Выбрать главу

– Здоров, ефрейтор, – сказаў салдат, калі ўжо нёс яго з ваннай у палату. – Женить тебя надо, а не в госпиталь.

Што адказаў яму Лецечка на гэта, якімі словамі аддзякаваў, нельга тут і перадаць, і з гэтых яго гарачых слоў і пачаўся новы Лецечкаў век, век жахліва доўгі, які і сёння ўганяе яго ў халодны пот. Не злічыць, колькі разоў ён збягаў, а дакладней, поўз са шпіталя з надзеяю адшукаць тую хаціну, з якой яго выцягнулі чырвона-армейцы, знайсці тыя палаці. Яго лавілі, спачатку ў калідоры, а потым ужо на лесвіцы: Лецечка ляжаў у палаце на другім паверсе, – потым на двары, непадалёку ад шпіталя. Замілавана здзіўляліся: «До чего же упрям пацанище, как он стремится быстрее стать на ноги». А ён зусім не хацеў на ногі. Ён ужо звык на карачках, яму ўжо зручней было на карачках. Але Лецечка маўчаў. Прыгадваў дарогу, па якой яго везлі. Днямі адчужана глядзеў у акно, за якім ужо ружавеў бэз, а ноччу на карачках наладжваўся ў дарогу. Яшчаркай шмыгаў з палаты, і чуйныя няні і сёстры і цяжкараненыя, што не спалі начамі, не маглі прысачыць за ім.

Запаветнай марай Лецечкі было выпаўзці са шпіталя, а там, там ён ужо ведаў, што рабіць. I ён выпаўз ужо на сходзе лета, выпаўз за агароджу. I ад радасці, што здзейснілася, не прыкмеціў таго і сам, як ухапіўся за слупок і стаў на ногі. Так, не ўсведамляючы таго, што адбылося, ён усе ж адчуў не столькі ў сабе, як навокал, нейкую дзіўную нязвыкласць.

Усё стала раптам далёкім і маленькім. То, калі ён поўз, на вочы яму трапляліся ўсялякія казяўкі, чарвякі, павукі, ліст лопуху быў як прасціна – засціў белы свет, сцяблінка кураслепу, жытняя саломіна выглядалі з калоду. А цяпер... Навалач нейкая. Усё жывое як вымерла, усе рэчы зніклі – дрэў жа, будынкаў з-за іх вялізнасці ён не браў у разлік і раней.

I вось, стаіўшыся за агароджай шпіталя, са здзіўленнем разглядваючы гэты новы, невядомы яму свет, Лецечка зразумеў, што нікуды ён болей не пойдзе ад гэтых добрых людзей. Больш таго, ён ніколі і не імкнуўся збягаць ад іх. Проста вучыўся хадзіць. I пайшоў.

Лецечка адняў рукі ад слупка і грымнуўся вобзем. I знаёмы свет, свет казявак, чарвякоў, павукоў, сцяблінак і лісцікаў, зноў знаёма расчыніўся перад ім. Але Лецечка цяпер ужо адрынуў яго. Ён адрынуў ад сябе ўсё гэта, што поўзала, смактала. Ён хацеў хадзіць. Глядзець на дамы, заглядаць у іх вокны, бачыць дрэвы і птушак.

I ў дзетдом Лецечка прыйшоў сваімі нагамі. Без прозвішча, без імя, але сваімі нагамі. Ніхто, праўда, не адзначыў, не заўважыў гэтага, і Колька звяў. Яму столькі напелі пра дзетдом: і свабода там, і хлопцы ёсць, і есці тры разы гарачае даюць, і чацвёрты раз даюць – полудзень, і выхавацельніцы добрыя, уважлівыя. Ён наслухаўся гэтых песень і як падарунак таму цудоўнаму дзетдому нёс свае ногі. А ў яго патрабавалі прозвішча і імя, і імя па бацьку, і год нараджэння. А хвароба яго ведае, дзе гэта ўсё ўзяць, хоць красці ідзі. Ды ці ўкрадзеш яшчэ ўсё гэта: бацьку, матку, прозвішча? Колька разгубіўся і засумаваў. Дапамагла яму нянька, што прыйшла разам з ім са шпіталя.

– Лецечкам гэтым ён на ногі ўстаў, хай і будзе Лецечка. А імя напішыце па майму сыну. Мікалай, Мікалай Мікалаевіч, царства яму нябеснае. Яно хоць і нягожа, што загінуўшага імя бярэ, ды можаце спакойненькія быць. Род наш крэпкі...

– Згодзен ты быць Лецечкам Мікалаем Мікалаевічам? – перапыніла няньку дырэктарыха дзіцячага дома, маладая жанчына, белая і кучаравая. – Не згодзен – можаш іншае прозвішча падабраць: Няпомняшчых, Салдатаў...

– А Маршалаў нельга? – спытаў Лецечка з падкалупкай.

Дырэктарыха разгадала гэтую яго падкалупку і ўсміхнулася.

– Нельга, – сказала яна. – Маршалаў у нас мала, а вось генералаў многа. У нас ужо ёсць адзін Генералаў, хочаш – можаш і ты запісацца Генералавым.

Кольку спадабаліся ўсмешлівасць, памяркоўнасць, і голас дырэктарыхі спадабаўся. Але другім Генералавым ён не пажадаў стаць. Калі ўжо ёсць адзін, навошта другі. Ды, можа, яшчэ той, першы Генералаў смаркаты які. Радуйся потым, гледзячы на гэтага смаркатага Генералава нумар адзін.

– Дык як цябе пісаць? – дырэктарыха падняла ад папер галаву і паклала на стол ручку, нібыта перадумала пісаць, хацела пакінуць яго без прозвішча. – Можа ты сваё прозвішча ўспомніш? Рука ў мяне не ідзе запісваць гэтыя прыдуманыя прозвішчы.

Лецечка бачыў па вачах дырэктарыхі, што сапраўды не падымаецца ў яе рука пісаць, што вельмі проста ён можа застацца без прозвішча. А без прозвішча яму цяпер ужо не хацелася.