І Лецечка пацягнуў Козела з футбола ў ізалятар. І там, у ізалятары, у прахалодзе і адпаведным моманту балесным суме, павёў гаворку аб каханні. Падводзіў да тэмы спакваля, здалёку, пагаварыў, паразважаў аб каханні герояў Тургенева і толькі пасля гэтага пачаў гаварыць аб здрадзе, аб тым, што яго хвалявала.
– Што ж ты зрабіў, Васька, калі бы ты ўчора цалаваўся з адной, а сёння яна здрадзіла табе, пайшла з другім? – спытаў ён у Козела.
– Лена Лаза? – змружыў вочы Козел і падсеў да Лецечкі на ложак, не ўседзеў, залез на ложак з нагамі, на татарскі манер падкурчыў іх пад сябе. Якраз як бажок, маленькі гарбаценькі бажок – і ўсмешка паблажлівая, хітрая, і твар і губы як маслам падмазалі.
– Пры чым тут Лаза, – адмахнуўся Лецечка, уражана перапалоханы: гэта ж трэба, Козелу ўжо ўсё вядома, не інакш у гарбатых у гарбу яшчэ адна галава? Усё гэты Козел раней за іншых ведае, раней за іншых аб усім пранюхае. Каго гэта ён абвесці вакол пальца задумаў, гарбатага, ды таму сам чорт не дасць рады. Не, не варта давярацца Козелу. Ён ужо хацеў звесці гаворку на нішто.
– Лена тут прышый-прысцябай, – сказаў ён, няшчыра пазяхнуўшы. – Было б каго цалаваць, Лазу... Я так, у сэнсе тэорыі. А наогул у мяне ідэя...
Козел маўчаў, даваў Лецечку выгаварыцца, усміхаўся, як бажок, і, як бажок, пранікліва глядзеў, здаецца, не на Лецечку, а ў самае сэрца яго, глядзеў, не верачы ніводнаму слову і ў той жа час цікаваў кожнае слова, і Колька заблытаўся, асекся пад гэтым яго позіркам – пужліва і асуджана чакаў, якога яшчэ коніка выкіне Козел. І Козел выкінуў, як не чуў нічога пра ідэю, уцяміў, што гэта толькі так, каб адвесці яго ад галоўнага, і спытаў пра галоўнае:
– А пацалункі – гэта што, тэорыя ці ўжо практыка? Ты што, на самай справе цалаваўся з Ленай?
– Ідзі ты, ведаеш куды, са сваімі пацалункамі, са сваімі Ленамі... – Сам пайшоў у наступ, калупнуў Козела забароненым прыёмам: – Заляцаўся да гэтай казы... да гэтай казы заляцаўся сам і прыстаў: пацалункі, пацалункі. Надта прыемна цалавацца з усялякімі козамі.
– А з кім яна пайшла, з Халявай ці з Грыбам? 3 кім яна пайшла?.. – даверліва, як сам з сабой, загаварыў Козел. – Калі з Халявай, то гэта нічога. Халява ён і ёсць Халява. Тут можна не баяцца. Грыб... Грыб – іншая справа. Грыб – хлопец зух, баксёр другога юнацкага разраду...
– Другога юнацкага? – не вытрымаў Лецечка інквізітарскай разважлівасці Козела.
– Другога, Лецечка. Другі юнацкі, трэці дарослы, як і ў мяне па шашках. Але бокс – гэта табе не шашкі-пешкі, Лецечка. Бокс – гэта бокс, не хухры-мухры... А ты праўда цалаваўся з Ленай?
– Адчапіся, – прабурчаў Лецечка і з запалам: – Адчапіся, а то не пагляджу, што нашы ложкі стаяць побач, як залімоню зараз...
Але гэтая Лецечкава пагроза зусім не адбілася на далейшых паводзінах Козела. Ён, праўда, сеў на ложку больш прыстойна, але не са спалоху, а каб пасунуцца бліжэй да Лецечкі. Козел папоўз да Лецечкі, усклаў на яго рукі, выцягнуўся, прыціснуўся да яго, задыхаў амаль што яму ў вуха:
– Ты скажы мне, Лецечка, скажы, не таіся, я нікому, во, крэст на пузе – магіла. Яна цябе таксама цалавала ці толькі ты яе? Скажы, Лецечка, яна таксама цябе цалавала?
– Ніхто мяне не цалаваў, – сказаў Лецечка, – і я нікога не цалаваў. Так... час падыходзіць, час... кахаць...
– Што ты мне галаву дурыш! – Козел аж усхапіўся, скочыў на падлогу і стаў перад Лецечкам на калені. – Чаго ты мне мазгі круціш, арапа ўпраўляеш. Цалаваўся ты ці не з Ленай?
– Калі і цалаваўся, Васька, што з таго: цалаваўся, не цалаваўся?..
– А нічога... Дурань, ой дурань ты, Лецечка. – Козел падхапіўся з падлогі, стукнуў сябе кулаком па калене. – Дурні мы з табой абодва, Лецечка. Цябе-то чаго на красівую пацягнула? Усім красівыя, прыгажунь усім падавай. А хто, я пытаю цябе, некрасівых будзе любіць? Хто Маню Бурачок палюбіць, пытаю я цябе?
– Любі ты яе сам, – адказаў Лецечка. – Трепетно и нежно.
– І буду любіць, буду кахаць: трепетно и нежно. А красівых, красівых, Колька... Сымона гарбатага ведаў?
Колька ведаў аднаго гарбатага – Козела. І з яго было даволі, ён змоўчаў. Козел працягваў:
– Дык вось той Сымон, таксама як і я, гарбаты. Гарбаты не заўсёды, а з вайны. А жонка ў яго прыгожая была, з суседам спуталася. І ведаеш, што Сымон гарбаты ўтварыў? Падцікаваў, навальніца якраз усхадзілася, жонка яго пад шумок па дожджыку – шусь да суседа ў хату, а Сымон у хлеў, раскідаў сена, выкаціў пушку-саракапятку з хлява. Гром лясь, а ён прамой наводкай у хату суседа плясь...