Выбрать главу

– Ну что мне с вами делать прикажете? – развёў рукамі маёр.

– Завадзіце, – піскнуў, як усё роўна аддаў загад маёру, дзед. – Нас тут нету, не відзіце вы нас.

А да ганка падвальваў ужо раз'юшаны натоўп, набягала людское мора, падхапіла, прыбіла і прыціснула да машыны Лецечку. Салдаты выстраіліся жывым калідорам ад дзвярэй машыны да дзвярэй Палаца культуры. Усутыч да іх прымкнулі і людзі. І толькі каля маёра быў свабодны, як нічыйны, астравок зямлі. Маёр па-ранейшаму з нудой, нібыта і не бачачы, не заўважаючы людзей, глядзеў на старых.

– Как мне снимать вас с этой верхотуры прикажете? Сами слезете?

– Не! – у адзін голас піскнулі дзяды. Узнялі галовы, згледзелі іх і людзі з натоўпу.

– Добрдзень, Нічыпар! Добрдзень, Захар'я!

– Ціха, ціхенька, людцы. Нас німа тут...

Выбухнуў смех, усміхнуўся і маёр.

– Помогите отцам спустнться на землю, – загадаў ён салдатам.

Але «атцы» спускацца не пажадалі.

– На руках мяне адсюль здымайце, – сказаў Нічыпар, сеў на казырок, скурчыўся і заплакаў, выціраючы вочы крысом ватоўкі. – Душы ў цябе німа, таварыш камандзір. Німа душы. Яны бацьку майго, яны дзетак маленькіх, яны ўсё наша сяло. А ты іх у машыне раскатваеш. Німа праўды, німа душы...

Маёр махнуў рукой і пайшоў у кабіну, злосна грымнуў дзверцамі. Двое салдат ужо былі на казырку. Яны ашчадна падхапілі дзеда пад пахі, Нічыпар паспеў, прыгроб да сябе камень, і салдаты, як дзіця, з рук у рукі перадалі Нічыпара разам з каменем іншым салдатам, якія стаялі ўнізе. Тыя хацелі паставіць яго на ногі, але Нічыпар не даўся, падкурчыў ногі пад сябе, і яго пасадзілі на зямлю каля ганка, як мех бульбы, маленькі чорны мех з сівой бародкай. Нічыпар трос гэтай бародкай, уздымаў над галавой камень і крычаў скрозь слёзы:

– Глядзіце, людцы, глядзіце. Вось сэрца маё! Во што з ім стала!

І зараўлі, загаласілі спачатку бабы, засмаркаліся ў хусткі і хустачкі, потым адвярнуліся, крывячы губы, і мужыкі. І тут, як па жывым, разануў натоўп дзіцячы пранізлівы плач. Плакаў Лецечка, прыпаў ілбом да кола машыны, як усё роўна самлеў на гэтым коле. Натоўп адхлынуў ад яго – такі нечаканы і такі несуцешны, надрыўны быў яго плач.

– А-а, рабёнка задавілі! – залямантавалі бабы.

– І нічога мяне не задавілі. Я зусім не таму...

Так, сапраўды ён плакаў зусім не таму, што яго крыху прыціснулі, ён і сам не ведаў, чаму ён плача: вочы не трывалі глядзець на Нічыпара, які трымаў у руках сэрца-камень. Яго, яго гэта было сэрца ў руках старога.

– Людцы, мір! – выбухнуў зверху голас Захар'і. – Не папусціцеся, не выдайце. Куля літасцівая. Агонь трэба і камень... Мучыць іх, як мучыліся мае дзеці ў агні... Дзеці мае, дзеткі, Колька Лецечка, сынок... – Захар'я на ўвесь свой магутны рост стаяў на казырку. У схватцы з салдатамі ён згубіў шапку, сівыя пасмы валасоў збіліся ў камяк, і камяк гэты варушыўся – як жывы. Захар'я быў страшны, проставалосы, сівы, замызганы, жахліва дужы, з выпрастанымі да неба акасцянелымі клюшнямі пальцаў, з амаль што звар'яцелым тварам.

– Як яны гарэлі, як яны прасілі: татачка, даражэнькі, лёду...

Захар'я не ўстаяў, пахіснуўся, ступіў з казырка на машыну, загрукаў па блясе ботамі:

– Чуеце, гады, чуеце, смерць ваша да вас просіцца!

– Наведите порядок, быстро! – зноў сярод людзей быў маёр. Ён быў таксама сівы і проставалосы, як Захар'я. Шапку пакінуў, пэўна, у кабіне, у шафёра, пэўна ж, там застаўся і яго пісталет, таму што кабура была адшпілена і пустая.

– Чалавеча, хрыстом богам цябе заклінаю, адвярніся на мінутку, – адбіваўся ад салдат, цягнуўся да маёра Захар'я. Але маёр маўчаў, толькі тугія жаўлакі каталіся па мангольскім скуластым твары. І нечым падобныя на маёра, кволыя побач з Захар'ем, салдаты спусцілі яго на зямлю. Адчыніліся заднія дзверцы, машына крыху яшчэ здала назад, стала амаль што ўшчыльную да сцяны Палаца культуры. Забразгала жалеза ў машыне, і у поўнай цішыні, у нейкім нават аняменні раніцы і людзей, спешна і спалохана, загрукалі ўжо там, у будынку, па дошках падлогі крокі. Ціша ўжо была неймаверная, толькі гэтыя крокі, дых людзей і мірганне іх вачэй. Маёр падышоў да кабіны, узяў з рук шафёра шапку, пісталет:

– Процесс, граждане, открытый, вход свободный, через фойе.

Ад яго кінуліся ва ўсе бакі. Імгненне-другое, і толькі салдаты, маёр, Захар'я з Нічыпарам і Лецечка засталіся каля машыны.

– Отцы, я вас могу провести через служебный вход, – падышоў, дапамог устаць з зямлі Нічыпару маёр.

Захар'я з Нічыпарам змоўчалі, пабраліся за рукі і пабрылі на плошчу. Лецечка пачакаў яшчэ крыху чагосьці і пакрочыў за імі. Ён усё яшчэ не мог сцішыцца, плакаў і не ведаў сам, чаму плача.