– На мяне ўжо, Лецечка, ні адзін сабака не гаўкае, кожны сабака ведае мяне. – І рэзаў натоўп плячом, як масла, шчодра даваў кожнаму стрэчнаму-папярэчнаму «добрдзень».
– Цю, Захар'я. Ды ці не твой гэта часам хлопец?
– Мой, мой, кума, да другога разу...
– А ці скора ўжо тут пачнецца?
– Скора, скора...
– Я ж іх, Захар'я, гáдаў, як цябе, бачыў. У нашу вёску іх прывозілі. Я ад усяго нашага міру маёра хрыстом-богам маліў адвярнуцца на мінутку. «Понимаю, – балбоча, – отец. Понимаю, но служба, не могу». Ах ты маць тваю... А жыццё ў нас, Захар'я, нечага бога гнявіць. Жыць можна сёння. Ё і чарка, і да чаркі ё. Даюць сёння жыць, нечага бога гнявіць, жыць можна, каб не гáды етыя. Ці скора іх павязуць?
– Каго павінны везці, што тут будзе? – спытаў Лецечка ў Захар'і.
– Справядлівасць будзе, – адрэзаў Захар'я. – Трымай язык за зубамі, от яшчэ навязаўся на маю галаву.
Яны прыбіліся ўжо да ганка, але не з параднага, а з чорнага хода ў Палац культуры, да ценю, да прахалоды. І тут, у цяні, у прахалодзе, Захар'я нечакана спатнеў.
– Ох, братка, – сказаў Захар'я, уздымаючы галаву да казырка, які павіс над ганкам. – Прамашку, здаецца, даў, трэба было не цябе, а каго-небудзь дужэйшага залыгаць. Слухай, а можа, я цябе туды ўссаджу, га?..
– Я табе ўссаджу, я табе ўссаджу, – звісла з процілеглага боку схілу казырка сівая бародка. – Занята плацкарта, забіта, і мясцоў больш німа.
– Добрдзень, Нічыпар, – амаль што весела сказаў Захар'я. – Ды як жа ты, стары хрыч, не рассыпаўся, ускараскаўся як ты туды?
– Ускараскайся і ты сюды, малады хрыч, тут я табе ўсё як ёсць і раскажу, – засмяялася, заскакала бародка.
– А ты хоць з гасцінцам? – ільсціва спытаў Захар'я.
– А як жа, мы прыпаслівыя. – І дзядок выпрастаў руку, паказаў Лецечку і Захар'ю добры камень, які ледзь трымала яго старэчая, ужо знядужаная рука. – Гэта ім за бацьку майго, дзеда Гуляя. Памятаеш яшчэ дзеда Гуляя?
– Памятаю, – адказаў Захар'я. – А ты Сучкоў ўсіх маіх памятаеш?
– Э, Захар'я, дзе тут усіх памятаць, тут бы гадкоў сваіх не забыць ды бацьку.
– Ну, дык трымай і ад маіх. – І Захар'я падаў Нічыпару сваю загорнутую ў газету палоўку цагліны.
– Бацьку майго яны ўжо апасля злавілі, зімой, – прымаючы гэтую палоўку, гаварыў Нічыпар. – выхваляліся: паслалі дзеда Гуляя рыбу лавіць, з агню жывым выйшаў, а з пелькі, з вады, сухім не выйдзе. А яму ж той парой соты гадок мінаваў... Сіроты мы з табой, Захар'я, сіроты. Давай да мяне, я ўжмусь, разам нам, сіротам, трэба трымацца.
– А ці не прагадаем мы з табой, Нічыпар, седзячы на гэтым вярблюдзе? А калі іх ды красным ходам павядуць?
– Ты што, ты што, – закоўзаўся на сваім седале дзед. – Гэта ж каго цераз красныя дзверы? Не мае таго быць, Захар'юшка. Мяркуй сам, па-партызанску мяркуй: ці можна гадаў праз красны ход пускаць... Гэта па-першае. Па-другое, вушы развяжы, паслухай, цяміш, якое там мора народу б'ецца, па кавалачку іх паганыя душы там расцягаюць. Не прошчана кроў людская. Я хітры, ты не думай, не сумлявайся, на вока людзям іх не дапусцяць. Лезь, не сумлявайся, Захар'іна гара.
– Ты й мянушку маю памятаеш. Была гара, ды ветрам разнесла... – І Захар'я, сапраўды як гара, палез, падзёрся на казырок. Як усё роўна валовымі нагамі абхапіў тоненькі прэнцік, Лецечка кінуўся дапамагчы яму, але Захар'я загадаў адысці і не замінаць, далей ад граху, а то, не дай бог, абарвецца.
– Не трасі, не трасі, і так дрогка, – папіскваў зверху дзядок, – хапайся за выступ, за ўступ.
Захар'я кінуў клюшняватую руку на ўступ, абдзіраючы грудзі вастрыём, акрайкам казырка, пачаў падцягвацца, пасабляў сабе нагамі, адпіхваўся нагамі ад прэнціка, разгойдаўся, раз-пораз міргаў, як усё роўна дзёрся на казырок не толькі целам, але і вачыма. 3 такім жа спрытам, а мо нават і больш спрытна ўздзіраўся б на гэты казырок і конь. Але, пэўна, ад таго старога каня была і ў Захар'і ўпартасць. Ён усцягваў сябе наверх сантыметр за сантыметрам. Агрубелымі і тоўстымі, але хуткімі пальцамі, нібыта іграў на гармоніку, бег па камені, знаходзіў у ім, і вокам не згледзець, шурпатасці, паглыбленні, бугаркі, учэпіста, па-мужыцку трымаўся за гэтыя шурпатасці, за паветра, бугрыўся сам, уздымаўся ўсё вышэй і вышэй.
І вось зялёнай камлыгай, купінай абваліўся на казырок, лёг грудзьмі, аддыхаўся, залез усім целам, узлёгся там гарой, не ведаў толькі, куды ўмасціць ногі, узняў іх угару.
– Дэмаскіруеш, кыш назад, – заенчыў дзядок.
– Нішкні, Нічыпар, – загадаў Захар'я. – Ляж і памры. Галоўнае – ціха.
– Ціха, табе ціха, – выгаворваў дзед праз сцятыя зубы. – Ды карову б сюды ўссадзіць, то больш ладу было б. Хлопца б вот падсадзіў бы замест сябе.