Выбрать главу

Козел са Стасем Дзыбатым гулялі ў футбол, дакладней, балелі, наглядалі, як іншыя гуляюць.

Але паміж «гулялі» і «балелі» для Козела і Стася не было ніякай розніцы.

Балелі яны нават з большым запалам, чым дзетдомаўцы гулялі. Стась так кідаў круга галавой і над галавой рукі, так дрыгаў і тупацеў нагамі, што нават жах браў. І здавалася – не галава матляецца ў яго на кволай, ссінелай шыі, а лятае, падскоквае пабіты, здрапежаны чырвона-чорны мячык.

– Давай, давай, мазіла, – цененька енчыў Козел і даваў выспятка Стасю, – Хто ж так б'е, на мыла, на мыла, у пустыя вароты...

– На мыла, усіх на мыла, – падтрымліваў яго Стась. – Малайцы, малайцы... На мыла, на мыла – корнер, корнер... Афсайт.

Футбалісты не звярталі ўвагі на крыкі Стася і Козела. А корнеры і афсайты ў дзетдоме былі наогул скасаваны. Малы быў двор, каб гуляць па правілах. 3 аднаго боку яго абмяжоўвалі агароды, з другога – ліпавая алея, заміналі і канюшня, і жылы і адміністрацыйны карпусы. Такім чынам, было, не да афсайтаў і корнераў. І Стась з Козелам хутка стаміліся, супакоіліся, добра ведаючы, што ім не навучыць дзетдомаўцаў гуляць па правілах. Змарнела адышлі, сталі пад ліпы, у цяні, таму што ўжо добра прыпякала сонца, набліжаўся поўдзень, а яны былі, як кажуць, пры поўным парадзе. Абодва ў адпрасаваных, без адзінай зморшчынкі, без адзінай плямінкі, каверкотавых шэрых касцюмах, у асляпляльна наваксаваных чаравіках, у кепачках-шасціклінках, толькі адзін маленькі, а другі высачэзны, Пат і Паташонак. Адзін глядзеў на футбалістаў зверху, як са званіцы, і бачыў іх галовы і твары, другі аддаваў больш увагі нагам. Але абодва аднолькава цокалі языкамі, аднолькава матлялі галовамі, аднолькава, хаця і з рознай амплітудай, разгойдвалі плячыма.

А футбалісты разышліся ўжо не на жартачкі. Ужо варатар каманды, якая ніяк не магла ўзяць верх над сваім праціўнікам, нацягваў на спатнелыя рукі скураныя пальчаткі, экіпіраваўся не для таго, каб ямчэй браць мячы, а на бойку, таму што ў дзетдомаўскім футболе не было не толькі корнераў і афсайтаў, але і пераможцаў і пераможаных, і дзетдомаўскі футбол быў няспынны, не ведаў абмежаванняў часам. Ні адзін з дзетдомаўскіх футбалістаў не зведаў яшчэ горычы паражэнняў, як не зведаў, дарэчы, і ніводзін слабадзянскі футбаліст, калі гульня ішла на яго полі. Слабадзянская футбольная каманда на сваім полі выйгравала заўсёды, пра гэта добра ведалі ўсе навакольныя каманды, якія прыязджалі ў Слабаду. Калі ж выпадала нейкім разам, што гэтыя некаторыя іншыя каманды забываліся і пагражалі паражэннем слабадзянам, трое слабадзянскіх нападаючых, тры асілкі, як іх ахрысцілі дзетдомаўцы: Ізя, Лёля, Моля, хлопцы і на самай справе як асілкі – кучаравыя, рослыя, магутныя, – закасвалі рукавы. І перамога, будзьце спакойненькія, была забяспечана. Наогул, на дзетдомаўскі погляд, без усялякага перабольшвання, у сябе дома слабадзяне здольныя былі абыграць любую каманду, нават экстра-класа, не гаворачы ўжо аб мінскім «Спартаку». Не, што ні кажыце, Слабада ў тыя гады мела ўсе падставы стаць цэнтрам сусветнага футбола. У слабадзян было чаму павучыцца. Якія б знакамітыя, якія б славутыя каманды ні прыязджалі ў Слабаду, ехалі яны дамоў з паражэннем, а часам і з сінякамі, ехалі пад свіст і ўлюлюканне задаволеных слабадзян, а за іх машынай, звычайна палутаркай, каціўся, падскокваў на калдобінах прывязаны вяровачкай венік, звычайна дзяркач.

Вось па такой схеме ладзілі сваю гульню і дзетдомаўцы. І ў іх камандах былі свае тры асілкі – Ізя, Лёля, Моля. На самай справе яны, канечне, не былі асілкамі, а ператвараліся ў іх, калі таго патрабавалі абставіны, калі іх каманда безнадзейна прайгравала. Вось і цяпер варатар, мо Ізя, недвухсэнсава напяў пальчаткі, два другія футбалісты, што прызначылі сябе да роляў Лёлі і Молі, недвухсэнсава скінулі падраныя майкі. Нападаючы праціўніка выйшаў адзін на адзін з варатаром, ужо намерыўся лупануць па варотах. Але варатар Ізя апярэдзіў яго, улупіў яму ў вуха. Падбеглі Лёля з Молем, і пайшла калатня.

– Стоп, стоп! – паспрабаваў перашкодзіць бойцы Стась. – Будземо гуляць па-новаму, па-новаму будземо гуляць. – Дастаў з-за пазухі жоўты пластмасавы свісток. Стаяў поўдзень ужо, і біцца было горача, футбалісты прыслухаліся да Стася, спынілі рукапашную.

Далей футбол Колька не стаў глядзець. Нецікава. Ён ведаў, адгадаў, чым усё тут скончыцца. Стась будзе хістацца, як каланча, сярод футбалістаў, потым яго адправяць «на мыла», прывяжуць да пінжака дзяркач, і Дзыбаты пашкандыбае ў ізалятар, пачысціць ад пылу касцюм, навядзе бляск на чаравікі, зняможана ўпадзе на ложак, будзе бясконца назаляць яму і Козелу адзіным пытаннем: «Ці возьме ў гэтым годзе бронзу мінскі «Спартак»: будзе дэманстраваць ім фінты, абводы, нажніцы, удары ў дзевятку да той пары, пакуль не зморыцца ці пакуль не раззлуецца на «тупагаловых» – Лецечку з Козелам?