– Падсудзімы Калягін...
– Так точна, – ускочыў нябачны да гэтага Лецечку, закрыты салдатамі аховы паліцэйскі. Пасма прамых валасоў, ад кадыка да падбародка – сіняя жыла-вяроўка, вялізныя залысіны, скапецкі вашчана-белы твар, шырокі, пляскаты. Але ўсё на гэтым пляскатым твары выразнае, нават рэзкае, нібыта яно пачало ўжо гнісці: нос, скулы, сківіцы.
Суддзя адкінуўся на высокім крэсле, схіліў крыху набок галаву, супакоіў на падлакотніках рукі:
– Раскажыце суду пра сябе:
– Слухаюся. – Калягін угнуўся, кіўнуў спіной, нібы дэманструючы паслухмянасць і жаданне расказваць пра сябе. Але перад гэтым выцягнуў з кішэні баваўнянага, добра ўжо зношанага пінжака насоўку, паднёс яе да чырвоных, як трахомай запаленых вачэй, нібыта выпадала яму расказваць пра сябе штосьці незвычайнае жаласлівае, тужлівае.
– Расказвайце! – прыспешыў суддзя.
– Слухаюся... – зноў з гатоўнасцю кіўнуў спіной Калягін. – Нарадзіўся я ў 1927 годзе...
На гэтых яго словах Колька ўжо другі раз ледзь не ўпаў з падаконніка. Чалавеку, які быў ад яго за бар'ерам, ужо ў вайну споўнілася семнаццаць гадоў, а цяпер ён выглядае на ўсе пяцьдзесят. Так, калі вайна была яшчэ ў Беларусі, яму было семнаццаць. Столькі, колькі цяпер і Кольку. І Колька адчуў сябе абражаным... А Калягін працягваў ашаламляць яго відавочным, але неверагодным:
– Да вайны вучыўся ў школе, скончыў чатыры класы. Меў брата і сястру. Маці працавала ў калгасе. Бацька ганчар... Прыйшлі немцы...
– 3 родзічаў ніхто Савецкай уладай не прыцягваўся да суда, ніхто не быў рэпрэсіраваны? – ледзь чутна падзёўб па падлакотніках крэсла суддзя.
– Ніхто... да вайны лепей было, усё было...
– А хто вінаваты, што ўсё перамянілася?
– Вайна...
– Вы адчувалі розніцу паміж былой і новай уладай?
– Зараз так... А ў той час... Такі я ўжо быў...
– Якім вы такім былі?
– Ну, такім, ніякім... Другога жніўня 1943 года немцы ў нашым сяле забралі ўсю моладзь, далі позвы, аб'явілі, што павязуць у Германію...
– Партызанскія атрады ў вашым раёне былі?
– Паліцэйскі гарнізон яны ў нашай вёсцы разагналі.
– Вы не спрабавалі збегчы, згадзіліся ехаць у Германію?
– А куды дзецца, куды бегчы, каб тое ведаў, страшна ж, расстраляюць... Партызаны ж позваў не прысылалі... Прывезлі ў горад, сказалі, што будзем служыць для барацьбы з партызанамі...
– Вас жа ў Германію везлі, на працу, чаму раптам для барацьбы?
Калягін на гэтае пытанне не адказаў. Адаказ Лецечку быў і без патрэбы. Ён зразумеў усё і сам, разумела ўсё і зала. Зала ўсё яшчэ жыла нянавісцю, а яму здалося, што ён залішне паспяшаўся з даверам да суддзі – вельмі ж па-хатняму, вельмі ж памяркоўна задаваў той пытанні, спакойна слухаў адказы. Словы, пытанні сапраўднага суддзі павінны страляць, апякаць агнём, думаў Лецечка. І наогул, што тут было судзіць, і так усё ясна: выкручваецца, прыкідваецца Калягін, дурня з сябе строіць. Побач з Палацам культуры дзетдом, во дзе суддзі, больш як сто чалавек, і ні ў кога там не ўздрыгне рука. Нікога не падвядзе рука і з тых, што сядзяць вось у зале. Усе яны страляюць, страляюць вачыма. Разлічваюцца за сябе, за сваіх дзяцей і ўнукаў, за дзяцей Сучка, за сівога сірату дзеда Нічыпара, за сіроцтва бабы Зосі. Дык ці ёсць сэнс, гэта самае, цягнуць ката за хвост? А суддзя цягнуў:
– Працягвайце, працягвайце, чаго спыніліся...
– У першы дзень размясцілі нас у хляве, – будзённым і цьмяным голасам загаварыў зноў Калягін. – Драўляныя ложкі фабрычнай работы на два паверхі. На другі-трэці дзень нам далі форму, тонкую, як рабочую. Пачалі вучыць страявой, як абыходзіцца з вінтоўкай рускай, тактыцы вядзення бою ў палявых, лясных умовах, спецыфіку праціўніка вывучалі, вучылі кемлівасці і матам лаялі.
– Разумелі, да чаго вас падрыхтоўваюць?
– ...не магу ведаць.
–Як, не можаце ведаць? Далі вінтоўку, вучылі хадзіць па лесе: як гэта – не магу ведаць?
Не, здаецца, нічога быў суддзя. Учапіўся маленькімі, счырванелымі рукамі ў крэсла, галаву адкінуў, і вочы яго, маленькія, страляюць, страляюць.
– Не магу адказаць, – кінуўся позіркам па дапамогу да сваіх Калягін, натрапіў на непрыхаваную злосць і секануў па гэтай злосці, як з аўтамата, секануў не па сабе, а па сваіх: – Каб весці бой з партызанамі. Заняткі яшчэ праводзілі супраць Савецкай улады, палітычна яшчэ рыхтавалі.
– Вы верылі, што Савецкая Армія разбітая?