Але такая змарнеласць і кволасць панавалі не доўга. Варта было толькі расчыніцца адрамантаваным звечара ці то ноччу дзвярам Палаца культуры, як санлівая ачмуранасць ранку знікла. Зноў загойдалася, забілася людское мора. Лецечка стаяў каля дзвярэй, чакаў, калі адхлынуць першыя, самыя буйныя, хвалі. Як толькі, здалося яму, паменшала таўкатня, уліўся, прыстаў і сам да вірлівага патоку. Але, пэўна, паспяшаўся – нельга было ні распраміцца, ні ўздыхнуць, ледзь не раздзіраючы на часткі, яго пацягнулі ў залу, як цягне за сабой вясновая паводка ўсё, што замінае ёй, што сустракаецца ёй на шляху – дрэвы, кусты, палкі, трэскі. І Лецечка адчуваў сябе такой трэскай, якая трапіла ў паводкавы вір. Так кідала, шпурляла яго ад аднаго чалавека да другога, ён ляпіўся да кожнага, да каго толькі не прыбівала яго, але ненадоўга: жыццёвыя хвалі, жыццёвы вір быў таксама бязлітасны, як і той, сляпы, стыхійны, тут таксама была стыхія. І нельга было прыбіцца, прыстаць ні да аднаго з берагоў, ніводзін бераг, ніводзін чалавек не прымалі яго. Тыя, што былі наперадзе, ужо бачылі перад сабой залу, крэслы, што чакалі іх, прыспешвалі прыспешваць тых, хто наперадзе іх, і тыя, што былі ззаду, ціснулі, гналі, вымушвалі паскараць крок. У тых, хто ішоў ззаду, было яшчэ больш нецярплівасці і яшчэ менш разумення, таму што яны бачылі толькі спіны пярэдніх, ім увесь час здавалася, што іх знарок не пускаюць, знарок прытрымліваюць. А Лецечка нічога перад сабой не бачыў. Яму трэба было змагацца і з тымі, хто наперадзе, каб яго не цягнулі за сабой так хутка, далі перавесці дых, не адарвалі ні рук, ні ног, не распялі, і трэба было змагацца з сабой, утаймоўваць сваё абурэнне і пратэст, і паспяваць крочыць за ўсімі, паспяваць выкідваць ногі і рукі, каб утрымлівацца на хвалі, на плыні ў гэтым жыццёвым моры. Вось-вось, здавалася, усё скончыцца, хваля вышпурне яго на бераг, абдасць пенай і памчыць далей. А ён, знясілены, застанецца на пяску.
Але, уяўляючы ўсё гэта, Лецечка не шкадаваў, што кінуўся ў плынь, – як ні цяжка, а рухацца разам з людзьмі, быць сярод людзей, адчуваць сябе жывым нават у гэтым вірлівым, накіраваным невядома куды гурце было радасна. І радасць не згасла, не страчвалася, хаця хапала і штуршкоў і папіхачоў у спіну, даставалася і нагам і рэбрам. Ён і сам не губляўся, быў шчодры, кагосьці таксама біў па рэбрах, кагосьці штурхаў, яму заміналі, і ён замінаў – жыў, рухаўся, змагаўся за жыццё. І больш за ўсё баяўся, каб яго не пазбавілі гэтага жыцця, не выцягнулі за рукі з залы. Таму Лецечка не вельмі засмуціўся, калі ўбачыў, што ў зале сесці яму ўжо няма дзе, крэслы ўсе занятыя. Ён уладкаваўся на падаконніку, за прапыленай парцьерай. Каб уберагчыся ад якой-небудзь неспадзяванкі, закрыўся ўвесь гэтай парцьерай, пакінуў толькі маленькую шчылінку. Вельмі нават няблага ўладкаваўся: бачыў усіх, а яго – ніхто. І не такая духмень была сядзець на падаконніку, са шчылін у акне цягнула халадком, можна было даць ахалодаць і спатнеламу твару, калі прыціснуцца тварам да шкла, што ён, не марудзячы, і зрабіў. Вось толькі, калі прагучала ўжо знаёмая каманда: «Встать! Суд идет!..» – ён застаўся сядзець. Адзін сярод соцень людзей застаўся сядзець. 3 дапытлівасцю і спалохам утаропіўся ў людзей, якім дадзена было здзяйсняць суд. Гэтыя людзі цікавілі яго больш, чымсьці гады-паліцэйскія. Паліцэйскіх яму ўжо даводзілася бачыць, а вось на жывога суддзю глядзеў упершыню. Не мог сабе ён уявіць, як гэта адзін чалавек будзе судзіць другога, мае права нават пазбавіць другога чалавека жыцця, і не дзе-небудзь у цёмным завулку, не адзін на адзін, а прынародна, і Лецечка прагна і пільна ўглядаўся ў твар суддзі, шукаў на яго твары нейкую адмеціну, нейкі асаблівы знак, які б дазваляў суддзі судзіць іншых людзей. Але нічога адметнага так і не знайшоў. Чалавек больш чым звычайны. Зняць з яго форму, пераапрануць у цывільнае ды ў натоўп яго – і не згадаеш, што гэта суддзя, вялікі чалавек. Без асаблівага сораму і спалоху можаш таўхнуць яго і пад рэбры, і на нагу яму наступіць, і нізашто не ўгадаеш, што таўхануў, абразіў нешта вышэйшае, уладу. І твар суддзя меў самы непрыкметны. Пасля суда ўжо, вечарам, у ізалятары, Лецечка спрабаваў нагадаць, уявіць сабе гэты твар, але ўсё дарэмна. Пракурор, гады-паліцэйскія паўставалі перад ім амаль імгненна, а суддзя не падпарадкоўваўся яму. Так ён быў падобны на ўсіх, бачаных Лецечкам людзей, на тых, хто жыў побач з ім. І Колька амаль адразу сказаў сабе, што такому суддзі можна даверыцца, што асабіста ён яму давярае.