Выбрать главу

Вырашылі гэтую, другую булку хлеба, што засталося ад яе, падзяліць па скібачцы на ўсіх. І ўсе з'елі па скібачцы, акрамя Лецечкі. Хлеб Веры Канстанцінаўны ён адмовіўся есці нават у пакаранне, нават з салідарнасці, і за яго тут папрацаваў, усё ж пераадолеў сябе, Бурачок. Прыбралі стол, дамовіліся: калі елі ўсе, усе будуць і маўчаць. Ніхто хлеба і ў вочы не бачыў, ніхто аб ім нічога не ведае, што б ні здарылася.

Козела і Стася Колька ў той дзень да вечара так нідзе і не сустрэў – добра схаваліся. І сам ён схаваўся, знік, так што і не заўважыў, як прыспела гэтая вячэра. Еў ён у адзіноце, у сталоўцы былі толькі кухары ды дзяжурныя. Тут, у сталоўцы, і натрапіў ён на Захар'ю. Быў той злёгку, а мо і добра пад мухай. Усё ж пачаставалі яго мужыкі на плошчы «слёзкамі». Гледзячы, як моўчкі крадзецца да раздатачнага акна Захар'я, Колька ўцяміў нарэшце, чаго яму не хапала цэлы дзень, чаго яму было так маркотна: ён павінен быў разам з Захар'ем быць на судзе. А ён перапалохаўся, збег. А там, а не тут, у дзетдоме, адбывалася самае важнае, і гэтае важнае датычыла не толькі Захар'і, але і яго. Была, была пра яго там гаворка. За гэты, такі вялікі-вялікі дзень ён тое-сёе прыгадаў.

Захар'я грукнуў кульбай у акно:

– Зіна, вядро супу.

Кухарка Зіна высунула галаву ў акно і незадаволена забурчала. Яна любіла карміць толькі дзетдомаўцаў. А конюха, прыбіральшчыц, Захар'ю і нават дзяжурных выхавацеляў не вельмі прывячала.

– Не бурчы, не бурчы, – сказаў Захар'я, – я разуменне маю, не аб'ем. Мне тое, што і свінням, астаткі.

Дзяжурныя ўжо самі неслі гэтыя «астаткі», загадзя прадчуваючы забаву. Яны ганарыліся і тым, што ў іхнім дзетдоме жыве і робіць самы пражорлівы чалавек на зямлі. А Захар'я, безумоўна, быў гэтым самым пражорлівым на зямлі чалавекам. Асаблівага жывата, мяса на ім не было, ён хутчэй быў хударлявы, чым тоўсты, але без усялякай натугі быў здольны ўмяць пару двухкілаграмовых булак хлеба сухама і паўвядра супу, зверху прыняць яшчэ паўвядзерную каструлю кашы і запіць усё гэта трохлітровым чайнікам кампоту. Мерацца з ім у дзетдоме быў здатны адзін толькі Андрэй Бурак, у якога, таксама як і ў Захар'і, скура ды косці ды вочы ад сквапнасці навылупку, і паглынаў гэты Андрэй Бурак усё, што ні падавалі, не з патрэбы есці і не з галадухі, а ад сквапнасці, давячыся, смецячы, раскідваючы. Захар'я ж еў прыгожа, праўда, лезла ўсё гэта, як у прорву: вылазіў з-за стала, і знаку на ім ніякага, усё роўна як і не еў нічога. Найбольш дапытлівым з дзетдомаўцаў ахвотна тлумачыў, што непамерная пражэрлівасць яго ідзе ад таго, што ў маладосці з'еў ён гадзюку. Праўда ці не, але, як расказваў Захар'я, адбылося гэта яшчэ ў той час, калі ён парабкаваў у пана. Пан быў злы, што чорт, і худы, як кашчэй. Парабкі надумалі збавіцца ад пана. Злавілі, зварылі і падалі яму гада балотнага, гадзюку. Праглынуў пан таго гада, і халера яго не бярэ, таўсцець толькі пачаў, адгадаваў чэрава – на воз не ўскласці, палагаднеў, дабрэйшы стаў. Захар'ю таксама закарцела мець пуза, як у пана. І ён таксама спаймаў гада, зварыў яго і з'еў. Але пуза так і не прыдбаў, пражэрлівасць толькі напала. Што б ні з'еў – мала. Вечна не хапала яму яды і тады, пры пане, і потым, без пана, у вайну і ў мірны час. І цяпер, калі прыспеў ужо час на той свет збірацца, усё вантробы ненасытныя есці просяць. Прорва, а не жывот: падавай яму і падавай, паднось і паднось, жыве там гадзюка ў жываце і смокча...

