ў вочы іх бацькоў. І дзетдомавец, які цяпер спускае сцяг, – сёння лепшы дзетдомавец. Гэта там, на дрывотні ці на калгасным полі, ён дамогся права стаць пад сцяг, даць адпачынак і сцягу. Мінуту назад усе, што стаяць цяпер на лінейцы, нават самыя адпетыя з іх, чакалі: а раптам для ўрачыстага спуску сцяга выклічуць яго. 3 заміраннем сэрца чакаў, што прагучыць і яго прозвішча, і Лецечка, хаця ведаў – не прагучыць, каго-каго, а яго не выклічуць, няма, не вынайдзена яшчэ ў дзетдоме такой работы, на якой і ён мог бы стаць адметным. Ён вызвалены ад працы, таму і не паднімаць, не спускаць яму сцяга. Толькі глядзець, глядзець і зайздросціць, як гэта робяць іншыя.
Але ўсё роўна ў гэты вячэрні час, у гэтай вечаровай урачыстай ацішанасці, калі зямля аддае ночы прыдбанае за дзень цяпло, што мае быць лепей, чым слухаць, як пад цвірчэнне конікаў віруе, трымціць на ветрыку сцяг. Ужо адно тое, што ўсе яны цяпер разам, з'яднаныя адным строем і вечар на ўсіх адзіны, адзіны на ўсіх сцяг, адна на ўсіх трыбуна, сцішвае сэрца, прымушае яго біцца мерна і выразна. Надае веры, што за вечарам, ноччу зноў прыйдзе раніца, прыйдзе новы вялікі дзень. А новы, не разменены, не разбаўлены, скрухай і крыўдай, значыць, лепшы. Лепшае ж заўсёды там, наперадзе. Лепшае – гэта тое, чаго яшчэ не было, незведанае. І дзетдомаўцы ўчора аднесліся да весткі, абвешчанай Верай Канстанцінаўнай, як адносяцца да дня пражытага ўжо, скончанага.