Выбрать главу

Хлопчык прыціснуўся да дзеда, да, здаецца, яшчэ цёплага і ласкавага шчэцця на яго твары, ён прасіў, маліў дзеда, каб той абараніў яго, ашчадзіў ад іншых нябожчыкаў, не аддаў ім яго. І ўзнімі зараз дзед руку, загавары з хлопчыкам, ён бы не здзівіўся – такія палкія былі яго заклёны, так горача ён яго ўмольваў азвацца, бараніць яго ад мёртвых. Але дзед маўчаў, маўчалі і іншыя нябожчыкі. Толькі лес тужліва стагнаў, месячны тужлівы вецер гуляў у соснах, выдзімаў з іх мёртвых ствалоў самотную, маркотную песню. І здавалася, гэтую песню цягнуць над шляхам, гаротным вясковым шляхам, нябожчыкі, адпяваюць самі сябе. На зямлі, акрамя ветру, месяца, няма іншых плакальшчыкаў. Няма ніводнага жывога чалавека. Вымерла зямля. Вымерла, калі ўжо людзі выйшлі паміраць на дарогу, не знайшлі больш прыстойнага месца, як легчы на дарозе, каб напалохаць яго, адзінага, што застаўся жывым; і дзед стаў яшчэ больш дарагі для хлопчыка, але ўжо не як абарона ад мёртвых, а як адзіная сувязь, адзіная нітачка, што звязвала яго з людзьмі, з жывымі, адзіная ўцалелая нітачка, працягнутая з таго свету да яго, нітачка, якая сведчыць, што свет калісьці быў густа заселены людзьмі, былі людзі на зямлі, не толькі дзеці, такія, як ён, хлопчыкі, не толькі жанчыны – яго маці, але і дзяды, расла ў іх сівая барада, насілі яны світкі, мелі рукі і ногі... І мёртвыя былі ўжо жаданымі на яго шляху. Няхай жа яго вядуць да святла, у заўтрашні дзень і мёртвыя.

Але доўга заставацца сярод іх хлопчык не мог. Захлынулася дзіцячым покрыкам у лесе сава. Хлопчык адарваўся ад дзеда, усхапіўся на ногі і пабег. Ён бег цяпер, заплюшчыўшы вочы, спадзеючыся, што, калі адплюшчыць іх, шлях адчысціцца ад мерцвякоў, якія супакоіліся ў яго пяску. Ён бег ад нябожчыка да нябожчыка і сам цяпер крычаў савой, покуль быў яшчэ голас, покуль быў яшчэ крык. А калі яго ўжо не стала, калі не было ўжо сілы бегчы, адплюшчыў вочы і збочыў, каб перадыхнуць у цемрадзі, нічога не бачачы перад сабой. Але і там, куды ён збочыў, былі трупы, яны цікавалі за ім, не пускаючы ў лес, не давалі перадыхнуць. Мёртвыя ўзялі яго ў кальцо, абклалі з усіх бакоў, як абкладвалі некалі і жывыя. І хаця гэтыя мёртвыя былі больш бяскрыўдныя, чым тыя жывыя, якія маглі забіць яго, якія стралялі ў яго і яго маці з вінтовак, ён усё ж больш жадаў, каб з цемрадзі выйшлі тыя, што сеялі агонь. Калі яны ўжо так прагнуць забіць яго, знішчыць, ён не стане больш уцякаць ад іх, не будзе больш хавацца ў балота. Няхай забіваюць, хай знішчаюць, хай страляюць, ён гатовы. Легчы на дарозе побач з іншымі лягчэй, чымсьці крочыць і спатыкацца аб іх, няспынна адчуваць іх прысутнасць.

Але і такой драбязы не магла падарыць тая ноч. Хлопчык не мог адарвацца ад шляху, таму што шлях усё ж кудысьці вёў, да жыцця ці то смерці, ці то ў пекла, ці то ў рай, але штосьці было там, у яго канцы. Светлая, захінутая лесам нітачка цягнулася з святла і вяла да святла. А пакладзеныя на дарозе – гэта знарок, спецыяльна, каб яго напалохаць, каб ён рынуўся ў лес.