Выбрать главу

І гэтае адчуванне няпэўнасці перашкодзіла яго радасці, калі ён убачыў на дзетдомаўскім падворку каля калодзежа Лену Лазу. Лена піла ваду з вядра, паставіла яго на край зруба і піла, і сонца, якое было ўжо на схіле, ужо амаль што схавалася за макаўкамі ліп, цікавала за ёю чырвоным вокам, падглядвала, як яна п'е. Вада вылівалася з вядра, трапляла за выраз сукенкі, на босыя, падпаленыя сонцам ногі. Лена, як застоенае жарабё, перабірала нагамі, нібыта апякалася вадой, падымала галаву, устрэсвала валасамі і зноўку прыпадала да вядра, і зноў вада гулліва струменіла за выраз сукенкі, пырскала на босыя ногі, і Лецечка здзіўляўся: колькі ж гэта можна піць! Вось ужо і сонца схавалася за ліпамі, і яму, Лецечку, ужо самому карцела прыпасці да вядра, каб аж заламала зубы. Вада ў дзетдомаўскім калодзежы была на дзіва сцюдзёная. У глыбіні на зрубе, каля самай вады, яшчэ да гэтай пары трымаўся лёд. І Лецечка накіраваўся да Лены, каб следам за ёю з такой жа асалодай прыпасці да вядра. Але тут да калодзежа на веласіпедзе падруліў Грыб, штосьці сказаў Лене – Лецечка нічога не чуў. Лена пырснула смехам, як сцюдзёнай вадой, і падала Грыбу вядро. І Грыб піў таксама прагна, як толькі што Лена, нібыта высмяг ён увесь. Потым яны, смеючыся ўжо разам, плёхнулі ваду на зямлю, кінулі вядро ў калодзеж: набіраючы хуткасць, усё хутчэй мільгаючы, проста б'ючы па вачах бліскучымі ручкамі, закруціўся калаўрот, і пакрыўджанае вядро пайшло гуляць па зрубе. Ланцуг яшчэ працягваў раскручвацца, дзілінькаў, тоненька і таксама пакрыўджана, як выгаворваў, за штосьці, а Лена скочыла на раму веласіпеда, Грыб абняў яе, ашчаперыў рукамі руль, прыціснуўся да Лены грудзінай і пакаціў, паварочваючы на ліпавую алею, на якой дзень ці то два назад Лецечка цалаваў Лазу. І тое, што яны абралі менавіта гэтую алею, балюча абразіла Лецечку, абурыла яго. Ён не вытрываў, пабег за імі, каб выказаць усё Лене, хто яна такая ёсць.

Але выказваць яму нічога не давялося. Не даязджаючы некалькіх метраў да чырвонай цаглянай сцяны, тупіка, Грыб і Лаза ўпалі з веласіпедам у траву і не падымаліся. Папаўзлі ад веласіпеда. Лецечка яшчэ нейкі час паглядаў, як круціцца задняе кола веласіпеда, чырвона ўзбліскваюць у заходзячым сонцы нікеляваныя спіцы. Было ў іх узбліскванні штосьці аголена-сараматлівае, што балюча джаліла вочы. Лецечка хапатліва адвярнуўся і пабрыў прэч, разважаючы, як гэта ўсяго толькі якіхсьці пару дзён назад яму магло прыйсці ў галаву, што ў яго з Ленай Лазой будуць дзеці. 3 Ленай Лазой у яго ніколі не будзе дзяцей. «А вось у цябе будуць, будуць дзеці, і вельмі хутка нават, – сказаў ён помсліва, адрасуючы свае словы Лене. – Вось будуць у цябе дзеці, тады спазнаеш...» Але што павінна спазнаць Лена тады, ён не ведаў і не хацеў думаць аб гэтым далей, не хацеў тлуміць галавы. Зашчымела, зашчымела на душы, агарнулі маркота і тужлівасць, яго яшчэ не пакідала, жыла яшчэ ў ім хлусня, што нарадзілася ў пакоі бабы Зосі. І не было куды сысці, не было нікога, з кім можна было падзяліцца гэтаю крыўдаю, не было каму пажаліцца, паказаць свае раны. А яны ўжо смылелі, крывавілі, і кашлем ірваўся вонку боль, ён уціскаў у сябе гэты кашаль, каб яго, не дай бог, не пачулі Лена з Грыбам. Навошта ім там, у траве, чуць, як хтосьці, дзесьці зняможана і надсадна кашляе, кашляе ён, Лецечка, той самы Лецечка, які колісь цалаваў Лену, цалаваў тымі самымі губамі, на якія цяпер набягае кроў. Няхай яны ніколі не дазнаюцца аб гэтым. Няхай ёй, Лене, будзе хораша з Грыбам, як яму, Лецечку, было хораша, калі ён цалаваў яе ў прызначаныя Грыбу вусны. Хай Лена ніколі не зведае яго пакут, не будзе памятаць, што і ў яго на гэтай алеі...

Тут кагосьці прарвала тым самым пранізлівым, яго, Лецечкавым, крыкам, які ён душыў у сабе разам з кашлем і ўжо быў прыдушыў. Лецечка ад нечаканасці нават прысеў: каго гэта так разбірае, хто гэта так раўнуў за яго? Раўнула машына, узняла ўсю Слабаду – новенькі, зялёненькі, што жабянё, «газік». Дзетдомаўскі шафёр, малады і шалапутны хлопец, выправіўся па гэты «газік» яшчэ на тым тыдні і вось прыгнаў. І як звар'яцеў ад радасці, заклікаў дзетдомаўцаў парадавацца разам з ім. І дзетдомаўцы абмацвалі, абхаджвалі «газік» з усіх бакоў, як тыя цыганы кабылу. Машына, нічога не скажаш, як лялька, і блізка не радня той, якая была да яе, палутарцы, ці, як звалі яе дзетдомаўцы, палундры. І менавіта з-за сваёй прыгажосці, з-за сваёй лялечнасці новая машына і не спадабался Лецечку, яму было шкада тую сваю, родную палундру, якую на тым тыдні звялі з падворка. Звялі ў літаральным сэнсе, як зводзяць на салатопку з'езджаную клячу. Перад гэтым шафёр выдраў з яе чэрава якіясьці трубкі і патрубкі, адкруціў люстэрка, выкруціў якіясьці прыборы: