Дзеці, а не старыя. Нібыта не зведалі яны і вайны, нібыта яны ўсё жыццё вось так ціха-мірна прасядзелі на бярвенні, нарадзіліся тут і знікнуць, лягуць бярвеннем у зрубы, хаты, якія яны ж самі ставілі.
І Лецечку ўжо цяжка было пакінуць іх, век бы сядзеў так, дыхаў бы горкім дымам махоркі і слухаў пра тое, што было і чаго не было. Але не сядзелася. Ён адчуваў, што ўжо атручаны судом. Зацягнуў яго суд, і не здольны ён быў ужо вырвацца з гэтага суда. Нібыта трапіў у вір і павінен ісці за плынню вады, ісці па спіралі да дна, намацаць нагамі дно, займець пад нагамі грунт і толькі тады, як ён адпіхнецца ад гэтай цвердзі, усплыць, вынырнуць на паверхню, да паветра. Размовы дзядоў, наведванне кузні толькі шкодзілі яму цяпер, заміналі, адцягвалі яго ад таго галоўнага, што адбывалася на судзе, што адбывалася ў ім. А з ім, Лецечкам, адбывалася штосьці незразумелае. Ён ужо неаднойчы сам лавіў сябе на тым, што раптам знікае з сённяшняга дня, кудысьці прападае, трапляе ў нейкае іншае жыццё. І доўга-доўга не вяртаецца ў сёння. У першыню з Лецечкам такое адбылося тады, калі ішоў допыт брывастага, суседа Калягіна. Лецечка да таго часу, здаецца, ужо асвойтаўся на судзе. Звыкся з тым, што ўсе паліцэйскія не тояць, гавораць праўду аб сабе, жахлівую, нечалавечую праўду, на якую наўрад ці здольны нармальны чалавек, жахаўся ад гэтай праўды, ад той бездані, якая стаяла за ёй. Але дзесь глыбока ён ужо ціха, неўпрыкметку звыкаўся, рабіўся абыякавым да таго, што чуў, што адбывалася на судзе, таму што для тых, хто знаходзіўся цяпер за бар'ерам, гэта быў звычайны, нармальны побыт. Яны гаварылі аб ім, як старыя пра пчолы, спакойна, без дрыжыкаў усялякіх, расказвалі аб тым, чым яны жылі, што рабілі, што бачылі. А жыццё, уражанні іх былі аднастайныя: агонь, агонь, агонь. Агонь па загаду, агонь без загаду, у часы адпачынку. І агонь гэты ўжо закалыхваў, усыпляў, здавалася, нічога асаблівага ў ім ужо і няма. Але брывасты раптам адхіліў усе ўласныя паказанні, якія даваў на папярэднім следстве.
– Ёсць там трошкі, ёсць, але гэта няважна, няважна, – так адказваў ён на пытанне суддзі аб папярэднім следстве, з гэтых слоў пачаў ён свае паказанні на судзе. І яго востры, як шабля, твар палаў ад абурэння і нецярплівасці, палалі, гарэлі вуголлем глыбока схаваныя ў вачніцах чырвоныя вочкі. Лецечка з усіх яго слоў пачуў толькі адно, апошняе: «неважно» – так бестурботна і весела, нават з нейкім выклікам суддзі, зале і яму, Лецечку, было выпушчана гэтае слова на волю, кінута ўсім. Няважна, чым ён займаўся, што ён вытвараў у сорак трэцім і ў сорак чацвёртым, што ён да гэтага гаварыў, што гаварылі аб ім. Усё няважна, важна, што ён скажа цяпер. Слухайце яго, што ён скажа цяпер.
І ён увагнуўся, выставіў галаву за бар'ер і сказаў:
– На то ж вайна, то ж вайна, немцы... Я адмаўляю, адмаўляюся я...
Гэтае «я адмаўляюся» з вуснаў паліцэйскага дагнала, заспела Лецечку, злілося з тым «я адмаўляю», якое гучала і ў ім. Ён, Лецечка, даўно ўжо адмаўляў, адвяргаў усё, аб чым гаварылі паліцэйскія, хаця і ведаў, што яны гавораць праўду, вымушаныя гаварыць праўду, але ён не хацеў верыць гэтай праўдзе, не хацеў верыць сваёй памяці, ён і сам жыў у тым сорак трэцім і сорак чацвёртым, але не хацеў верыць і таму жыццю. Ён адмаўляўся, адракаўся ад яго. Імкненне спазнаць да рэшты тое жыццё і адмаўленне ад таго, што такое можа быць, адначасова жылі ў ім, але існавалі як бы асобна адно ад другога. 3 такой дваістасцю чалавек здольны глядзець толькі сон, здольны толькі ў сне так верыць і не верыць у яго прывідную, нерэальную рэальнасць. І Лецечка нібыта сніў наяву, прыкархнуў на судзе, адначасова знаходзіўся тут, у зале, і далёка ад яе, у хаце, якую пабудавалі старыя з Захар'ем, верыў, успрымаў усё, што адбывалася тут, і таксама верыў, успрымаў тое, што адбывалася ў хаце.