Суддзі ўладкаваліся, і Колька пачаў разглядаць паліцэйскіх. І ледзь не ўпаў з падаконніка. Не, нічога жудаснага, звычна бандыцкага, фашысцкага ён у іх не згледзеў. Ён адчуў дух гніласці, пах цвілі і тхла, што яўна сыходзіў ад іх. Мерцвякі, жывыя мерцвякі сядзелі перад ім. Колька зразумеў словы Захар'і, які гаварыў яму аб тым, што смерць цяпер знаходзіцца на плошчы. Тут яна была, тут, цяпер Колька адчуваў яе прысутнасць і сам. Мо гэтыя людзі, што сядзяць вось на лаве падсудных, наводзілі калісьці жах, былі жорсткія, не ведалі, што такое жаль, сеялі на зямлі смерць, цяпер жа смерць стаяла за плячыма кожнага з іх. На імгненне яны былі амаль што вырваны з яе абдымкаў, прыведзены на суд не з уладкаваных кватэр і вясковых хат, а з таго свету, адкапаны з паграбоў, капцоў – з-пад зямлі. Смерць дала ім камандзіроўку на гэты свет, каб яны зазірнулі, паглядзелі ў вочы тым, каго не паспелі забіць. І здрыгануліся ад зробленага, ад той кары, што чакае іх, ад той нянавісці, што пячэ сэрцы людзей, і каб жудасна было ім вяртацца зноў у небыццё, але яшчэ больш жудасна – сядзець вось тут, у зале, адчуваць сябе жывымі. А зала была перапоўнена агнём, нянавісцю. І ў адным толькі чалавеку, у Лецечку, здаецца, нянавісці не было, у ім была грэблівасць, нібыта ён толькі што апаганіўся чымсьці, дакрануўся да чагосьці ліпкага, брыдотнага. І Лецечку нават злёгку нудзіла, калі ён глядзеў на паліцэйскіх, на іх схіленыя пакорлівыя галовы, калі ён сустракаўся з іх кранутымі вільгаццю вачыма, час ад часу перахопліваў іх поўныя жаху позіркі, якія яны, тоячыся, кідалі ў залу, на імгненне абуджаліся да жыцця, позіркі як выбух нуды, мальбы і жаху. Але зала не ведала літасці, і паліцэйскія як апякаліся вачыма аб залу: столькі ў ёй было ціхага агню і нястоенай нянавісці. Паліцэйскія хаваліся ад гэтага агню і нянавісці за бар'ер, за салдат, за плечы адзін аднаго. Хаваліся і не маглі схавацца. Не было цяпер на зямлі такой сцяны, якая б абараніла і схавала іх.
Паліцэйскіх было чалавек дзесяць. Лецечка пабаяўся палічыць, колькі іх дакладна: жахліва лічыць нябожчыкаў, мерцвякоў. Былі гэта розныя людзі, рознага колеру твары і валасы, розніліся яны і адзеннем, але ўсіх іх ужо зрадніла, пабратала зямля, пячаць яе выразна выступала на іх тварах, яна была ў чорных звужаных зрэнках іх ужо тагасветных вачэй, у касцяна-жоўтым бляску залысін. І Лецечка жахнуўся не таму, што бачыў іх перад сабой тут, у зале, а таму, што яны будуць і там, будуць ляжаць у адной з ім зямлі. А калі ў гэтай зямлі штосьці ўсё ж існуе, будуць бадзяцца там. Не жывыя ці часова ажыўленыя былі яны страшныя яму, а мёртвыя. Ён знячэўку мо там і сустрэнецца з імі, і ці знойдзецца там абарона, ці ёсць там суд, ці будуць там стаяць паміж ім і паліцэйскімі гэтыя маўклівыя, задумёныя салдаты, ці здолеюць яны абараніць, уберагчы яго ад паліцэйскіх?
Наўрад, наўрад ці так... На зямлі чалавеку з чалавекам размінуцца лягчэй, чымсьці там. Там жа ён будзе ўжо не чалавек, а нейкі толькі дух, а дух пранікае паўсюдна. Значыцца, і на тым свеце наканавана яму дыхаць з імі. Навошта толькі ён пайшоў на гэты суд, паміраў бы сабе ціхенька ў ізалятары, побач былі б Козел, Дзыбаты, баба Зося, паміраў бы, нікога і нічога іншага не ведаючы, і ўсё было б добра, спакойна. А так – атручаны апошнія дні. Як здолее зямля спакойна прымаць усіх, як яна, не скалануўшыся нават, можа прыняць гэтых мерцвякоў.
Яшчэ можна было саскочыць з падаконніка і пайсці, паспрабаваць забыць усё, паспрабаваць выветрыць з сябе, са сваёй памяці гэты дух мярцвячыны, пах гнілі, цвілі, палічыць, пераканаць сябе, што ўсё гэта толькі здані, прывіды, трызненне нейкае, што гэта ўласціва толькі гэтаму свету, а на тым усё інакш, усё разумна.
Зямелька добрая, зямелька мяккая і разумная. Яна не трывае і не прымае зла, няма ў яе зла і на яго, нічога дрэннага ён ёй не зрабіў. І яму будзе няблага там, толькі саскочыць і прабіцца да выхаду, там свежае паветра, там сонца, там чыстае неба, там ластаўкі ў небе, дурны і ласкавы сабака Асталоп і бяскрыўдныя мурашкі...
Але Лецечка разумеў, што ён дарэмна пераконвае сябе. Ён ужо не здольны добраахвотна пакінуць залу. Была над ім у тую хвіліну вышэйшая сіла, і гучаў яе голас: застацца, выседзець, прайсці праз усё да рэшты – добрае, мярзотнае, але пакратаць сваімі рукамі, пачуць усё сваімі вушамі. Навошта, дзеля чаго, калі дні твае ўжо злічаны, калі ты адной нагой ужо там? Лецечка не ведаў гэтага, не было ў яго адказу на гэтае пытанне. Тут над ім зноў было нешта вышэйшае, вышэйшае за яго разуменне. І ён да апошняга быў падпарадкаваны не сабе, а гэтаму вышэйшаму ў ім, якое, як ні дзіўна, спакойна аднеслася да слоў Захар'і, аб смерці, але не хацела падпарадкавацца жыццю, спрачалася з ім, дыктавала процілеглае сэнсу і розуму.