Выбрать главу

Невядома, ці выклікалі яе Вера Канстанцінаўна з дырэктарыхай, ці то ўжо і да міліцыі даляцелі гвалт і лямант, але з'яўленне яе тут было зусім недарэчы. Хутчэй за ўсё дзетдомаўцы адлямантавалі б, аб'елі б яблыкі з яблынь, пазлазілі б з дрэў і ціхамірна разышліся. А міліцыя, ці да гэтага яна імкнулася, надала значнасць таму, што адбывалася, падбавіла агню. Не паспелі міліцыянеры яшчэ вылезці з машыны, а ўжо некаторыя з хлопцаў саскочылі з яблынь і пабеглі з саду, і, як высветлілася крыху пазней, беглі яны не ад страху, не ад міліцыі ўцякалі, але менавіта так успрынялі гэты захад дзетдомаўцаў міліцыянеры і кінуліся страсаць іх з дрэў. Дзетдомаўцы адбрыкваліся, адбіваліся, лезлі на самыя што ні на ёсць макаўкі.

– Рабяты, рабятушкі, – аддаўшы загад не чапаць дзетдомаўцаў, залагодзіў старшына. – Давайце па-добраму, рабятушкі. Ну чаго вы ўсхадзіліся? Ехалі каля дзетдома, думалі, гарыць нешта... Давайце, хлопчыкі, не будзем...

Але ўлагодзіць дзетдомаўцаў міліцыянерам не ўдалося. Яны дзеля прыліку яшчэ крыху паўгаворвалі іх і з'ехалі пад нядобрыя позіркі хлопцаў, якія хвіліну назад збеглі з саду, а цяпер вярнуліся зноў, вярнуліся ад спальняў і схованак, і пазухі іх выразна адтапырваліся. Хлопцы прыйшлі не без «гасцінцаў».

Следам за міліцыяй наскочылі пажарнікі. Гэтых сустрэлі амаль з весялосцю, як бацькоў родных, сустрэлі. Зазывалі да сябе на дрэвы, частавалі яблыкамі, прапаноўвалі прылегчы, адпачыць у цяньку пад яблынямі, павартаваць іх. Пажарнікі зычліва адклікаліся на гэтыя жарты і самі жартавалі. Усім было весела. Але жарты жартамі, а пажарнікі ўпраўна рабілі і сваю справу. Выцягнулі з машыны лесвіцы, пажарную кішку, расцягнулі па зямлі.

– Атанда, хлопцы, зараз будуць паліваць, – папярэджвалі адзін аднаго дзетдомаўцы, папярэджвалі тых, хто сядзеў на бліжэйшых да машыны яблынях, а на гэтых акурат яблынях сядзелі Колька Лецечка і Лена Лаза. Яны прыціхлі і апасліва паглядвалі на абвіслую пакуль пажарную кішку. У глыбіні душы яны і хацелі, каб іх аблілі, каб было аб чым пагаварыць, што ўспомніць. Але пажарнікі марудзілі, валаводзілі, як усё роўна ад кагосьці чакалі каманды, а ніхто не адважваўся даць ім гэтую каманду.

– Горача, – кпілі дашкаляты, ляпалі па голых жыватах далонямі, адхукваліся і прудзілі з яблынь на зямлю, цэлілі ў пажарнікаў. А ў глыбіні саду хлопцы, сталейшыя, стралялі з самапалаў. Каля дзетдомаўскіх варот сабраўся натоўп. Там таксама мітынгавалі, спрачаліся. Але аб чым яны спрачаліся, што абмяркоўвалі, Колька не чуў. Ён ужо змарнеў, не заўважаў ужо, што адбываецца і ў садзе, глядзеў толькі на Лену, але і яе не бачыў. Тое, што адбывалася цяпер у дзетдоме, ужо здавалася яму бяссэнсавым і непатрэбным. Вельмі ж занадта гвалту, ляманту, мітусні.

