– Я сам павінен, – адбіваўся Захар'я. – Я столькі чакаў гэтага часу, мо таму і жыву. Сваімі рукамі павінен. Цэгла, камень не возьмуць – рукамі буду, зубамі. Скочу адсюль, хрыбціну сабе зламлю, а на той свет разам з сабой аднаго ды гада прыхаплю. Колькі злосць мая выспявала, Нічыпар, як кветка тая купальская... Касу ў рукі вазьму, а ў травах – галоўкі бялявыя дзяцей маіх стаяць. Лыжку ў рукі, а з талеркі – іх вочы на мяне... Не, Нічыпар, кранам мяне адсюль здымуць. Памры, Нічыпар, маўчы да часу... А ты, Лецечка, ідзі, ідзі. Нягожа табе яшчэ глядзець, як людзі гінуць.
Лецечка адмовіўся ісці куды-небудзь без Захар'і. У ім цяпер жылі і цікаўнасць і жах: што ж тут павінна адбыцца, якіх такіх гадаў паўзучых павінны выпусціць? Як гэтых гадаў будуць наладжваць на той свет Захар'я з Нічыпарам? Жах браў ад той нянавісці, што гучала ў словах, у голасе Захар'і, якая ўзняла яго і кінула на бетонны казырок, як на кулямёт, зліла, як з'яднала, яго твар з бетонам, пакінула на ім адны толькі вочы. Лецечка адчуваў, як у ім абуджаецца нянавісць, млява варушыцца ў грудзях. Гэта была яшчэ не яго асабістая нянавісць, а толькі водгук таго, што адбывалася з Захар'ем. Ён адчуваў, што не мае права пакінуць Сучка. Ён з усёй дзетдомаўскай грамады абраў толькі яго, і ён, Колька, павінен быць побач з ім да канца.
– Добра, – сказаў Захар'я, – добра, Лецечка. Застанься, я таму і браў цябе. Прыглядвай за дарогай, як убачыш чорную такую крытую машыну, свісні і змывайся тады. Паліцэйскія былыя ў той машыне будуць.
Лецечка cеў на бетонную прыступку і пачаў углядацца ў дарогу, у жанок, якія з пустымі вёдрамі спяшаліся да калонкі, ішлі не столькі па ваду, а каб пагаманіць з іншымі жанчынамі. Спаднічнае радыё ўжо даўно пачало сваю работу, забылася і пра печы, і пра някормленых дзяцей і парсюкоў. І Кольку брала прыкрасць, што яны вось так глумяць час. Іншая справа ён. Ён – як партызан у засадзе, глядзіць і маўчыць, чорнай машыны не правароніць. Ён і сапраўды адчуваў сябе партызанам. Вось толькі вымчыць з-за павароткі машына, ён скамандуе, і па яго камандзе... такое пачнецца... А што тут усё ж пачнецца, паспрабаваў Лецечка ўявіць сабе: паляцяць цагліны-гранаты, перакуліцца ўгару калёсамі машына, сканаюць у ёй гады – паліцэйскія – на радасць усім людзям, на радасць Сучку і Нічыпару. Пакрысе ён пачаў ужо разумець нянавісць Сучка і Нічыпара, спакваля мацнела і яго ўласная нянавісць: за што яны малых Сучкоў спалілі, яны ж і яго маглі таксама спаліць? Цаглінай іх, няхай ведаюць, што ім будзе за яго. Ён ужо праг, каб гэтая машына з'явілася як мага хутчэй. А галас там, на плошчы, крэп. Бушавала людское мора. Ужо не было чуваць галасоў паасобку, як спачатку, нібыта толькі ішла за хваляй хваля, варочала каменне. А раніца была ціхая, задуменная, ні воблачка, ні хмаркі на небе ці хаця б залётнага, прыблуднага ветрыку. І машына ўсё не паказвалася. Колька ўжо стаміўся чакаць. Чаму б гэтым людзям, падумаў аб моры на плошчы Лецечка, не сядзець цяпер па хатах, не кляпаць пад павецямі кос – сенакос ужо на носе, бабам не палоць агародаў? Не, цягнуцца кудысьці, кінулі-рынулі ўсё. Дурны народ, зусім з глузду ўсе паз'язджалі. Паліцэйскія ім патрэбны, не маюць іншага клопату. Разбяруцца без іх. А цяпер так добра паляжаць з кніжкай у садзе, пачытаць пра тых жа немцаў, паліцэйскіх, партызан. 3 кніжкі больш даведаешся, чым тут убачыш. Там дзесьці ў садзе ўжо, пэўна, чакае яго Лена. А ён марна траціць час. А ў яго, калі верыць таму ж Сучку, не надта гэтага часу і ёсць. Трэба рыхтавацца. І Колька зніякавеў, таму што ён не ўяўляў сабе, як гэта туды трэба рыхтавацца. Адзенне новае трэба, дык няхай аб гэтым баліць галава ў дырэктарыхі. Напісаць лісты? А да каго іх пісаць, куды пасылаць? Развітацца з Козелам, Дзыбатым, з бабай Зосяй? Чаго загадзя з імі развітвацца, калі яны заўсёды пад рукой. Ды яшчэ развітаешся – і застанешся жыць. Тады хоць рукі на сябе накладвай. А што яму наогул рабіць, не ў сэнсе блізкай смерці, а ў сэнсе жыцця...
– Едуць, едуць! – загаласілі каля калонкі жанкі.
– Едуць, едуць! – залямантаваў Лецечка.
– Не дэмаскіруй голасам і прысутнасцю. Згінь! – піскнуў Нічыпар зверху.
Лецечка адбег ад ганка. Машына скіравала да Палаца культуры, сцішылася, развярнулася і пачала пад'язджаць да ганка. 3 машыны саскочылі салдаты, вылез з кабіны маёр. І салдаты, і маёр, пэўна, яшчэ здалёку прыкмецілі на казырку Нічыпара і Захар'ю, і цяпер салдаты ўсміхаліся, хаваючы вочы ад маёра. А маёр задраў галаву, пільна ўглядаўся ў вочы старым, а старыя з такой жа пільнасцю, нават не міргаючы, трымаючы на выпрастаных руках, напагатове, камень і палову цаглінкі, глядзелі ў вочы маёру.