Было гэтае ўсеагульнае недаўменне і ў Лецечку, разгубленасць нават нейкая жыла ў ім, суседнічала побач са страхам, дапытлівай цікаўнасцю, агідай, праўда, трохі іншай, чым ва ўсіх: навошта марна траціць на гэтага Калягіна час, калі яму дастаткова дзевяці грамаў свінцу? Дзевяць грамаў – і справядлівасць возьме верх. І ён ужо чуў спапяляльны посвіст гэтых дзевяці грамаў справядлівасці. А паліцэйскія за бар'ерам ужо ажылі, першапачатковы страх іх спачатку змяніўся раўнадушшам, абыякавасцю, потым прыйшла цікаўнасць да таго, што адбываецца ў зале, да таго, што і як расказвае Калягін. І твары іх пачалі набываць індывідуальнасць, яны ўжо не былі падобныя, як падобныя твары нябожчыкаў. Ужо брывасты сусед Калягіна, што з нудой і разгубленасцю неадрыўна ўглядаўся ў акно, з якога быў відзён недабудаваны, у рыштаваннях, гмах універмага, здавалася, трапіў сюды, за бар'ер, выпадкова. Ажыў, незразумела чаму, больш за іншых ненавісны Лецечку чалавек у чорным, у чорнай тэнісцы, з чорнымі рукамі ад мноства наколак на іх, з чорнымі ўчэпістымі і жорсткімі вачыма. Адказваючы суддзі, Калягін увесь час паглядаў на яго, на чалавека ў чорным, нібыта пытаўся дазволу гаварыць.
– Метры са два шырынёй была яма, метраў дваццаць у даўжыню, а ў глыбіню... не ведаю, не заглядваў. З'явіўся немец, адкормлены, у чорным паліто, загадаў раздзець людзей, паставілі іх да ямы і пачалі страляць. Мы і кулямётчыкі-немцы стралялі... і я страляў.
– Яны глядзелі вам у вочы, тварам яны да вас стаялі?
– А якая розніца...
– Да гэтага прыходзілася людзей забіваць?
– Што вы, грамадзянін суддзя, не, і зараз бы не забіваў...
– Зараз вам не дадуць забіваць, – штосьці здарылася з тварам суддзі – ён наліўся чырванню, перасмыкнуўся. Лецечка не ведаў і ўжо ніколі не даведаецца, што перад суддзёй у тую хвіліну стаяў яго зямляк, што гэты Калягін жыў калісьці недалёка ад той вёскі, у якой жыў суддзя. Што суддзя ў семнаццаць год пайшоў у партызаны.
– Я не свядома, я паднявольна, – упершыню голас Калягіна сарваўся і задрыжаў.
– Якая ж сіла вымушала вас страляць па людзях?
– Я два разы толькі... Усе стралялі, і я страляў. Немец страляў і нас прымушаў... Мы б не стралялі – нас бы пастралялі... Хто не падаў у яму, таго спіхвалі, нам рукавіцы далі, у рукавіцах згружалі з душагубак. Расчынялі дзверы, а там ужо трупы. Адпрацаваным газам ета самае. Рукавіцы – і выгружалі ў траншэі.
– Колькі ж вы дзён так працавалі?
– Дзевяць-дзесяць дзён запар... Апошні дзень, праўда, мала было работы. Збіралі, хто схаваўся на гарышчы, у хляве, у пограбе – чалавек трыццаць – сорак такіх было. Але я ні на аднаго з іх не натрапіў. Сказаць па праўдзе, я баяўся на гарышчы лазіць.
– Чаго вы баяліся?
– Лесвіцы не было...
Суддзя хацеў яшчэ штосьці сказаць, але толькі адкрыў рот, хапіў паветра і схіліў галаву да папак, якія ляжалі перад ім на стале. Калягін перагнуўся цераз бар'ер і замёр, шчыльна прыціснуўшы рукі да бакоў
– Актам дзяржаўнай камісіі ўстаноўлена, што ў раёне Трасцянца было знішчана дзесяць тысяч савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Падсудны Калягін, колькі людзей было знішчана ў раёне Трасцянца з вашым асабістым удзелам?
– Грамадзянін суддзя, я па праўдзе вам кажу...
– Гаварыце не мне, гаварыце суду...
– Я тры дні толькі... я выстраліў...