Баба Зося ўсміхнулася і як памаладзела.
– Што ж тут ведаць, Лецечка...
– Ты жонка Захар'і, вось хто ты, баба Зося.
Баба Зося як не ўпала ў траншэю.
– Гасподзь з табой, гасподзь з табой, дзіцятка, што ты чаўпеш. Не магу я яму быць жонкай...
– Адкуль жа ты тады ведаеш яго, што за віна ў цябе перад ім?
– Не трэба аб гэтым, Лецечка. Пашкадуй хоць ты мяне. Няма маёй віны перад людзьмі, як на духу, як богу, табе гавару... А ён табе пра мяне што гаварыў?
– А што ён мог сказаць?
– Нічога, дзіцятка, нічога. І не будзем болей аб гэтым. Аб чым-небудзь добрым, не аба мне і не аб ім пагаворым.
– Хто ж ты, Зося? – зноў спытаў Лецечка яе, як мог спытаць Лену ці то Стася.
– А старая я ўжо баба, Лецечка, парахня.
– Не ўвесь жа час ты была старая.
– Не ўвесь, не ўвесь, Лецечка, была такая, як і ты. Дваццаць душ жыло ў нашым доме. – Голас у бабы Зосі памаладзеў, зазвінеў і – як абламаўся. – ...Дваццаць душ, і самой сёння не верыцца... Знайшла я, Лецечка, калі такая, як ты, была, у аўсе мех грошай. Не, не такая, ужо нявесцілася... А мо ўжо і замужам была, дзяцей раджала. Не памятаю, няма памяці, ці то гэта перад вайной нават было... Шчасце якое, мех грошай, бітком-бітком...
– І што ты з імі зрабіла?
– Не памятаю, Лецечка, даўно было, ці то цукерак і пернікаў накупляла, ці то матэрыі крамнай на плацце ўзяла...
– А мех куды, куды грошы дзела?
– А туды ж, Лецечка, у авёс і закінула.
– Навошта ж ты іх, баба Зося, у авёс, столькі грошай?
– А ў тым і справа, Лецечка, столькі грошай, мех грошай. Навошта мне так багата, яшчэ падумаюць, што я ўкрала ці то забіла каго.
– А што далей было? Прапаў мех з грашыма?
– Ну што ты, Лецечка, хіба грошы прападаюць? Знайшла я іх раніцай, а пад абед добрыя людзі паспрыялі, пазбавілі мяне ад пакут. Прыехалі ў вёску на калясцы з рысорамі двое, паваліліся сярод вуліцы, галовамі ў пыл, у пясок: «Ратуйце, людзі добрыя, казённыя асігнацыі згубілі». Я і не ўцяміла, што за асігнацыі. «У зялёненькім, гавораць, такім мяху». Тут толькі да мяне і дайшло: гэта ж яны пра грошы гавораць. Прывяла іх да аўса, паказала месца. Адзін з гэтых раскрыў той мех, хап – што рукой ухапіць – і мне за пазуху. Наледзь адбілася, адну толькі паперку і ўзяла.
– Увезлі грошы?
– Увезлі, увезлі... А няўжо ж ты мяне не памятаеш, Лецечка?
– Адкуль гэта я цябе павінен памятаць, баба Зося, ты такая старая, а я...
– Ох, Лецечка, Лецечка, я ж цябе ў шпіталі глядзела. Не памятаеш?
– Не, баба Зося.
– А я вось усё памятаю. Набрала я на тыя дарованыя грошы пернікаў. І елі мы ўсёй сям'ёй... А цябе я ведаю яшчэ са шпіталя. Хто ж там клапаціўся пра цябе, хто спавіваў, даглядаў... Прывезлі цябе трэсачка трэсачкай, я і прыгарнулася да цябе сэрцам. А ты мяне ўсё лаяў, усё лаяў, а я трывала. Устаў ты на ногі, тым жа часам зняўся і шпіталь. Куды мне дзецца? У нямеччыну следам за войскам? Дык паміраць ужо лепей тут, на сваёй зямельцы. А радні ў мяне... Падалася я за табой у дзетдом. Думаю, прымаюць малых – не прагоняць і старую. На тое яно і выйшла, Лецечка, як наваражыла я сабе.
– А я думаў... – сказаў Лецечка і змоўк.
Не варта было гаварыць, што ён думаў. Яму ўсё яшчэ была даражэй і бліжэй тая баба Зося, якую ён прыдумаў. За тою была нейкая таямнічасць, а за гэтай – нічога: уздыхі, слёзы і смерць неўпрыкметку. І яшчэ дзень назад Колька ўсё гэта і выпаліў бы ёй. А сёння, вось зараз, язык не паварочваўся сказаць ёй гэта. І не таму, што калісьці баба Зося спавівала і даглядала яго. У дзетдоме іх – за сто чалавек, і пра кожнага клапоцяцца, кожнага даглядаюць. Але баба Зося чагосьці чакала, якіхсьці добрых, зычлівых слоў. А іх у тую хвіліну ў Лецечкі не было. І ён вырашыў за лепшае перамаўчаць. Няхай баба Зося так ніколі і не даведаецца, што плялі пра яе дзетдомаўцы. Няхай яна будзе яму бабай Зосяй, а для іншых так і застанецца пані Ядвісяй. Так будзе лепей ёй і дзетдомаўцам. А ён нікому нічога не скажа.
– А я думала... – сказала цяпер ужо баба Зося, так і не дачакаўшыся слова ад Лецечкі.
– Аб чым жа ты думала?
– Думкі мае... Падахвоціць, развесяліць цябе думала.
– Дык падахвочвай, весялі мяне.
– Пра грошы я табе гаварыла ўжо. І не згадаю больш, што б табе яшчэ расказаць цікавае... Выпускнікі нашы, дзетдомаўскія хлопцы, прыехалі. Студэнты...
Прыезду студэнтаў Лецечка не вельмі ўзрадаваўся. Але яго кранула імкненне бабы Зосі хоць такой дробяззю ды дагадзіць яму, і закарцела чымсьці аддзякаваць ёй за гэтую вестку пра студэнтаў, за гісторыю з грашыма.
– А памятаеш, баба Зося, курган пры дарозе? – нечакана для сябе пачаў ён.
– Там немцы яўрэяў расстрэльвалі, ля гэтага кургана іх і пахавалі...