Выбрать главу

– ...За што расстрэльваў?

– Загад такі быў.

– Загад забіваць?

– Загад забіваць...

– Што гэта за людзі былі, ведалі, адкуль яны?

– Рускія людзі, з хат... Нам загад забіваць, не шкадаваць ні старых, ні малых. Нада мной стаялі немцы, грамадзянін суддзя...

Грамадзяніна суддзю аж калоціць і ў чырвань кідае ад гэтага ліслівага звароту да яго, ад таго ліслівага тону, якім адказвае на яго пытанні чалавек, які стаіць за бар'ерам. Калоціць, абражае гэтая ліслівасць і ўсіх, хто сядзіць у зале, абражае і Лецечку. Але і зала і Лецечка могуць выказваць свае пачуцці, абурацца, сціскаць кулакі, закрываць вочы і вушы, а суддзя павінен быць бясстрасным, на тое ён і суддзя. Але ж ён таксама чалавек, што адчувае ён цяпер? Не, Лецечка не здольны паставіць, дакладней, пасадзіць сябе на яго месца. Яго месца тут, сярод людзей, з якіх ён выйшаў. Ён жыве цяпер іх пачуццямі, іх вялікімі і святымі нянавісцю і абурэннем. Зала тужліва, выцвілымі вачыма сівой жанчыны, якая сядзіць непадалёку ад Лецечкі, глядзіць на Калягіна. Глядзіць жанчына, але ці бачыць яна што цяпер. Жанчына ў той час, у той дзень, аб якім спавядаецца Калягін, была дзяўчынкай, мо равесніцай Лецечку. Яна толькі што вылезла з-пад забітых у хляве людзей. Якісьці дзядок засцярог яе сваім целам: «Маўчы, трывай, жыві, дзетка». Дзетка выпаўзла з хлява і схавалася ў пажарнай бочцы, у якую дбайны гаспадар нанасіў вады. Гэтая бочка з вадой выратавала ёй жыццё, але не выратавала ад заўчаснай старасці, ад сівізны ў трыццаць год. Жанчына прагне зразумець, чаму яна так рана пасівела. І яна саромеецца гэтай сваёй заўчаснай сівізны, вінаваціцца за яе, вінаваціць сябе за тое, што на зямлі ёсць такія людзі, як Калягін, што яна павінна жыць побач з імі, – мо штосьці яна зрабіла і робіць не так, мо дзесьці пакрывіла душой? Без віны вінаваціць яна сябе, без віны, але ж... Дзядок той, што засцярог яе сваім целам, загінуў... І ў тужлівых вачах яе сум і пытанне: чаму ўсё так, чаму, хто дазволіў, як дазволілі, што г э т ы я, такія рахманыя цяпер, такія бяскрыўдныя, калі пад аховай, пад вартай, столькі пусцілі па свеце сірот, столькі пралілі крыві? Ці не сон гэта ўсё, што перажыла яна, ці не прывіды, ці не здані перад яе вачыма? Яна спрабуе зазірнуць ім у вочы, углядаецца ў іх твары, прыглядаецца да іх рук. Не, не зразумець, не зразумець ёй нічога, ніколі. І гэта яе някемлівасць тлуміць галаву і Лецечку, не дае спакою яе засмучаны вінаваты твар. І ён круціцца, ненавідзіць гэтую сваю такую някемлівую галаву. Суддзя, пэўна, ведае тое, чаго ніколі-ніколі не спазнаць яму. Лецечка ненавідзіць паліцэйскіх. Так, у іх даўно ўжо абудзілася пякучая, жывёльная цікавасць да таго, аб чым расказвае Калягін. Яны літаральна зрываюць з яго вуснаў, як п'юць, кожнае яго слова, нібыта ніколі не былі з ім побач, нібыта яны ніколі нікога не палілі, не расстрэльвалі, не забівалі.

А Калягін даўно ўжо асвойтаўся, ён ужо ведае, калі, што і як сказаць, а дзе і прамаўчаць, не зразумець, прыкінуцца. Калягін кемлівы, цямлівы дзядзька. Суддзі ўжо больш не патрэбна задаваць яму наводных пытанняў, нават залішнія ўжо і самі пытанні. Калягін глядзіць суддзі ў рот, цікуе пытанні і ўгадвае іх да таго яшчэ, як яны будуць вымаўлены, як яны выспеюць. Ён гатовы служыць і ўслугоўваць тут, за бар'ерам. Ён ужо адчуў уладу і падпарадкаваўся сіле, якая над ім. Рукі за спіной, ногі напаўсагнутыя, галава наперад, ён гатовы рынуцца наперад, гатовы выканаць любы загад, які толькі не прагучыць. Усё ў ім ужо напагатове, на ўзводзе, усё напята, усё ў салодкім прадчаканні загаду. Вось-вось прагучыць яму загад, і вочы, язык яго, цела, кожная яго жылка падрыхтаваныя ўжо да таго, каб падпарадкавацца. Ёсць, ёсць асалода ў падпарадкаванні, і Калягін спазнаў яе.