Выбрать главу

– Адказвайце па сутнасці.

– 3 маім асабістым удзелам было знішчана шэсцьсот трыццаць чалавек. Я толькі...

– Праглі выжыць?

– Так, праг выжыць...

– Ці не занадта ацанілі вы сваё жыццё: шэсцьсот трыццаць чалавек?

– Я не даражыў...

– Што вы адчувалі, калі стралялі па людзях?

– Што я адчуваў... скажу па праўдзе, прыходзілі ў казарму, есці не маглі.

– Гарэлку давалі?

– Не, толькі дваццаць чатыры зялёныя маркі... Няхораша я адчуваў.

– Што вы няхораша адчувалі?

– Дрэнна раблю... – І ў прыціхлую залу, а Лецечку здалося – прама яму ў вушы: – Я баяўся...

Страх і цяпер гучаў у яго голасе. Але было незразумела, ці гэта быў яго даўні страх, ці ён нарадзіўся цяпер, ці гэты чалавек нарадзіўся разам са сваім страхам.

– Баючыся, каб вас не расстралялі, вы спяшаліся страляць іншых. Так гэта трэба разумець?

– Так, як інакш яшчэ разумець. Усякае было. Трое з пушкінскіх казарм збеглі, іх злавілі, прывязалі да слупа, вывелі ўсю нашу роту, і рота іх расстраляла.

– Наступная ваша акцыя, падсудны Калягін, пасля знішчэння яўрэйскага насельніцтва ў Трасцянцы?

– Пасля гета хадзілі ў каравул. Ахоўвалі турму, бралі людзей і вазілі туды...

– Якіх людзей бралі і куды т у д ы вазілі?

Калягін забыў пра насоўку, утаропіўся ў суддзю, як бы штосьці не зразумеў, нявінна, пакрыўджана заміргаў, залыпаў вачыма.

– Якіх бралі людзей? – зморана паўтарыў суддзя. – Якіх людзей і куды вазілі? Вам зразумела пытанне, падсудны Калягін?

– Так точна, грамадзянін суддзя. Вязняў бралі і вазілі ў Трасцянец. І гэтыя людзі, вязні, жалезнымі кручкамі даставалі трупы з траншэй, штабелявалі іх: рад трупаў, рад бярвення. Бочка жалезная з саляркай. Палівалі саляркай і запальвалі. А мы ахоўвалі...

– Каго і ад каго ахоўвалі?

– Вязняў. І каб ніхто не набліжаўся, як загадана было.

– Дзе вы харчаваліся?

– Сухі паёк нам давалі. Ля вогнішчаў і елі.

– Як харчаваліся вязні?

– А я вось не бачыў, як іх кармілі. Прыязджаў немец, адкормлены, у кожаным паліто. Строілі вязняў, нібыта везці дамоў – у турму. Мы строіліся насупраць. Каманда: направа. Яны тварам да траншэі, і мы расстрэльвалі іх... Я таксама страляў... разы два...

– Прыцэльна?

– У людзей, зразумела.

– Што гэта былі за людзі?

– Заключоныя, вязні... Рускія, беларусы. На другі дзень гэтыя трупы палілі ўжо іншыя вязні. 3 маім асабістым удзелам знішчана восемдзесят – сто вязняў мінскай турмы.

Восемдзесят – сто... Яны паўсталі перад Лецечкам, як жывыя. Як жывыя ці мёртвыя, не то яшчэ тут, не то ўжо там? Лецечка і сам не разумеў, дзе ён ужо – ці то яшчэ тут, ці то ўжо там. Уваччу ўсё мроілася, сіні, мярцвянага адцення, туман касмыкавата ляпіўся да зараснікаў, сіне ахутваў босыя і таксама сінія, як пазбаўленыя жыцця, крыві, ногі. Адзенне – сіні туман, твары – сіні туман, усё гэта наплывала і наплывала на Лецечку – туман твараў і вачэй. Гэтая туманная плынь, падобная да людской плыні, якая віравала на плошчы, і прыбіла яго да падаконніка, нябачна ахапіла Лецечку і закружыла, панесла да траншэяў, ямаў, ірвоў, якія былі перапоўнены трупамі старых, дзяцей, жанчын, – у туман.

І ён, Лецечка, быў ужо сам сінім туманам, быў адным з гэтых людзей у тумане, якія штабелямі ўкрылі ўсю зямлю так, што і ступіць не было куды.

Агромністыя, пад самае неба, штабелі сініх цел. І сярод гэтых штабеляў ён, Лецечка – голы, сіні, але жывы. Ён выдзіраўся з туману па лесвіцы, якой не было ў Калягіна, па трупах дзёрся на штабель. Усё вышэй, вышэй, вышэй, каб з гары гэтых трупаў паглядзець на зямлю, убачыць сябе жывым і дужым сёння, у зале суда, на падаконніку. Але бачыў толькі адкормленага немца ў чорным скураным паліто, бачыў чорныя машыны з крыжамі па баках, бачыў Калягіна, маладога, задаволенага, у чорным, з крывулькамі-стрэламі літарак на чорных пятліцах, з дзвюма скрыжаванымі косткамі на пілотцы: не падыходзь – смяртэльна! І Лецечка там, наверсе, на штабелі, смяяўся з гэтай бязглуздай перасцярогі: што яму смяртэльна, не падыходзь, калі ў штабелі трупаў ён і сам труп, не ведае, што такое страх. Трупы запоўнілі зямлю, трупы закрылі сонца. І Калягін, адкормлены і сыты, які моцнымі зубамі хрумстаў галету, грыз кілбасу – вызначаны яму немцамі сухі паёк, каб Калягін быў яшчэ больш сыты, яшчэ больш адкормлены, і той адкормлены немец у чорным скураным паліто таксама былі ўжо трупамі, але яшчэ не ведалі, не здагадваліся аб гэтым. А Лецечка ведаў. Усё ён ведаў пра гэтую ахутаную сінім туманам зямлю. І, ведаючы, жахаўся. Калягіну ў кастрычніку сорак трэцяга было семнаццаць гадоў. Шлях Калягіна, як і яго, Лецечкаў, шлях па зямлі толькі пачынаўся. Толькі пачынаўся, але колькі ім, Калягіным, каб выжыць, было ўжо забіта ўчора. І колькі ён заб'е яшчэ, каб выжыць заўтра. Лецечка не шкадаваў, што памёр ужо. Жахлівей усё ж жыць сярод трупаў, чым ляжаць разам з імі...