Выбрать главу

Толькі на схоне дня, калі ўжо заходзіла сонца і зямля, па якой ён брыў, пачырванела, нібы набрыняла крывёю, хлопчык натрапіў на сцежку. Ён узрадаваўся ёй, сцежка хутка вывела яго да шляху. Хлопчык спыніўся, стаіўся ў кустах, разглядваў дарогу і нібыта прынюхваўся, чым ад яе патыхае. Ужо амаль што сцямнела, але яму, толькі што з ляснога змроку, толькі што ад ляснога страху, было яшчэ светла. Шлях гарбаціўся, аднолькава цягнуў управа, улева і губляўся ў хвоях. Шырокі гаротны вясковы шлях, хапіў ён на сваім вяку ўсяго, машыны, падводы змясілі яго да мёртвага белага пяску. Але дзе-нідзе на гэтым мёртвым белым пяску чорным і вільготным вокам паблісквалі ўначы і лапікі цвёрдай, нескалатушанай зямлі, якую не здолелі спляжыць, адарваць ад матчынага цела, і яно сачыла праз гэтыя лапікі-вочы па ўцалелых венах і жылах сукравіцу-вільгаць, плакала зямля, плакаў шлях, застаўшыся ў адзіноце, нябачнымі слязьмі. Але слёзы гэтыя не краналі хлопчыка. Шлях, хаця ён і імкнуўся да яго, быў яму чужым, патыхала ад яго чалавекам і жывёлінай – потыхам, якога ён цураўся, якога ён баяўся. Але лес палохаў яго яшчэ больш. І ён выйшаў з кустоў, пакрочыў да шляху і спыніўся на мяжы пяску і травы. Асцярожна пакратаў дарогу, сыпучы пясок нагой. Ніхто не ўдарыў яго, нішто не выбухнула, нічога не здарылася.

Хлопчык скочыў у пясок, як у прысак, закапаўся абедзвюма нагамі. Можна было б закапацца, засыпацца гэтым пяском і з галавой і перачакаць, покуль чырвоная паласа, якая цяпер стаяла над лесам, зноў не разгарыцца ў сонца і не прагоніць цемрадзь. Можна, калі б у хлопчыку не жыў голад. Звер сядзеў у ім больш моцны, чым страх, цягнуў яго, смактаў, прымушаў рухацца, шукаць не толькі і не столькі цяпла, колькі ежы. І хлопчык пабрыў шляхам у напрамку, дзе ўсё яшчэ зіхацела чырванню неба, дзе было штосьці жывое і спажыўнае.

3 зараснікаў, з раструшчанага гнілога пня, на яго звярынымі прагнымі вачыма глядзелі светлячкі. Але ён ужо ведаў, што вочы гэтыя нежывыя, і не баяўся іх. Двойчы ўначы, у цемрадзі, стрэліла чырвоным вокам і штосьці жывое, над ім дзіцячымі галасамі галасілі совы і пугачы, але з хлопчыкам ужо была дарога, шлях, і ён крочыў па ім і нічога не баяўся. Ён ужо даверыўся шляху, шлях для яго ўжо ўвасобіўся ў штосьці роднае і блізкае. Хто яго ведае, мо шлях спавіваў яго роспач і адчай матчынай калыханкай, мо пацяшаў яго бабульчынай казкай. Вясковыя шляхі на ўсё здатныя. Не толькі ў старадаўнасці, але і сёння, калі ў спакоі і адзіноце ўслухацца ў іх самотную ціш, можна пачуць і калыханку, і казку, і паданне. І хлопчык адчуваў, што тут, на шляху, яму нічога не пагражае. Ужо было зусім цёмна. Месяц яшчэ не ўзышоў, і лес выглядаў адзінай цёмнай грудай, як адарваная ад неба і прыціснутая да зямлі цемрадзь. Але шлях не губляўся ў гэтай цемрадзі, цьмяна бялеў, як шчодра пасыпаная соллю добрая луста хлеба. І хлопчык крочыў сабе, глядзеў не пад ногі, а туды, уперад, на шлях, які як бы бег наперадзе яго, размотваўся, як клубок нітак, і цягнуў хлопчыка за сабой.

Але так крочыў ён не доўга. Пачало трапляць пад ногі якоесьці бярвенне, пачало чапляць яго за ногі, нібыта ён ступіў на грэблю. Ён заспатыкаўся, галодна завурчаў, яму трэба было спяшацца, спяшацца, хаця і немаведама куды. Трэба было хутчэй адолець шлях, прыбіцца да чагосьці новага, селішча якога, агню, хлеба. А сілы ў яго былі толькі на шлях без бярвення. А бярвенне траплялася ўжо ўвесь час, сапраўды, не шлях, а грэбля – гаць. Хлопчык заблытаўся ў гэтых гацінах і ўпаў. І тут з-за лесу выслізнуў месяц, яркі, шчарбаты, нібыта быў ён да гэтага на прывязі, на вяроўцы ці нават на ланцугу, на дроце нейкім. Матляўся, круціўся, коса рэзаў сябе гэтым дротам і вось перарэзаў, меншай сваёй часткай адарваўся, слізгануў на неба і свяціў утрая. І пры гэтым святле хлопчык убачыў, што ніякае не бярвенне зваліла яго, а людзі. Людзі густа ўслалі сваімі целамі дарогу. І хлопчык ляжаў на чалавеку, на дзядулю. Тулава дзядулі ляжала на бугры, а галава ў ямцы і задзёрта ў неба, як усё роўна звярталася з якімсьці запытаннем да неба, чакала ад яго адказу, была звернута да неба, утыркалася ў неба сівая бародка, у неба ўтыркалася яблыка вострага дзіцячага кадыка, звяртаўся да неба востры нявінны дзіцячы ўсохлы носік. А ў хлопчыка ўтаропіліся ашклянелыя вочы. І гэтыя вочы больш за ўсё і перапалохалі хлопчыка. Ён адхіснуўся ад іх, памкнуўся ўстаць, але заблытаўся ў дзедавай світцы, і дзедавы рукі, застыглыя ўжо і ўчэпістыя, што сучча, нібыта ажылі, схапілі хлопчыка за адзенне і не адпускалі. І хлопчык, трошкі прыўзняўшыся, зноў лёг, упаў сваім брудным, але жывым тварам на беламёртвае, халоднае, ілбом дакрануўся шкляных, мёртвых вачэй, адчуў іх пругкі холад і закрычаў. І болей у яго не было ні сілы, ні жадання ўставаць. Адна толькі думка аб тым, што яму прыйдзецца ж уставаць, кудысьці ісці, выклікала страх. Жудасна было адарваць вочы ад аднаго нябожчыка, каб згледзець перад сабой дзесяткі новых. Дзядок, якога ён ужо бачыў, здаваўся добрым нябожчыкам, здаецца, і світка яго была цёплая, добрая, ад яго не сыходзіла ніякай небяспекі, іншыя былі куды страшнейшыя, таму што ён іх яшчэ не бачыў. Гэты ляжаў сабе, маўчаў і не кратаўся, а тыя маглі ажыць, закрычаць, што гэта ён тут перашкаджае ім адпачываць, яны здольныя былі пакласці побач з сабой і яго, навекі супакоіць і яго.