Выбрать главу

І Колька паспяшаўся да роднага ганка, які цяпер абляпілі дзетдомаўцы, на якім на ганаровых месцах сядзелі выпускнікі, студэнты. Але баба Зося не дала яму затрымацца, пагнала снедаць. Ён хапатліва пад'еў і зноў быў на вуліцы, хаця баба Зося і ўмольвала яго адпачыць пасля снедання. Ён не мог больш трываць у чатырох сценах, памяшканне, сцены, усялякая абмежаванасць палохалі яго. Яму патрэбен быў прастор, патрэбны былі людзі. Ён хацеў жыць, як усе. Ніколі больш не быць недаробкам.

VI

Былыя выхаванцы дзіцячага дома, што прыехалі цяпер на лета ў дзетдом, не былі студэнтамі – баба Зося па сардэчнай прастаце ці па старэчым недамысленні паліслівіла перад ім. Самыя што ні на ёсць рамеснікі-фэзэвушнікі, толькі ў параднай, адпрасаванай форме: бліскучыя кашулі навыпуск, паверх якіх рамяні з бліскучымі спражкамі і літарамі на спражках «РУ»; суконныя штаны з калашынамі неабдымнай шырыні і складкі – парэзацца можна. На галовах, нягледзячы на гарачыню, чорныя фуражкі з зялёнымі кантамі і маленькімі, па модзе, казыркамі. Такія ж, як і дзетдомаўцы – хлопцы. Тым не менш, як трымалі яны сябе, як паводзілі, адчувалася: такія ж, але не зусім былі гэта хлопцы, яны паспыталі ўжо самастойнасці, нахапаліся слоў і выразаў не дзетдомаўскіх, не належалі яны больш ні дзетдому, ні Слабадзе, адрэзаныя кавалкі. Іх было двое, і абодвух Лецечка добра ведаў. Федзя Халява неаднойчы трапляў і ў ізалятар. Колька прыдумаў яму гэтую мянушку, Халява, а сапраўднае яго прозвішча Генералаў, Федзя Генералаў...

Неяк з адной са сваіх паездак у вобласць Колька прывёз крышачку халвы, пачаставаў хлопцаў. Федзя праглынуў у момант ласунак, пацікавіўся, што гэта такое ён еў, і папрасіў яшчэ: халявы. 3 таго часу і сам стаў Халявай. У дзетдоме ён быў не з апошніх: старшыня дзетсавета. І мо з-за гэтай сваёй пасады ўяўляўся Кольку больш дужым, больш рослым. Але за год, ці то сам Лецечка падрос, ці то Халява не вельмі быў годны ў рамеснікі, змяніўся ён да непазнавальнасці. Форма зменшыла яго, надала чарнаты ў твары, ён быў як вясковы дзядок у ёй. Раней шчочкі ў яго звісалі, з-за спіны, як кажуць, былі відаць, а цяпер, цяпер нібыта хто іх высмактаў і нібыта яны прысыпаны металічнымі апілкамі і злёгку змазаны машынным маслам; сціснуты і зморшчаны носік-кнопка, нібыта на гэтую кнопку хтосьці там, у вучылішчы, націснуў і адключыў Федзю Халяву.

А Сеню Грыбу форма пасавала. Чорная баваўняная кашуля сядзела на ім як улітая, пад ёй згадвалася дужае цела, дужыя плечы, добрыя мышцы. За год на рамесніцкіх харчах нарасціў ён касцей і мяса. Ужо і загарэць паспеў. Сонца выгнала на яго верхнюю губу чорныя вусікі, якімі, па ўсім відаць, Сеня вельмі ганарыўся, бясконца кратаў іх і песціў. Але з носам вось за гэты год у Грыба здарылася штосьць незразумелае: ён раптоўна набыў гарбінку і глядзеў з твара не прама, а крыху набок.

Грыб быў у цэнтры ўвагі дзетдомаўцаў, расказваў нейкую рамесніцкую, пачатую яшчэ без Колькі, гісторыю.

– ...Загнаў ён мяне ў куточак і нявечыць, кулакі – што гіры, як гірамі садзіць. Усё, усё, думаю, кранты. І ўжо кругі ўваччу ружовыя. А, думаю, паміраць, дык з музыкай, аперкотам яму знізу, пад дых. Ён і лапкі ўверх. Накаут чысцейшай вады, трыццаць мінут адкачвалі.

Грыб выразна паглядзеў на Лену. Колька скурчыўся, угнуўся, нібыта Грыб зрабіў накаут не таму хлопцу, а ён сам, Лецечка, трапіў на кулак Грыбу. Яго занудзіла, сэрца як вырвалася з грудзей, нібыта рыба з вады, сонца і спёка ахапілі сэрца, яно затрапятала, абмякла. А Сеня дабіваў яго, аперкотам, – дастаў з шырачэзнай калашні пачак «Боксу», спрытна вылузнуў з пачка папяроску-цвічок, прыкурыў, пусціў на Лену адно за другім тры кольцы дыму і падміргнуў ёй. Тыцнуў пальцам са збітым чорным пазногцем у літаркі на пачку.