Выбрать главу

Захар'я ўгнуўся, зніякавеў, але ў акно і не паглядзеў.

– Ведаю, што стаіць яна ў акне, ценем за мной ходзіць... і не ў акне, не ценем, вось тут яна, жывая, між намі стаіць... Што яна робіць, Лецечка?

– Плача, Захар'я. Рукі да цябе цягне... – адказаў Лецечка, хоць ні ў акне, ні каля іх ніякай бабы Зосі не было відаць.

– Адтуль ты яе відзіш, адтуль, – памаўчаўшы, зноў загаварыў Захар'я. – Не к дабру, не к дабру гэта, Лецечка, а што зробіш, нічога тут ужо не папішаш. Паміруся, паміруся я з ёй, Лецечка, каб не хадзіць табе адтуль да мяне, не вярэдзіць ногі. Калі ты мне адтуль знак падаеш, значыць, так трэба. Сястра яна мне, родная. 3-за яе, Лецечка, наш род і палёг, вось, падсечаны пад корань. Красівая яна была ў дзеўках, красівая, пасылаў сватоў да яе адзін – ды адлуп яна яму дала. «Успамянеш мяне, – прыгразіў. – Радня цябе пракляне». Стрымаў слова, гад. Выйшла яна за другога, колькі гадоў мінула, нарадзіла яна дзяцей. Ужо большыя на ногі ўсталі, на свой хлеб пайшлі, а тут вайна. Жанішок той былы – у паліцаі. Першым дзелам дзяцей яе меншых... ото стаіўся, ото стаіўся... Хлопчыка і дзяўчынку ў бочку... бочку засмаліў і жыўцом дзяцей у гэтай бочцы ў зямлю закапаў. Яе пальцам не крануў, яна сама як бы розумам кранулася. А жаніху яе, паліцаю, усё мала... Чалавеку на ўсё толькі адважыцца трэба, толькі пачаць, тады ўжо не ведае ён ні канца, ні краю... Давай увесь наш род, усю фамілію пад корань: за Зосю, за гардыню яе, помсціў... І мяне, і маіх дзетак... Вось так, Лецечка. Вось якое ліха па белым свеце ходзіць. І разумею я, Лецечка, разумею, што ні на паўстолькі не вінаватая яна ні перад кім, што няма чалавека больш няшчаснага за яе на зямлі... Але як удумаешся, як уваб'еш у галаву – усё ж па-іншаму, па-іншаму магло пайсці, калі б не выпадак. Не ў выпадку справа, галавой суджу, а сэрцам... Дзеці ў маім сэрцы, рана жывая, а чалавек, калі паранены, як звер, не розумам – ён болем жыве... Дрэва падсячы – яно не будзе выбіраць, куды ўпасці, на іншыя дрэвы, на кусточкі і валіцца...

– А гэтыя, у бочцы, хлопчык і дзяўчынка адразу памерлі, ён іх смалой не абварыў, калі смаліў бочку? – шэптам спытаў у Захар'і Лецечка. Ён мо і не чуў, што тут гаварыў Захар'я, – так уразілі яго гэтыя хлопчык і дзяўчынка, іх пакутлівая смерць.

– Затхнуліся, затхнуліся ўжо ў зямлі, – шэптам і адказаў яму Захар'я. – Спачатку, як мышы, людзі расказвалі, скрабліся, скрабліся, а потым аціхлі. І хопіць, Лецечка, не для твайго сэрца, не для дзіцячага паняцця. Абыходзь ты краем гэтыя нашы балячкі. Не кранай ты нашых ран. Толькі ўспомніць, прыгадаць усё – і жыць не схочаш, не хадзі ты заўтра, не хадзі.

Лецечка маўчаў. Але ён быў цвёрда перакананы, што пойдзе заўтра туды. Ён і так патраціў ужо дзень. Дзень, пражыты сёння, і на самай справе здаўся яму пустым, марна патрачаным днём – нейкія дзіцячыя крыўды, дзіцячыя размовы з Козелам.

А дзень яшчэ ішоў, працягваўся. Яшчэ была лінейка, і на лінейцы бітую гадзіну таўклі пра ЧП у старэйшай групе. Дакладвала аб ЧП сама Вера Канстанцінаўна, гаварыла як бы з жалем. А дырэктарыха была злосная і рэзкая.

– Суткі вам усім на роздум аб тым, што адбылося. Да наступнай вячэрняй лінейкі знайсці вінаватых, хто ўкраў хлеб. Шмат чаго можна дараваць, але калі ўжо крадзеж ідзе ў дзетдоме, калі крадуць адзін у аднаго – недаравальна. Таму што тады ўжо няма калектыву. А няма калектыву – няма і сям'і, няма дзетдомаўцаў, няма дзетдома.

Лецечка зноў чуў і не чуў, аб чым гаворыць дырэктарыха, ледзь вытрываў да заканчэння лінейкі, ледзь ішоў з яе, змораны, цяжкі. Потым доўга не браў сон. Стась усё разважаў аб футболе. А потым хлопцы за сцяной узнялі такі шурум-бурум, што ўздрыгваў ложак і са столі сыпалася тынкоўка. Баба Зося неаднойчы бегала на здаровую палавіну корпуса, супакойвала хлопцаў. Але тыя супакоіліся толькі дзесьці к першым пеўням. Калі Колька ўжо зусім змарнеў, тады толькі ўсталявалася цішыня, сухія і гарачыя прасціны крыху адышлі ад яго поту, і ён урэшце прыладзіўся да падушкі, і ўжо можна было заснуць. Але сон бег ад яго, ад трывожнага і радаснага одуму: што будзе заўтра? Усе спяшаліся, спяшаліся кудысьці, беглі людзі, брахалі чамусьці сабакі, скуголіў, выў пад акном Асталоп. І... зноў прыходзіў ён. Але толькі пукатае шкло акуляраў і жоўтае павуцінне дужак...

VII

На плошчы за ноч шмат што перайначылася. Але ўсё гэтак – ушчыльную адна да другой – стаялі падводы, як усё роўна і не пакідалі яны на ноч плошчу. Нагой не было куды ступіць ад народу, таксама, здаецца, нязменнага, учарашняга. Але, прыгледзеўшыся, Лецечка адзначыў, што народ гэты сёння крыху інакшы, крыху не з такім настроем. 3 вазоў вяла, але ж тым-сім ужо гандлявалі. На рыштаваннях універмага, на другім паверсе, марудна, але ўсё ж працавалі, а ўчора там нікога не было. І галасы на плошчы сёння гучалі больш прыглушана. І ранак стаяў млявы, санлівы, нібыта змораны ўжо, нібыта ўсё вакол змарылася, змарнела яшчэ ўчора.