– Не магу адказаць, – і насоўку да вачэй.
– Вам гаварылі, што зямлю дадуць, як толькі бандытаў разаб'яце?
– Так!.. Але як я адносіўся да гэтага, не магу адказаць.
– Вы чулі фронт?
– Не, нас нікуды не выпускалі, нас у Барысаў...
– Вы ведалі, што горад, у якім вас фарміравалі, ужо вызвалены Савецкай Арміяй?
– Не... нам паказвалі падлетка ў ваенным адзенні: у камуністаў, маўляў, няма каму ваяваць.
– Аб чым жа вы думалі, калі глядзелі на гэтага падлетка?
– Аб доме думалася...
– Чаму не збеглі?
– Не мог... Нельга... Страшна...
– Што вам страшна? Вам жа растлумачылі, што ворага ў вас ужо няма, разбілі вы ворага... Чым яшчэ займаліся?
– Песні спявалі...
– Якія?
– Я не спяваў. – І зноў насоўку да вачэй, рукі крыжам да грудзей: верце, я не спяваў, я харошы і мне ёсць што за добрае залічыць. – Потым нам далі суконнае абмундзіраванне. Пагоны чорныя, пятліцы чорныя, на адной пятліцы стрэлы і літары крывулькамі...
– Эс эс?
– Эс эс... На пілотцы чэрап чалавечы з дзвюма косткамі, як на слупах: смяртэльна, не падыходзь! Вінтоўку нямецкую далі, штык у ножнах, падсумак. Пастроілі, далі каманду: «Смірна!» Немец пачаў чытаць прысягу, перакладчык перакладаў: «Рэйху і фюрэру...»
– Грамадзянінам якой дзяржавы вы сябе тады лічылі?
– Савецкага Саюза.
Лецечку здалося: Калягін дацягнуўся-такі да яго і праз бар'ер, ударыў яго. Але суддзя памкнуўся адвесці гэты ўдар.
– Грамадзянінам якой дзяржавы вы сталі, калі прынялі прысягу?
– Фашысцкім бандытам я стаў... Але аб гэтым я ў той час не думаў... Рэчавае забеспячэнне атрымалі, плацілі нам па дваццаць чатыры акупацыйныя маркі... Потым нас прывезлі ў Барысаў. Два тыдні жылі ў палатках. 3 Барысава павезлі ў Мінск, у пушкінскія казармы, вывучалі нямецкія гранаты, наш кулямёт «максім», вадзілі на ахову мінскай турмы. Я адзін раз толькі на ахове турмы быў. У калідоры стаяў. Адчынілі пры мне адну камеру. Там чалавек дваццаць...
– Хто ўтрымліваўся ў камерах?
– Нам не гаварылі...
– А вы не здагадваліся?
– Рускія... Потым, дзесьці ўжо ў кастрычніку сорак трэцяга года, нас пастроілі са зброяй на вуліцы. Немец, камандзір аддзялення, сказаў, што едзем у гета. Вывозілі яўрэйскае насельніцтва на машынах, душагубках – будка такая чорная, дзверы шырокія, металічныя, жалезныя крукі ўнізе і ўверсе, герметычна зачыняліся. Пяць было такіх душагубак і чатыры грузавыя машыны. Нас падзялілі на групы па восем – дзесяць чалавек, загадалі хадзіць па хатах, выводзіць жыхароў і грузіць на машыны.
– Каго грузілі? Ахвотна людзі ішлі?
– Якая тут ахвота, грамадзянін суддзя... Сілу, зразумела, прымянялі. Жанчыны, старыя, дзеці, па трыццаць-сорак чалавек у машыну. Везлі кіламетраў дзесяць па Магілёўскай шашы, збочвалі ўлева да Трасцянца. Станавіліся заднім бартом да ямы... Памеры? Як вам сказаць...
