Але вось прыйшло сёння, прыйшлі і яны ў сталоўку: хлеб – строга па пайцы на брата, на першае – якоесьці блакітнае сёрбава, на другое – кукіш з маслам. Адзін незадаволена буркнуў, другі – адшпурнуў ад сябе талерку, а трэці проста ўзрадаваўся, што ёсць магчымасць пасваволіць. І абудзілася, пайшла гуляць вольніца. Прыгадаўся час, калі іх толькі звозілі ў гэты дзетдом, а час той быў не такі ўжо і даўні, і анёламі яны ніколі не былі. І паляцелі ў кухараў, на падлогу талеркі з сёрбавам. Кухары зніклі, пахаваліся, замкнуліся ў кухні. Дзяжурны выхавацель пабег па дырэктарыху, і ўсякае разуменне, і ўсякая разумнасць, з якімі яшчэ ўчора дзетдомаўцы стаялі на лінейцы, сёння былі імі страчаны. Забыў аб сваёй учарашняй згодзе і Лецечка. Сапраўды, несправядлівасць учынялася на свеце. Хто гэта там асмеліўся пашкадаваць яму хлеба? Хто гэта паквапіўся на яго законную пайку? Не, што яму «положено», з-пад зямлі выцягні ды пакладзі на стол. Колька не прыкмеціў і сам, як ужо лямантаваў разам з усімі, разам з усімі хмурна маўчаў. Маўчаў і крычаў не таму, што яму да зарэзу патрэбна была гэтая дадатковая пайка хлеба, ён ніколі не з'ядаў таго, што яму давалі. Ён як бы знайшоў сябе ў гэтым тлуме і вэрхале, знайшоў якраз тое, што яму патрэбна было гэтай раніцай. Калі ўжо жыць апошнія дні, дык жыць так, каб усім чарцям моташна было, і да чаго ж добра, што ён дажыў да гэтага дня, не памёр. Такое вясёлае жыццё пайшло, што пра сябе няма часу і падумаць. Трэба быць такім, як і ўсе, быць разам з усімі моцным, дужым трэба быць...
Лецечка, зразумела, не ўсведамляў гэтага, але ў тыя дні яму проста патрэбна была нейкая падзея, зрух нейкі ў жыцці, які б пазбавіў яго ад думак пра сябе, які б надаў яму сілы жыць за кошт іншага жыцця, а яго ўласнае жыццё ўжо было на сходзе. Але ён аб гэтым нічога не ведаў, хоць і пагадзіўся ўжо, што так, жыць яму засталося нядоўга. Пагадненне гэтае і згода былі няшчырыя. Дзесьці ў глыбіні душы ён спадзяваўся, што ўсё гэта гульня. Жахлівая, захапляльная, але гульня, і Лецечка без нараканняў і нават з нейкай палёгкай прыняў жудасныя ўмовы гульні ў сваю смерць і цяпер гуляў, як гуляў бы ва ўсякую іншую гульню, якую б яму ні прапанавалі.
А пачыналася новая гульня весела. Усім раптам знайшлася справа. Усе былі тут неабходныя адно аднаму. І яго голас быў не лішні сярод іншых галасоў. А гэта так прыемна, калі ты – як усе, неабходны ўсім. І Колька адчуваў сваю неабходнасць і лямантаваў ці не больш за іншых, успрымаў гэты свой лямант як праявы жыцця, як само жыццё і быў шчаслівы, што і яму ў гэтым жыцці знайшлося месца.
Прыйшла дырэктарыха, змораная, пастарэлая. Прыкапацела Вера Канстанцінаўна, задыхана і мітусліва, пабліскваючы залатым зубам.
– Ета што, ета как на «Пацёмкіне», есці адмаўляецеся?
– Як на «Пацёмкіне»! – завішчаў натоўп. Не хацела, а падбухторыла хлопцаў Вера Канстанцінаўна.
– Хлеба, хле-ба, ад пу-за, ад пу-за...
– Жрыце самі гэту заціруху! – гэта дашкаляты. І паляцелі ў дырэктарыху і ў Веру Канстанцінаўну талеркі з белым сёрбавам, і лапша з гэтага сёрбава ўблыталася ў валасы дырэктарыхі. 3 лютасцю грымнулі ў свае металічныя тамтамы дашкаляты. І дырэктарыха, сеючы па дарозе лапшу, пайшла ў канцылярыю – Вера Канстанцінаўна знікла яшчэ раней, як скрозь зямлю правалілася.
– Плакаць пайшла, – кіўнуў галавой услед дырэктарысе Андрэй Бурачок. Колька паглядзеў на яго твар і ўбачыў на ім такую злараднасць, столькі асляпляльнай радасці, што яму захацелася зажмурыцца. Над яго вухам са свістам праляцела талерка з лапшой і з чмяканнем уляпілася ў спіну дырэктарыхі. Але яна нават не азірнулася. Ішла як ішла, і лапша ападала са спіны белымі бездапаможнымі чарвячкамі. Кольку стала шкада дырэктарыху. Ён адчуў, што адбываецца штосьці не тое, штосьці мярзотнае, брыдкае, аб гэтым сведчыць самазадаволеная ўхмылка Бурачка, Бурачок аж ільсніцца, яго нібыта подмазкай падмазалі. Угадаў на гэты раз Бурачок: дырэктарыха сапраўды будзе плакаць, будзе плакаць з-за яго, Бурачка. І як ні вінаваціцца Лецечка перад Бурачком, а дырэктарыха яму даражэй, таму што яна больш дзетдомаўская, чым Бурачок. Яна спрадвеку ў дзетдоме, а Бурачок стаў дзетдомаўцам нядаўна.