Сабака ўзняў галаву, прыслухаўся да яго слоў, вырашаючы, пэўна, што за імі будзе: ласка ці біццё. Заваліўся на спіну, галава ўбок і язык убок. А вочы скіраваны на Лецечку, і смех і свавольства ў вачах, і згода па першым жа слове ўскочыць і імчаць, куды загадаюць.
– Эге, Асталоп, ды ты не такі ўжо й асталоп, – сказаў Лецечка. – Прыдурваешся, як гаспадар твой Захар'я.
Асталоп лыпнуў адным вокам, як падміргнуў, лізнуў Кольку руку і прыціснуўся да яго цёплым, нагрэтым на сонцы чорным бокам. Лецечка ўзяў сабаку за кульцю.
– Дзе нагу згубіў, братка?.. Чаго маўчыш, сорамна прызнацца, пад цягнік трапіў ці то куля жывадзёра цябе пазначыла?..
Колька не заўважыў сам таго, як да болю сціснуў сабаку кульцю. У горле ў Асталопа пагрозліва забулькацела, ён злаўчыўся і прыхапіў Лецечкаву руку зубамі, але не кусаў, патрымаў у зубах і адпусціў. І Колька адпусціў кульцю, на імгненне якоесьці затрымаў на ёй далонь і адчуў далонню, як тахкае ў гэтую кульцю Асталопава сэрца, быццам, прыліваючы пругкімі, гонкімі токамі, кроў імкнецца прарвацца далей, за кульцю, у працяг нагі, шукае і не знаходзіць гэтага працягу.
– Баліць, Асталоп, ведаю, баліць. Мне таксама баліць. На вось паслухай мяне. – Лецечка расшпіліў кашулю і падставіў голыя грудзі да Асталопавай пашчы. Асталоп тыцнуўся яму ў грудзі шурпатым языком, горача лізнуў яго спатнелае цела. Услед за гарачынёй цела агарнула прахалода. Лецечка абняўся з Асталопам, і яны соладка заснулі. І саснілі сон, Лецечка – свой, запаветны, які часта сніўся яму. Пэўна, добры сон сасніў і Асталоп, таму што пасля доўга аблізваўся, нібыта толькі што атрымаў і схрумстаў салодкую костку.
– Ты любіў ужо каго-небудзь? – спытаў на развітанне ў Асталопа Лецечка. Але той не зважаў на яго пытанне, стаяў, соладка аблізваўся. – Любіў, значыць, – сказаў Лецечка. – Я вось таксама люблю.
І яны разышліся, задаволеныя, бадзёрыя ад сну ў халадку будана.
А вечарам Лецечка даведаўся, што іх дзетдом застаўся «спец» – спецдзетдомам. Аб гэтым паведаміла на вячэрняй лінейцы дырэктарыха. Веры Канстанцінаўны на вячэрняй лінейцы не было. І засынаў ён у тую ноч упершыню без баязлівасці і страху, што заўтра можа не прыйсці. Не сустрэўся больш ён у той дзень і з Ленай, але спадзяваўся, што сустрэнецца заўтра. Трэба толькі пазбыць гэтую ноч...
IV
Пазбыць ноч, і не толькі гэтую, якая зоркамі ўслала неба, грыбнымі туманамі спавіла зямлю, цішыню якой золка калолі званамі коні, пушчаныя на ноч у паплавы, асвечвалі цяпельцамі пастухі, але і ноч колішнюю, спавітую плачам і слязьмі ўдоў і дзяцей, пазбыць тую ноч праг не адзін толькі Лецечка, але і шмат іншых дарослых людзей, якія жылі ў гарадах і вёсках. То было лета збавення, развітання. Збавенне, развітанне гэтае было няспынным ад вясны сорак пятага, нават не з сорак пятага, а з лета сорак чацвёртага, калі гэты невялікі гарадок вызвалілі ад фашыстаў. Але да лета сённяшнага года працэс гэты ішоў як бы неўпрыкметку: стойвалася адно, балела другое. На базарнай плошчы, якая спакон веку была мяжой паміж горадам і невялікай вёскай, што прыляпілася да горада, дык вось на плошчы, здаецца, спакон веку сяляне прывязвалі коней да стабілізатара бомбы, што тырчала з зямлі як напамінак аб вайне. У дні, калі не было базару, да гэтай бомбы ўнадзіліся сабакі. Ля гэтай бомбы вечарамі можна было сустрэць і закаханых. На бомбу можна было прысесці, яна ўвайшла ў зямлю пад вуглом градусаў так на трыццаць, каля яе ўтульна было завесці доўгую гамонку і ладна было абаперціся, спыніцца вясковай бабцы, каб завязаць матузкі на чаравіках, і бакі ў бомбы былі вышараваны, зіхацелі, як бакі ў добрага, сытага каня.
Дзетдомаўцы абмяркоўвалі вечарамі ў сваіх пакоях, што будзе, калі распаліць пад гэтай бомбай ягонь: гахне ці не гахне, а калі гахне, куды дасягне. І, пэўна, яны такі выпрабавалі б на справе, куды дасягне. Але адным днём на плошчы з'явіліся сапёры, адчапілі плошчу, адкапалі бомбу, пагрузілі яе на машыну і асцярожна, усё роўна як нябожчыка, павезлі немаведама куды і немаведама дзе пахавалі. І без гэтай бомбы плошча, а разам з ёй і горад як штосьці згубілі. Горад ужо звыкся са сваёй бомбай, яна ўпрыгожвала яго, як помнік, што стаяў таксама на плошчы і знік таксама разам з ёй. 3 гэтых падзей і пачалося вірлівае пераўтварэнне горада. Яно было асабліва прыкметнае для дзетдомаўцаў, таму што асноўныя падзеі разгортваліся амаль што ў іх пад бокам.