Выбрать главу

Здаецца, хтосьці падышоў да Лецечкі і загаварыў – ці гэта сонца размаўляла з ім?

– Ты на што мяне ўгаворваеш? – адказаў Лецечка сонцу і скасавурыўся, заплакаў. Спачатку лёгкімі слязьмі, што беглі самі сабой, ад пільнага ўглядвання ў сонца, а потым і сапраўднымі, горкімі слязьмі. –Ты на смерць мяне ўгаворваеш.

Сонца са згодай кіўнула Лецечку з неба, памутнела і таксама заплакала разам з ім. І неўзабаве яны ўжо плакалі соладка і са смакам – сонца на небе, Лецечка на яблыні, на зямлі.

– Падла ты, сонца, вечная падла, – мармытаў Лецечка.

– Я не падла, Лецечка, – адказала яму сонца голасам Захар'і. – Я люблю цябе, Лецечка.

– Палюбіў воўк кабылу, пакінуў хвост ды грыву.

– Я люблю цябе, Лецечка...

– Ты зрабі лепей, каб мяне Лена Лаза палюбіла.

– Што табе ўжо ад яе любові? Табе рыхтавацца трэба. Я заву цябе да сябе, Лецечка.

– А ты спытай мяне спачатку: ці хачу я да цябе?

– А я цябе і пытаю: ты хочаш да мяне, Лецечка? Хочаш? Хочаш!

– Не, не! – закрычаў Лецечка. – Хлеба, хлеба...

– Хлеба, хлеба, – раўнулі дзетдомаўцы. Да іх у сад спяшалася дырэктарыха.

– Уязджайце, уязджайце нямедленна, – накінулася яна на пажарнікаў яшчэ здалёку. – А вы злазьце, злазьце з дрэў. Узнялі ўвесь горад на ногі. Што людзі аб дзетдоме падумаюць, уяўляеце сабе? Падумаюць, што і сапраўды вас тут голадам прымарылі... Сваёй сям'і да гэтага часу не маю... Да міліцыі, да пажарнікаў дастукаліся... Як мне цяпер па горадзе прайсці, як мне людзям у вочы глядзець? Я ж мо маці ваша, ці вы выракаецеся мяне? Сорам, сорам... дажыла... Выгадавала сыноў, дачок, паднялана ногі, а яны, як малпы, – на дрэвы... Пытанне, якім быць нашаму дзетдому, здаецца, вырашана станоўча. Раніцу ўсю ўбіла, каб дазваніцца да вобласці. Злазьце, злазьце з дрэў. Лецечка, Лаза, нягоднікі, на зямлю. – Вылучыла дырэктарыха Кольку і Лену з усіх, быццам толькі яны адны і сядзелі на яблынях. І Лецечка з Лазой паслухмяна злезлі з дрэў і пайшлі з саду ўдваіх, быццам сапраўды больш у садзе нікога не было.

– А мне ўжо рыхтавацца трэба... – усё яшчэ не чуючы сябе, усё яшчэ галосячы там, на дрэве, разам з іншымі дзетдомаўцамі і поўнячыся яшчэ іх дужасцю, але ўжо са смуткам у голасе сказаў Лецечка Лене, калі яны выйшлі на дзетдомаўскую алею, на якой раслі лістоўніцы і векавыя ліпы.

– А я ўжо рыхтуюся, – весела падхапіла яго словы Лена. Лецечка спатыкнуўся. Лена паглядзела на яго з сумненнем, але не выказала гэтага, зычліва спытала: – А ў які ж ты інстытут, Лецечка, надумаў?

– Ды ў той, у той... – абыякава махнуў рукой Лецечка, поўнячыся горыччу ад той далёкасці, у якую адплыла ад яго Лена. Яны па-ранейшаму ішлі алеяй поруч. Лена была побач, але ў той жа час як бы раптам і знікла, нейкае воблака з яе абрысамі, воблака, створанае яго ўяўленнем, плыло побач з ім. Але гэта не шкодзіла яму любіць і тое ўяўнае, створанае светам яго думак, і тое, што існавала на самай справе: дрэвы, траву, дзетдом, хлопцаў, – ён толькі вылучаў у гэтай замкнёнай, выгараджанай з усіх бакоў прасторы Лену. Яму было прыемна адчуваць, што яна ёсць, уяўная і сапраўдная, і любіў ён яе ўяўную і сапраўдную. А Лена прагла, каб усе любілі яе. Лецечка здагадваўся аб гэтым па тым, як яна, нібы незнарок, гарнулася да яго пляча, не вельмі ён і падабаўся ёй, а гарнулася. І з выклікам глядзела па баках: вось, маўляў, якая я – добрая, дужая, прыгожая, шчодрая, мяне так ласкава саграе сонца, сонца любіць мяне, мяне любіць цень, што падае з дрэў, мяне любіць дарога, па якой я іду. І гэты дзівак хлопец. І мяне на ўсіх хапае. Я ўсім дазваляю любіць сябе. У мяне наперадзе яшчэ такое доўгае жыццё, і мяне так шмат яшчэ будуць любіць. І як жа ж гэта хораша – быць шчаслівай і ведаць, што цябе ўсе любяць. І Лена так шчодра прываблівала і прынаджвала яго да сябе.