Лецечку скаланула ад гэтага «як вам сказаць», ад гаспадарскага, прыкідлівага прыжмуру вачэй Калягіна: Калягін упершыню асмеліўся паглядзець у залу. Нібыта гэтая яма была цяпер перад ім і ён павінен быў вызначыць яе памеры і колькі людзей можна туды ўкласці, гэтых людзей, што былі цяпер у зале. І ўсе, хто знаходзіўся ў зале, як здранцвелі, здранцвелі ад будзённасці, з якой Калягін аб усім спакойна расказваў, як ён усё па-гаспадарску разлічваў, і ад таго, як пад гэтую яго нетаропкую памяркоўную гаворку абуджаліся да жыцця паліцэйскія. Працэс працягваўся, і ён датычыў усіх, накладваў свой адбітак на ўсіх, хто трапіў на яго, на тых, каго судзілі, і тых, хто судзіў, і тых, хто быў у ролі гледачоў, слухачоў: былі ў зале і такія, што прыйшлі з цікаўнасці, каб паглядзець на відовішча, якое аж захапляе дух, каб дакрануцца да таго, чаго не маглі спасцігнуць розумам, да пякучай тайны чалавечага падзення. Але большасць усё ж імкнулася сюды, каб упэўніцца, пераканацца, што зло будзе пакарана, каб вынесці яму свой чалавечы прысуд, каб яшчэ раз сказаць, што яны нічога не даравалі і ніколі не даруюць, што яны памятлівыя, няхай аб гэтым ведаюць усе, каму ёсць падставы баяцца іх памяці, хто разлічвае на час, на забыццё. Кожнаму чалавеку, кожнай яго справе ёсць судны дзень, ёсць судны час.
Так, гэтыя людзі ішлі сюды, несучы сваю нянавісць. Магчыма, яны і чакалі ўбачыць штосьці неверагоднае, нечалавечае, чаго ніколі нельга ахапіць ні розумам, ні сэрцам. А перад імі было штосьці надзвычай будзённае, шэрае, нікчэмнае, вартае жалю, але ж чалавечае. Ды толькі такое чалавечае, якога ім ніколі не спасцігнуць. І зала была нібыта ў одуме. Людзі думалі, пэўна, не толькі аб мінулым, аб сённяшнім, але і аб будучым: адкуль жа гэта ўсё бярэцца ў людзей звычайных, з дзвюма нагамі, з дзвюма рукамі! Гэта ж чырванавокі скапец быў адным з іх, выйшаў з іх. Бацька ганчар, маці калгасніца, мо каму ён быў і пагодкам, хадзіў ці мог хадзіць разам у адну школу, араў адну зямлю. І страляў іх бацькоў, паліў іх братоў, сясцёр, дзяцей. Якая ж маці яго нарадзіла, як яна насіла яго, як насіла яго зямля? Што ж такое чалавек, ці ёсць мяжа яго брыдотам і мярзотнасцям? Як гэта магчыма: сёння, як і ўсе, п'е малако маці, а заўтра раздзявае маці, спакойна страляе ў чалавека, які нарадзіў яго... Страляе ў чалавека... Ці не ўпадаюць тыя, хто імкнецца растлумачыць гэта, у штосьці яшчэ больш страшнае, жудаснае, за якім ужо нічога – пустэча, змрок, холад? Ці магчыма знішчыць, забіць сябе падобнага, не забіўшы пры гэтым сябе? Усяму павінна быць мяжа, усяму ёсць канец. Ёсць жа, ёсць такая нябачная рыса, ступіўшы за якую ты ўжо не чалавек, не звер нават ужо, а нішто. Нішто было перад імі, адкрытае, шчырае, чалавечае нішто. Калі ж яно пачалося, ці сканае яно калі, ці ёсць над ім смерць? Не, не тая, якая прыбярэ гэтае чалавечае нішто, што стаіць цяпер перад імі на дзвюх нагах, а ці ёсць над тым і таму смерць, што нарадзілася раней за гэтае нішто, але вылучыла, абрала менавіта яго? Як дабрацца да таго нешта, якому падпарадкоўваецца, услугоўвае гэта нішто? Калі яму прыйдзе канец? І ці смяротнас яно? Колькі будуць трываць яго людзі?..