Дзяцюк сцепануў плячыма і пакрочыў сабе далей, туды, дзе за высокімі камяніцамі стаялі камяніцы яшчэ вышэйшыя, дзе бегалі якіясьці дзівосныя рознакаляровыя машыны, дзе раскінулася плошча, на якой вясёлкава білі фантаны, дзе стаялі ў цяні каштанаў лаўкі, а на лаўках сядзелі прыбраныя, у святочным адзенні, жанчыны, нібыта нават і Лена Лаза была сярод іх. Яна... яна ўжо ўставала насустрач дзецюку, уставала, адводзіла ад вачэй каляровую вадзяную вясёлку. А хлопчык збочыў з тратуара. Тратуар перад ім скончыўся, як абарваўся, нібыта бетон выцягнулі з-пад яго ног, ён пяском пайшоў да гарадка, які, нібыта мроіва, стаяў удалечыні, пайшоў да гарадка драўлянага і натуральна жоўтага. І Лецечка заплакаў, паглядаючы, як у розныя бакі разышліся два Колькі. І, плачучы, у гэтым сваім сне, ён ведаў, што мужчыны не плачуць, і загадваў сабе не плакаць. А слёзы цяклі...
І зноў ссунуліся сцены, і зноў запанаваў паўзмрок.
Лецечка быў у той жа самай хаце, якую паставілі дзяды. Білі цвыркуны за печчу, кап-кап-так – капала вада з крана. Трэба было ўскочыць з ложка, грукнуць нагой па падлозе, і цвыркуны змоўклі б, перастала б капаць вада, рассыпаўся б дом, пабудаваны дзядамі. І ён зноўку апынуўся б у зале, на судзе. Лецечка ўжо не здолеў і не хацеў кратацца. І яму трэба было намагацца, прымушаць сябе сілай, каб узняць нагу, каб тупнуць ёю па падлозе. Так угрэўся ён у хаце, так не хацелася яму на суд. І самога суда гэтага як бы і не было, ён адмаўляўся і адракаўся ад яго, і ўсё ж Лецечка перамог сябе, узняўся, тупнуў нагой і адплюшчыў вочы. Каля яго сядзела старая. Не, не адна, з усіх бакоў былі людзі. Лецечка ж бачыў толькі адну старую. Нядобрая, страшная гэта была старая. Жахам скавала цела, калі Лецечка зазірнуў ёй у твар. Чорным, як з таго свету, быў гэты твар. Шчокі ўваліліся. Чорныя-чорныя, хаця і нечакана поўныя для старой, запечаныя, асмяглыя губы. Старэчыя мышцы ўжо не здолелі ўтрымаць гэтых губ, яны адвальваліся, паказваючы чырвоныя з адзіным чорным зубам дзясны; не свяцілі ўжо на зморшчаным твары, хоць ледзь прыкметна і ўздрыгвалі, жылі, вочы, як два згаслыя вугольчыкі, і ўсё гэта, адмерлае, скрушліва падвязана пад падбародак белай хусцінкай.
– Адмаўляюся, абвяргаю! – крычаў за бар'ерам эсэсавец-паліцыянт, сёк шабельным тварам паветра перад сабой.
– Выракаюся, выракаюся, праклінаю... – шапацела запёклымі губамі, пахітвала, як у неймавернай роспачы, з боку ў бок востры твар з цяжкой, амаль ужо адваленай сківіцай старая. А той, за бар'ерам, усё цягнуўся, цягнуўся да старой. Працягваў цягнуцца, калі яму ўжо і загадалі сесці і яго месца заняў другі, якога больш за іншых з тых, што сядзелі на лаве падсудных, зненавідзеў Лецечка, чалавек у чорным, у чорнай тэнісцы, з процьмай чорных наколак на голых дужых руках, з чорнымі ўчэпістымі і жорсткімі вачыма. Аб чым ён гаварыў, Лецечка не чуў, таму што хаваўся ад старой. Не звычайная старая гэта была для яго – сама смерць. Смерць, аб якой гаварыў Захар'я, смерць, якую ён шукаў там, за спінамі тых, што за бар'ерам. А яна сядзела поруч з ім, даўно, напэўна, сядзела. Лецечка ўжо бачыў за яе спіной іржавую касу і дрыжаў увесь, чакаючы ўзмаху гэтай касы. Але старая – смерць ці то пашкадавала яго на гэты раз, ці то пабаялася пры народзе махнуць касой. Устала і, ціха пагрукваючы да глянцу наваксаванымі чаравікамі, блытаючыся ў доўгай, да падлогі, чорнай спадніцы, пацягнулася да выхаду. І ўсе, хто прысутнічаў у зале, і суд, і тыя, за бар'ерам, праводзілі яе да самых дзвярэй маўклівым паглядам. Гэта была хвіліна анямення. У зацятай, здранцвелай цішы залы невыносна доўга шэргалі, з сарочыным прыстукам ірвалі цішыню неразношаныя хлапчуковы чаравікі. Потым гэты сарочын стук і шэргат перайшлі ў тупаток. Каля самых дзвярэй старая не вытрымала зацятай цішыні, якой выправаджвалі яе з залы, пабегла, паляцела, трапіўшы на лапік святла, што біла з расчыненых дзвярэй, паляцела, як чорная вялізная птушка, распрастаўшы вялізныя чорныя крылы. Цішыня стаяла яшчэ з хвіліну і пасля таго, як аціх тупаток яе хапатлівых крокаў. Маўчала зала, маўчаў, апусціўшы вочы, чалавек у чорным, маўчаў суддзя цяжкім каменным маўчаннем, нібыта і сапраўды раптам скамянеў. І ён, суддзя, так і не наважыўся парушыць цішыню. Гэта зрабіў чалавек у чорным. Суддзя ледзь прыкметна хітнуў яму галавой, і той загаварыў нечакана прыемным, звонкім голасам:
– Мне споўнілася шаснаццаць гадоў, калі прыйшлі немцы. Марыў быць аграномам, таму што мой бацька аграном, яго забілі кулакі. Захапляўся сельскай гаспадаркай і музыкай, любіў сабак і пчол. Старэйшы брат быў прызваны ў Чырвоную Армію. Я, калі прыйшлі немцы, рабіў пры доме, на гаспадарцы. Састаяў у падпольнай групе, збіраў зброю, тры скрынкі патронаў сабраў, тры вінтоўкі, гранаты, наган. У 1943 годзе мяне арыштавалі...