Між тым горад прачынаўся ўжо. Колька адчуў гэта не слыхам, не зрокам, а па пахах. Ён ужо даўно ўмеў пазнаваць жыццё і жывое па пахах, па колеру, таму што яшчэ да гаворкі з Захар'ем у садзе пра смерць ён часта сядзеў вось тут, на ганку, і сустракаў раніцу, таму што дзесьці ў глыбіні душы ён заўсёды насіў страх, баяўся, што аднойчы для яго можа і не развіднець. I Колька заўсёды чакаў, падганяў заўтра і адчуваў абуджэнне гэтага заўтра. Вось і цяпер ён ухапіў імгненне, калі пачалі расчыняцца хлявы, яшчэ не замычалі каровы, а панесла, панесла ўжо настоем сырадою, расчыненага з ночы жытла чалавека і жывёліны. I адразу да гэтага чалавечага і жывога прымяшаўся саладкаваты дух ахаладзелага за ноч жалеза, да якога ўжо даткнулася сонца; едкі пах саляркі; заслізгацеў па ветрыку, пабег самы трывалы і самы хуткі дух бензіну – пачалася работа ў гаражы, які быў непадалёку ад дзетдома.
I вось ужо затрубіў у рог пастух – як прамкамбінатаўскі гудок зароў спрасонку. I пасля гэтага рога-гудка лена, застаяла завалюхаліся па вуліцы каровы. Разам забрахалі сабакі, што згаварыліся. Ляснуў, як стрэліў, пугай упоперак вуліцы пастух, не то супакойваючы сабак, не то задзіраючы іх. Задзенькалі варотцы на падворках, загулі галасы. I крануліся, здаецца, з месца кветкі ў агародчыках. Нерухомае раней паветра паплыло, пацягнулася ўслед за каровамі, людзьмі на прастор, на волю, каб дыхнуць полем і лесам. Гэта і было доўгачаканае Лецечкава заўтра.
Прачынаўся і дзетдом. I зноў аб гэтым Колька Лецечка даведаўся не па гуках, не звычайным слыхам і зрокам, а зрокам і слыхам, здабытым за гады жыцця ў дзетдоме. А ў дзетдоме ён жыў заўсёды, заўсёды быў дзетдомаўскім. I ведаў пра ўсё, што адбываецца цяпер у яго сценах. Першымі ўставалі ў дзіцячым доме недаробкі. Недаробкам быў і сам Колька Лецечка. Хто яго так ахрысціў – вось гэтага ён не ведаў. Услых мянушка гучала зрэдку. Але ўсё роўна ён, Колька Лецечка, – недаробак, таму што больш жыве не ў палаце, не ў корпусе разам з усімі хлопцамі, а ў ізалятары. У ізалятары жывуць і гарбаценькі Васька Козел, і Дзыбаты – метр дзевяноста ростам – Стась Марусевіч – гэта пастаянныя недаробкі, недаробкі, на ўсё жыццё замацаваныя за ізалятарам. I цяпер, утаропіўшы вочы ў столь, яны ляжаць на ложках і не варушацца, скрыжаваўшы рукі на грудзях і роўна дыхаючы. Падманваюць адзін аднаго, быццам у іх цудоўны сон, быццам не яны ноччу падскоквалі ўвесь час і стагналі.
Так затоена і ціха яны будуць ляжаць яшчэ доўга, пакуль не загрукоча ў каморцы бідонамі і посудам баба Зося. Тады яны, як па загаду, павернуцца адзін да аднаго, сустрэнуцца вачыма, у якіх ужо даўно сон не начуе, збянтэжацца і адначасова прагавораць:
– А куды гэта зноў прапаў гэты Лецечка-лунацік?
Скажуць так, хаця добра ведаюць, што Лецечка ніякі не лунацік, і пачнуць апранацца, марудна, ціха, пачнуць прыбіраць ложкі. А за сцяной у агульнай палаце хлопцы будуць яшчэ спаць чуйным і салодкім, самым дарагім сном, калі ўжо зразумела, што пад'ём блізка, а паднімацца не хочацца. I яны будуць да апошняга чапляцца за падушкі, за сон, да той пары, пакуль не прыйдзе выхавацельніца і разам са старастам палаты не пачне зрываць з іх пакамечаныя прасціны. Хлопцы будуць адбівацца, брыкацца, а які з іх і шыбане ў старасту чаравікам ці падушкай.
Усё гэта ведае, уяўляе сабе Колька, толькі вось не можа ўявіць, як устаюць, што адбываецца ў гэты ранні час у дзяўчат. Ці таксама моцна спяць яны, як і хлопцы, захутаўшыся прасцінамі ці раскрытыя. Дзяўчаты, іх спальня, – замежная краіна для Колькі.
Ляпнулі дзверы, не, не ў ізалятары ў недаробкаў, а ў тым нармальным, здаровым крыле корпуса. Колька ўзняў галаву. Па сцежцы, якая вяла да «шпакоўні», што стаяла ў кіяхах, ішла Лена, ішла хутка, выкідвала цыбатыя ногі, пацепвала ад свежасці плячыма, азіралася, ледзь не бегла. «Вось табе і замежная краіна, – падумаў Колька, – усё, як усюды, і...» Тут думка яго была перапынена. Зноў, але мацней ужо ляпнулі дзверы, і на сцежку, якая вяла да той жа шпакоўні, выкапацеў Ванька Бурак, па-мясцоваму, па-дзетдомаўску Ванька-Дурак. Гэтых Буракоў у дзетдоме трое: Ванька, Манька і Андрэй. I ўсе яны... Буракі. Ванька – самы малодшы. I цяпер ён жвава капацеў па сцяжынцы, адной рукой смыгаў уверх трусікі, што спаўзалі, другой – нос. I намер яго быў відавочны – абагнаць Лену Лазу.
I ён абагнаў яе, убіўся паперад яе ў шпакоўню. I адразу, як выбух, грымнуў смех. Смяяліся хлопцы старэйшай групы: мо яны і падбухторылі Бурачка. I Лецечка смяяўся разам з усімі, ад яго разам адхлынулі ўсе світальныя жахі. Вельмі ж здаровая, ядраная была раніца, хоць ты сам ідзі ў скокі, як тое цялё на поплаве, хоць сам на злом галавы ляці па гэтым зіхатлівым ад роўнага ранішняга сонца садзе, збірай павуцінне, што раскідаў за ноч павук, збірай з травы расу, як у вір, кідайся ў застылую пад плотам прахалоду і бадзёрасць, залезь на яблыню, пакаштуй яшчэ няспелых – скулы верне, – але такіх прываблівых яблыкаў.