Перад вачыма ўсё стаяла дырэктарыха: плечы і валасы ў лапшы, вочы – заплаканыя. У вачах крыўда і боль, і пытанне ў вачах: за што, ці гэтага я заслужыла, ці я сапраўды настолькі нядобрая вам? Дзе ж справядлівасць? І Лецечку было не толькі шкада дырэктарыху, але і сорамна за сябе, за тое, што ён бачыў, як несправядліва абыходзяцца з дырэктарыхай, наглядаў, але не абараніў яе, а яна заўсёды і паўсюдна бараніла яго, абараняла ад Веры Канстанцінаўны нават... Няма ў яго чалавека бліжэй і даражэй, чым дырэктарыха, хаця яна заўсёды трымае яго на адлегласці, Але, можа, у тым уся і справа, што і на адлегласці яна бачыць яго, памятае аб ім, прыяс яму. Яна сама на складзе, у вобласці, выбірае для яго лепшае адзенне, абутак, ведае, што пасуе яму. Пры ім было – у вобласці на складзе дырэктарыха адклала тры бобрыкавыя паліто. Кладаўшчык ці то загадчык склада запратэставаў:

– У дзетдом, на перыферыю такія паліто? Вы правышаеце...

– Ціха, ціха, – сказала дырэктарыха. – Бяры гэтае паліто, Лецечка, і ў машыну.

Лецечка ўзяў паліто, але прытрымаўся, стаіўся за дзвярыма склада. Як дырэктарыха выгаворвала кладаўшчыку, як бэсціла яго, адкуль той голас і тыя словы ўзяліся! У дзетдоме яму ніколі не даводзілася чуць, каб яна так крычала на кагосьці.

– Тылавая крыса, – крычала яна, – не папаўся ты мне на фронце, я б табе паказала перыферыю. Заліў вочы. Іх бацькі жыцця не шкадавалі, самі яны не справяць сабе гэтага бобрыка... Чалавек, гаспадар мне знайшоўся...

Так ваявала за яго дырэктарыха, а ён... І Лецечка жадаў цяпер аднаго – спакою, каб яго не чапалі. Няхай заўсёды будзе цішыня і побач Лена, і каб ніколі не заходзіла сонца. Хай навекі стаіць на зямлі летні сонечны дзень. Так добра, так хораша, калі дзень і сонца. Сонца выгледзела яго з неба, абрынулася на яго, затапіла ўсё ў ім святлом і радасцю. Як багата ў сонца святла і радасці, што можа з ім параўнацца, што можна з ім параўнаць! Няма на свеце нічога больш неабходнага чалавеку, чымсьці сонца. Можна пражыць без дадатковай пайкі хлеба, можна пражыць на сёрбаве. Але як пражыць без сонца? Нездарма, згледзеўшы яго, адплюшчвае вочы лён, квітнее пры ўсходзе сонца. «І дзеці паміраюць пры ўсходзе сонца», – нагадаліся Лецечку словы Захар'і. «Хто ж ты, сонца?» – усклікнуў Лецечка, адчуў, як у ім нарастае абурэнне гэтай вышэйшай, небам наканаванай несправядлівасцю. Не мружачы вачэй, калоцячыся ўсім целам, пачаў углядацца ў сонца, нібыта кідаў яму выклік, пасылаў гэты выклік праз тысячы і тысячы кіламетраў, цераз спакойную роўнядзь і далячынь неба, праг, каб гэтае неба, як і раніцай, пачало плавіцца, рушыцца, праг спапяліць сонца. Але неба заставалася ўвагнута-чыстым, бязвоблачным, сонца глядзела на яго незамутнёна-зырка. Нястрымна кацілася ў поўдзень. «Няўжо яно і застанецца такім, будзе грэць і радаваць усіх, калі мяне не стане? – падумаў Колька. – Навошта сонца, калі ўжо няма мяне? Навошта гэтае спрадвечнае неба?» Чалавек, ён, Колька Лецечка, павінен быць нязгасным, вечным, а не сонца, не неба. Вось гэтага трэба дабівацца, а не ўзнімаць вэрхал немаведама з чаго. Галавой трэба думаць. Вось памрэ ён, і на якую трасцу яму ўсё гэта? «Мне не трэба – Лене, Козелу, Дзыбатаму, Бурачку трэба будзе».