Выбрать главу

І дзетдомаўцы хадзілі следам за гэтымі машынамі, спачатку чакалі, калі яны стомяцца, прыстануць перад неадольнымі слабадзянскімі пяскамі і глінамі, а потым: калі ж гэта ўвесь горад будзе заасфальтаваны. Апусцеў дзетдом, апусцелі карпусы і палаты, усе з іх як перайшлі жыць на пустку. Зрэшты, пусткай цяпер ужо называлі тое месца толькі па старой памяці, а на самай справе там ужо быў цэнтр. У цэнтр, на асфальт, да слупа з чорнай патэльняй-рупарам і пацёг за сабою наступным ранкам Захар'я Лецечку. Лецечка прыбег да Захар'і ў будан, каб пагаварыць з ім аб жыцці і смерці. Захар'я сядзеў на саломе і пераабуваўся, старанна накручваў на вялізную жоўтую нагу амаль што цэлую прасціну.

– А, ты яшчэ жывы, Лецечка-ліхалецечка. Здароў, здароў, пад'еў і зароў, – прывітаў ён Лецечку.

– Здароў, здароў, – у тон яму адказаў Лецечка. – Ніякіх здарэнняў за ноч не было, не ўкралі цябе гэтай ноччу? Як спаў, нічога не муляла, сабака над вухам не брахаў?

–  Не, спяшу дакласці, таварыш начальнік: спаў мякка, саломка і зямелька не мулкія. Свет за ноч не перавярнуўся, усе яблынькі ў наяўнасці. Развіднела як і належыць, у свой час. Яшчэ пытанні ёсць?.. – І Захар'я, як у трубу, убіў нагу ў халяву, узяў яшчэ адну прасціну, паслаў яе на саломцы, разгладзіў, прымерыўся і паставіў на край прасціны босую нагу.

– Ты што гэта, як ні то ў госці збіраешся?

– О, на гэтую справу я заўсёды гатовы. Гасцяваць, браце, не зямлю капаць, толькі вось часу на гасцяванне не хапае. Уднела – і праца кліча. Тупаць, тупаць ахвота, мясіць зямельку... Не, браце, не для таго чалавек прыходзіць на свет, каб спаць, каб памерці, а каб працаваць, працаваць, бачыць, як свет перайначваецца, і самому яго перайначваць.

– Ці не шмат ты на сябе зранку бярэш, Захар'я? Свет перайначваць...

– Во-во, малады ты, таму і дурны, па табе, перайначыць – гэта значыць перавярнуць. А па мне, палку ў зямлю ўтыркнуў – ужо ўсё і па-інакшаму. А калі гэтая палка ды яшчэ парасткі пусціць... – І другая нага з шумам і чмыхам лучыла ў бот. Захар'я падхапіўся з саломкі, патупаў, пацягнуў за халявы і задаволена паклаў на Лецечкаву галаву даланю, як цагліну кінуў. Была гэтая яго даланя і цёплая і халодная, але і цяжкая, шурпатая, што наждак. Колькава галава амаль патанула ў далані Захар'і, нават сонца не згледзець. Але Кольку было прыемна стаяць пад гэтай жывой страхой.

– Ох і здаровы ж ты, Захар'я, а ў маладосці, пэўна, быў яшчэ дужэй?

– А вала пабіваў, – адказаў Захар'я. – На спор ад пана залатую дзесятку меў.

– Як жа гэта ты пабіваў яго, вала?

– Потым, потым, Лецечка. Я і цяпер яшчэ дужы. А ў цябе сілы ёсць? – І Захар'я прыгнуў даланёю Лецечкаву галаву. – Ёсць, ёсць моц... Патрэбен ты мне сёння, Лецечка, на добрае дзела.

Захар'я пакінуў Лецечку, нырнуў у будан. Вылез з яго з паловай цагліны, старанна абцёр яе ад зямлі, дастаў з кішэні бушлата свежую, сённяшнюю, адзначыў Колька, раённую газету, загарнуў у яе цагліну.

– Навошта табе цэгла? – спытаў Колька.

– Калі ўзяў, значыць, патрэбна. Я ўжо даўно без патрэбы нічога не бяру.

– А цагліну як украў, ці яна залатая?

– Дурань ты, Лецечка, калі гэта цэгла залатой была, – слушна адказаў Захар'я. – А цэглу я пяць ужо гадоў не краду, як у дзетдом перайшоў, так ніводнай цаглінкі і не ўкраў.

– А быў час, краў?

– А быў час, краў... Адна ў адну роўна паўтары тысячы цаглін украў я на сваім вяку. Пяць гадоў рабіў вартаўніком на цагельні. І кожны дзень па цагліне. Печ выйшла. Меркаваў і на дом цагляны нацягаць, ды паперлі – драпежнік, раскрадальнік. Ото добра зрабілі, паспрыялі мне. Зараз як падумаеш, колькі дзён мне парыцца там, колькі цаглін перацягаць... А зараз аніводнай не трэба, не трэба... – І Захар'я зарагатаў. Колька паглядаў і не мог уцяміць: усур'ёз усё гэта ён гаварыў ці жартам.

– Было, было дзела пад Палтавай, – раптам згубіўшы свой смех, сказаў Захар'я. – А зараз цэглы на плошчы навалам ляжыць – еш, не хачу... Я палавінку падняў, для справы, Лецечка, для справы.

– Якая ж гэта справа ў цябе?

– Шмат будзеш ведаць, пастарэеш. – Захар'я зладзейкавата зіркнуў у бакі, схаваў загорнутую ў газету цагліну за пазуху і зашпіліўся, упершыню, пэўна, зашпіліў бушлат на ўсе гузікі. Узяў Лецечку за руку і павёў яго з дзетдома. На ганку ізалятара іх чакала, як усё роўна ведала, што яны тут будуць ісці, баба Зося.