– Збег, значыцца, пакінуў мяне аднаго. – Захар'я падсеў да Лецечкі, дастаў з-за халявы бота драўляную лыжку, старанна выцер яе рукавом бушлата. – Збег, Лецечка, ліха тваю матку.

– Ты ж сам мяне кінуў, – сказаў Лецечка. – Самагон з Нічыпарам пайшоў глушыць.

– Глушыў і самагнёт, Лецечка, у жыцці так не пякло. Прагул у мяне сёння, Лецечка... Душа баліць. Першы раз у будні дзень і без работы.

– Ты ж на рабоце! – здзівіўся Лецечка. – Які ў стоража можа быць прагул? Прыйшоў, пад'еў і ў будан – на бакавую.

– Э, Лецечка, у дзетдоме ў мяне не работа, а служба. Работа ў сяле, у хаце. Я цясляр, Лецечка, хаты людзям раблю, а вось сёння правалаводзіў дзень. А ты гэта добра, добра зрабіў, што збег. Не трэба гэтага табе, Лецечка. І блізка не падыходзь болей туды, не патыкайся, бо там...

Захар'я замоўк, забыў пра суп і пра Лецечку, пэўна, забыў, як трэсачку нейкую непатрэбную, круціў у кляшняватых пальцах драўляную, ёмістую, але ўжо аджыўшую свой век, сасмактаную, злізаную лыжку. Краі яе ўжо амаль што прасвечваліся, і як ім не прасвечвацца, калі згадаць, колькі ўжо год гаспадару яе, колькі ён высербаў ёю супоў, колькі яна перанасіла гарачых картопляў і каш. Лыжка, падобна было, ператварылася ад такой цяжкой працы з драўлянай у касцяную, і гаспадар яе, уладальнік, цяпер і сам ужо як вытачаны з адзінай добрай косткі, з жывога чалавека ператварыўся ў костку. Такі і ў зямлю, у пясок, гліну ляжа на вякі, на стагоддзі, і праз стагоддзі яго знойдуць, адкапаюць, як знаходзяць і адкопваюць мамантаў, і будуць вывучаць, як вывучаюць мамантаў. А яго, Лецечкава, цела ў момант пойдзе прахам, перамяшаецца з зямлёй, і знаку ад яго не застанецца, што ён быў. Пыл, тая ж самая гліна, што так даспадобы слабадзянскім навасёлам. Яе замяшаюць разам з пяском у ночвах, замесяць босымі нагамі хлапчукі і бабы і кінуць на сцены таго дома, што рубіць цяпер Захар'я, прыгладзяць кельмамі, прыгладзяць, каб не вытыркаўся яго віхор. Але і ён будзе бачыць усё, што адбываецца ў хаце. Толькі не будзе мець голасу. І добра, калі яму пашанцуе трапіць у добры дом, у добрую сям'ю, у якой ніхто нікога не крыўдзіць, у якой не пакрыўдзяць і яго: ён жа не заплача, не папросіцца. Няхай гэта будзе дзетдом, толькі не ізалятар, барані божа ад таго, каб і пасля смерці апынуцца ў ізалятары...