– Нічога, новая будзе. Усё роўна хана, адбегала сваё, старэнькая...
А Лецечка парадніўся ўжо з той, старэнькай. Яна была яму – як сястра, яна была яму дзетдомаўкай, такой, як і ён сам, яна прыйшла ў дзетдом нават раней за яго, зрэдку бабулька-палундра падвозіла і яго, вазіла ў вобласць і тут, па Слабадзе, катала. Вазіла не толькі Лецечку, але і гасцінцы дзетдомаўцам з вялікага горада, прысмакі розныя, ласункі. Калі Лецечка збіраўся ў вялікі горад, ён пытаў у Козела ці Стася, што ім прывезці. Тыя звычайна адказвалі: батончык. І ўсе іншыя дзетдомаўцы давалі яму такі наказ: прывезці батончык. І давалі на батончык грошыкі. На цукеркі не хапала, а белая гарадская булка-батон была не меншым ласункам і дзівам, чым тыя ж цукеркі. Колькі гэтых батончыкаў на бабульцы-палундры перавазіў Лецечка? Да чаго ж разумная была бабулька і паслухмяная! Колькі ж у яго, Лецечкі, і іншых дзетдомаўцаў радасці і горычы ад успамінаў аб той бабульцы! Яна такая зычлівая, столькі добрага зрабіла яму, так дбала, так рупілася, як мурашка з дня на дзень, не ведала аддышкі. Нізенькая, няўклюдная, не вельмі і ходкая, але колькі вытрывала на сваіх плячах усяго, колькі перавезла і прадуктаў, і адзення, і сена, і дроў, і пяску, і гліны, і ўсялякага іншага дабра! Хрыпела і кашляла, але цягнула, усё цягнула. Яна прайшла фронт, самае пекла, бачыла вайну не здалёку, а, як радавы пехацінец, ваявала, толькі мо поўзаць не ўмела па-пластунску, а мо і ўмела, бачыла забітых і параненых, і сама не раз была параненая, знявечаная вярнулася з вайны і адразу без адпачынку пачала дагаджаць дзетдомаўцам, бачыла яшчэ першых дзетдомаўцаў, галодных і абадраных, іх слёзы, раны і вошы. Яна адолела такое, што і згадаць цяжка, прайшла, перамагла слабадзянскія гліны і пяскі, навакольныя гаці і броды – бездарожжа. Яна была як салдат, рабочы, калгаснік, тутэйшая, мясцовая. І вось цяпер, калі няма ні вайны, ні голаду, калі і да іх мясцін дацягнуўся асфальт, няма таго бездарожжа–няма і палундры. Лішняй, непатрэбнай стала і палундра, як недарэчнасць нейкая. Замест яе нахабны, сыты і моцнагалосы «газік». І Лецечка касавурыўся, разглядаючы яго, адчуваў, як выспявае ў ім нейкае нечаканае пачуццё віны і суму, як бы ён штосьці зрабіў не так, дзесьці пакрывіў душой, таму і не стала палундры. Добрая, нічога не скажаш, добрая новая машына. Але што з таго, што яна добрая, новая і сэрца-матор у яе не спрацаванае яшчэ, куды дужэйшае за сэрца палутаркі, што з таго, што яна можа больш вазіць грузу. Так, яна абыдзе, перагоніць палутарку, а калі яе спытаць, дзе яна была, калі палундра ваявала, гразла ў балоце, вось што яна адкажа на гэта? Не, ніколі не стане гэтая новая машына такой жа роднай Лецечку, як і палундра, ніколі не зойме ў яго сэрцы такога месца. Разам з ёю, мроілася яму, пагналі, выкінулі на звалку і яго, аднолькава абышліся з палундрай і з ім...
А ўсе вакол як звар'яцелі разам з шафёрам. А пра тое не думаюць, дурні, што ў іх ніколі-ніколі не будзе такой еднасці і роднасці з гэтай новай машынай. Не будзе, таму што яна новая, новая не машына, а істота, што яна гэтай сваёй новасцю і дужасцю адасоблена ад іх, існуе самастойна. Не думаюць... варта было іх толькі паманіць новай прыгожай цацкай, пра ўсё на свеце забылі. Вось так зусім скора яны забудуць і яго. Козел і цяпер не хоча яго заўважаць...
– Атанда, хлопцы, шухер, шухер... – па двары, вочы навылупку, бег Ванька – Бурачок-малодшы. – Бурачка-старэйшага б'юць. Усіх Бурачкоў забіваюць... Капцы... Вера Канстанцінаўна ў канцылярыі... За хлеб, за хлеб... Гэта ты, Лецечка, ты, Лецечка, вінаваты...
Лецечка з Козелам, а разам з імі і астатнія хлопцы рынуліся да канцылярыі.
Цяжка сказаць, біла ці не Вера Канстанцінаўна Бурачка-старэйшага. На той час, калі Лецечка ўварваўся ў канцылярыю, Бурачок, закрыўшы далонямі твар, ціснуўся ў куток, а Вера Канстанцінаўна абаперлася адной рукой на стол, а другой раз-пораз узмахвала і пры гэтым штосьці злоснае выгаворвала Бурачку. На падлозе каля яе ног ляжала лінейка, магазінны метр, якім мераюць матэрыю. Прыкмеціўшы Лецечку, Вера Канстанцінаўна адарвала руку ад стала і пацягнулася па лічыльнікі, якія ляжалі каля яе рукі на стале. Навошта спатрэбіліся выхавацельніцы гэтыя лічыльнікі, пацягнулася яна па іх інстынктыўна, са спалоху ці абараніцца імі хацела – Лецечка не разважаў, што да чаго. Ён вырваў з рук выхавацельніцы лічыльнікі, хутчэй нават яна сама адпусціла іх. Вера Канстанцінаўна глядзела на яго спалоханымі рудымі вачыма і маўчала. І жах выспяваў у яе вачах, жуда, таму што там, за спіной у Лецечкі, ужо стаяў амаль у поўным зборы ўвесь дзетдом. Хлопцы і дзяўчаты стаялі моўчкі, і маўчанне было зацятае.