Тут Лецечка спалохаўся, як нібыта ўсё, што ўяўлялася, трызнілася яму, ужо адбылося. Цела яго, яго прах размясілі, атынкавалі ім ізалятар, на яго дыхнула пахам лякарстваў, павеяла дыханнем Козела і Стася, іх хваравітасцю і страхам, хваравітасцю і страхам, што сыходзілі ад яго самога.
Лецечка адчуў, што яму не хапае паветра. Няма, няма чым і пасля смерці яму дыхаць. Ён падхапіўся з крэсла, уплёўся абедзвюма рукамі за спінку яго, адкінуў галаву, каб не бачыць нікога, дыхаць ужо не гэтым, здыханым, цяжкім, што імкнулася да долу, паветрам, а тым, што льецца зверху, не апаганеным яшчэ нікім, ні Стасем, ні Козелам, нават і Захар'ем, таму што Захар'і, здалося яму, ужо няма, ён ужо даўно ў зямлі, у гліне, не было больш побач з ім Захар'і, не бачыў ён яго, але голас Захар'і дасягаў яго, гучаў у вушах, замінаў дыхаць.
– Ну вось, Лецечка, вось, сынок. А што я табе гаварыў... Пастой, пастой, не садзіся. Зараз, зараз табе лепей будзе, крыві б табе трэба пусціць. Я пазаўтраму п'явак табе прынясу... дзіця ты горкае...
Словы Захар'і аб крыві і п'яўках яшчэ больш вярэдзілі яго, нагадвалі аб нечым далёкім і забытым, што было, было з ім, але ўжо сцерлася з памяці. Ён раптам, як наяву, выразна ўбачыў перад сабой зіхатлівы ад шкла і нікелю медыцынскі шпрыц, мужчынскія дужыя рукі, якія пахлі лякарствам і мылам і свежым ручніком. Шпрыц, як жывы, ганяўся за ім, за Лецечкам, лучыў яму ў руку, у вену. Шпрыц быў такі вялізны-вялізны, а ён, Лецечка, такі маленькі, такі маленькі...
– Не дамся, не дамо. У мяне ўжо і так уся кроў высмактана, няма крыві! – Лецечку мроілася, што ён крыкам крычыць, аж канае ад крыку, а з горла выкатваўся толькі бездапаможны хрып. Ён ужо апамятаўся, і яму было ўжо сорамна за сябе, усё ўжо ўраўнаважылася. Не было больш шпрыца, не чулася і паху лекаў. На ранейшым месцы з той жа самай драўлянай лыжкай у руцэ сядзеў Захар'я і з цікаўнасцю, жахам і болем углядаўся ў яго.
– Гэта яна, яна да цябе прыходзіла, – пошапкам сказаў Захар'я. – Відзеў ты яе?
– Гэта была не яна. Гэта быў ён... – Лецечка здрыгануўся, таму што на імгненне яму адрыўся і твар мужчыны, бліскавіцай мільгануў у памяці. Лецечка паспеў толькі згледзець акуляры на гэтым твары, пукатае шкло акуляраў, жоўтае павуцінне дужак. Мільганула ўсё гэта – як малаком забялілася.
– Хто ж гэта ён? – як раней, пошапкам дапытваўся Захар'я.
– Аб кім ты? – з недаўменнем паглядзеў на яго Лецечка. Ён амаль што нічога ўжо не памятаў з таго, што з ім было толькі што.
– Яна была, Лецечка, яна, – пераканана сказаў Захар'я. – Я яе сёння таксама відзеў, калі там, на казырку, стаяў. Пагразіла яна мне пальцам і сказала адно: «Чакай, не спяшайся. Я аб табе не забыла, не абыду». Ад мяне яна к табе прыйшла. Не хадзі, не хадзі ты, Лецечка, барані божа, на плошчу, на суд. Не дражні яе, там яна цяпер.
– А што робіць зараз Зося, што робіць зараз баба Зося, Захар'я? – неспадзявана і, здаецца, зусім не да месца раптам звярнуўся да Захар'і Лецечка, але Захар'ю аж скрывіла, ён нават падскочыў.
– Няйнакш, ты спазнаўся з нячыстай сілай... Слухай, хлопча, слухай: маўчы!
– Не, не, – хапатліва загаварыў Лецечка, – Захар'я, не трэба лгаць сабе, не лжы сабе. Вунь яна, вучь яна: глядзі, у акне стаіць, на цябе паглядае, на цябе, ценем за табой ходзіць баба Зося. Цень яе за табой ходзіць... Сястра яна табе?.. Сястра родная, а ты...