Выбрать главу

Шчыруе руплівы коўш экскаватара. І толькі гліна, толькі пясок. І галасоў нават ніякіх не чуваць, колькі ні прыслухоўваўся, а не чуваць, каб кагосьці клікала зямля. Гудзе толькі экскаватар, калупае, дзяўбе пясок і гліну грак, але ён нічога спажыўнага не знаходзіць; абуджаным аваднём звініць, сыходзіць ужо ранак. Абагрэты сонцам пясок абсох ужо, цячэ, з жоўтага бярэцца белым. Суха скочваюцца з горак пясчынкі, шамацяць, патрэскваюць, як усё роўна вазок коціцца з узгорка, шмат белых вазкоў, толькі ад кузні – і ў дарогу. Калі пакласці галаву на зямлю, здаецца, як бы песня якая плыве над зямлёй, песня без слоў: а-а-а. Манатонная, глухая... Выходзіць, усё ж ёсць голас, чутно, адпявае ўсё ж некага зямля. Не пустая яна, ёсць жыццё і ў зямлі, а жыве ў ёй спрадвечная скруха. Па кім яна, па тых, што ляжаць цяпер у зямлі, ці па тых, што яшчэ лягуць? Чым вышэй сонца, тым гучней, больш надрыўна песня. І вядзе яе ўжо не толькі зямля, вось яе ўжо заспявала, закалыхала маркотным веццем бяроза каля траншэі. Вось падаў, уплёў у яе свой голас і далёкі хмызняк, загаманіла коласам спачатку ў рознагалосіцу, а потым патрапіла, узяло сваю вышыню, сваю ноту і жытняе поле: а-а-а. Ляціць над зямлёй песня. І не толькі скруха ў ёй, але і радасць. Радасць, што слухаеш яе, што гэтая песня і ў табе. Трэба толькі прыслухацца да сябе. Пакласці гарачую даланю на гарачы пясок. Увойдзе ў цябе песня, тужлівая ці вясёлая. Гэта ж мо і не зямля спявае, а сам ты спяваеш. Зямля толькі прыслухоўваецца да цябе, пашырае, множыць тваю песню.

– Ты завеш мяне, Зямля? – пытае, прыпадае да зямлі вухам Лецечка.

– Лецечка, Ле-е-цечка-а-а... – чуе ён глухі і блізкі голас. І песня знікае, вясёлая і тужлівая. Ціха ўсё навокал, як вымерла. Колька падхапіўся з зямлі.

– Лецечка, увесь дзетдом з ног збіўся, цябе шукаючы. – Перад Лецечкам баба Зося.

– Што я, іголка, сам знайдуся...

– Нельга табе з дзетдома сыходзіць, дзіцятка...

– Мне цяпер ужо ўсё можна. Навошта падманваць мяне, баба Зося? Усё можна. Усё дазволена...

Экскаватар перашкаджае іх размове, яны адыходзяць ад яго.

– Што можна, што будзе, каму што наканавана, ведае адзіны толькі бог, – гаворыць баба Зося, і вочы яе вільгатнеюць, чырванеюць.

– А ёсць бог, ты верыш у бога?

– Табе я магу сказаць, што ёсць, веру...

– Во відзіш, відзіш, мне цяпер ужо ўсё можна...

– Няма бога, Лецечка, і не веру я. Каб быў бог, ці ён дазволіў бы... Не, няма бога... Няма і не было ніколі.

– А Лабановіч быў?

– Гэта які яшчэ Лабановіч? Мо ты блытаеш, да вайны ў сельпо ў нас рабіў Кахановіч...

– Дык ты, выходзіць, зусім не тая Зося, не пані Ядвіся?..

– Тая, Лецечка, тая, якая ўжо ёсць – баба Зося... А вось Лабановіча, хоць ты забі мяне, не памятаю, блытаеш... Вось ты ўжо і злуеш на мяне. А хвалявацца табе нельга, нельга. Мо я яшчэ ўспомню Лабановіча...

– Я не злую, – сказаў Лецечка і схлусіў, таму што так злаваў, так абураўся ён упершыню за дзесяць гадоў жыцця ў дзетдоме.

Цягнуў жа яго чорт за язык, адняло б яго. Не толькі ў траншэі пуста, але і баба Зося зусім не Ядвіся, а ліха яго ведае хто. Няхай бы ўжо ён змоўчаў, і засталася б баба Зося пані Ядвісяй. А так – што? Звычайная старая, з выплаканымі вачыма, усохлая, замест ног – сцяблінкі, спрацаваныя сухія рукі, і твар ужо страціў узрост. Колькі такіх бабуль, падобных адна да адной, як дзве кроплі вады, колькі такіх бабуль у хлапчуковых моцных чаравіках, апошніх у іх жыцці, ходзіць па горадзе, колькі іх дажывае свой век па вёсках, замшэлых хатах, у закутках, адгароджаных ад людскога вока матэрыяй, каля дымных печаў. І вось адна з іх прыбілася да дзетдома, прыляпілася да сіроцтва, да ізалятара.

Лецечка амаль што ненавідзеў бабу Зосю, таму што яна зусім не тая баба Зося, якую ён прыдумаў сабе, таму што яна перашкодзіла яму прыдумляць далей, сапсавала ўсё на свеце, больш таго, парушыла яго асабісты свет, свет, які ён стварыў для сябе...

– Я ведаю, хто ты, – сказаў Лецечка, – ведаю, баба Зося.