Выбрать главу

Закрыўшы твар і вочы рукамі, нібыта імкнучыся схавацца і схаваць ад Бурачка, Лецечкі, ад усіх дзетдомаўцаў жах і жуду сваю, Вера Канстанцінаўна кінулася да парога. І пабегла. Пабегла з канцылярыі. 3 дзетдома. Назаўсёды. І што з ёй стала потым, Лецечка не ведаў і не хацеў ведаць. Гаварылі пасля, што яна прымала ўдзел у начной аблаве на дзетдомаўцаў, якія прыйшлі ў дзетдом з калоній і ўзламвалі ноччу ларок. Але аблава гэтая знамянальная адбылася потым ужо. Потым... калі Лецечка ўжо не мог нічога аб ёй ведаць. Не стаў ён сябрам і Бурачку-большаму, хаця той хадзіў за ім ледзь не па пятах, гатовы быў лізаць яму, як той Асталоп, рукі. Лецечка ж пазбягаў гэтага сяброўства. Ён хацеў забыць, зусім-зусім забыць і Веру Канстанцінаўну. Іншае цяпер хвалявала яго, іншым ён быў заняты. І занадта мала на гэтае іншае заставалася ў яго часу. І наўрад ці быў ён у гэтыя дні дзетдомаўцам. Дзетдом пачаў адыходзіць ад яго ў мінулае амаль што ў тое імгненне, калі ён абараніў ад выхавацельніцы Бурачка, калі ён... так, выратаваў ад дзетдомаўцаў Веру Канстанцінаўну.

І меней за ўсё яму патрэбны былі чые б там ні былі падзякі. Яны нават абражалі яго, было ніякавата, калі яму дзякавалі. Дурні, нічога яны не разумелі. Нічога...

Вочы ў вочы, пакорлівая ўнуранасць аднаго, жах і жуда ў вачах другога. Што можа быць больш страшнае за гэта? Што?

X

Паступова Лецечка рабіўся сваім чалавекам на судзе. У яго там ужо вызначалася сваё пастаяннае месца, сваё крэсла на апошнім радзе, адкуль яго не маглі згледзець ні суддзі, ні гады-паліцэйскія, а сам ён бачыў добра ўсіх. Яго ўжо вылучалі сярод натоўпу, пазнавалі, затрымлівалі на ім вока. І ён ужо навучыўся пазнаваць людзей у натоўпе, разумеў, для каго суд быў тэатрам, відовішчам, вылучаў тых, хто выпадкова трапіў на суд, і тых, якія не маглі не прысутнічаць на гэтым працэсе, такіх, як Нічыпар, Захар'я. Такіх, праўда, набіралася ў зале не шмат, і з кожным днём іх рабілася ўсё меней і меней. Стаяла лета, клопатны час, і трэба было ўжо думаць і пра восень, зіму, клапаціцца аб хлебе надзённым. Паліцэйскія для многіх з іх ужо амаль як памерлі. Яны расстралялі іх сваёй нянавісцю яшчэ ў першыя дні працэсу, таму, пэўна, не з'яўляўся больш на суд і Захар'я.

– А што на нябожчыкаў глядзець, Лецечка... – адказаў ён на пытанне Колькі, чаму ён, Захар'я, не ходзіць больш на суд. – Не варты, не варты яны таго, каб глядзець на іх. Пакрыўджу, абразіць магу тых, хто на тым свеце, не, не варта. Сабакам сабачая смерць...

Лецечка падумаў: праўду сказаў Захар'я, але штосьці перашкаджала яму пагадзіцца з гэтай яго праўдай.

– Чаму ж ты тады нават з цаглінай першы раз на суд пайшоў? Ты што, дараваў ужо ім? А што б сказалі сыны твае, а дзеці бабы Зосі, а дзед Гуляй?

– А што сыны, Лецечка, што дзед Гуляй, дзеці бабы Зосі... Нельга жыць чымсьці адзіным, жыццё шырокае. Усё трэба ў памяці трымаць: і адчай, і надзею, і веру. Шырэй жыць – больш святла ў акне. Дык вось пра тое, аб чым ты пытаеш: дзеці, дзед Гуляй, таму і не хаджу туды – як ні круці, як ні вярці, а іх ужо не падымеш. А я жыву, я чалавек. І боязна мне жыць і ведаць, што іх няма. Чаму іх, а не мяне? Чаму я перажыў дзяцей сваіх? Мо гэта пакаранне мне, мо недагледзеў чагосьці... Сум на сэрцы маім, таму і не хаджу, каб не вярэдзіць раны.

– Чаго ты недагледзеў, вайна ж?

– Так, Лецечка, так, ды толькі ж людзі ваявалі.

– Але ж, выходзіць, ты забыў пра іх, Захар'я, закрыў вушы і вочы – нічога не ведаю, нічога не бачу, нічога не чую. Я не я і хата не мая. А з бабай Зосяй ты да гэтага часу так і не памірыўся?

– Грэх глядзець, Лецечка, чалавеку на смерць. Смерць таксама паважаць трэба. Не варта цвяліць яе, без дай прычыны вочы ёй муляць. І табе раю, Лецечка, не хадзі ты больш туды.

– Гэта чаму ж і мне не хадзіць? Ты сам гаворыш: мне ўжо хутка... Ды і сам ты толькі да спаса...

– Вось таму не хаджу і табе не раю. Глядзі на сонейка, там яго не будзе, не будзе, Лецечка. Глядзі, як птушкі лётаюць, як людзі радуюцца, жывуць. Вось нам з табой што трэба – на жывых глядзець, аб жывых дбаць, жыццё ж шырокае. Хораша ж жыць, вельмі хораша, Лецечка, прайсціся сонейкам па зямельцы. Узяць яшчэ ў руку сякеру. І па халадку, покуль не ўгрэла, не прыпякло, памахаць ёю. Возьмеш ты яе ў рукі – інакшыя думкі ў галаве, вясёлыя, аб тым, як жыць-быць, як ляжа тваё бервяно ў дом, зайграе на сонейку, абальецца смолкай жывой, зазвініць, заспявае.