– Пішыце, чаго ўжо там, чарніл няма? Паплюйце на пяро: Лецечка пішыце.
– Вось і добра, вось і добра, – усміхнулася зноў дырэктарыха. – А то адразу Маршалаў. Вырасцеш – станеш маршалам. Маршал Савецкага Саюза Лецечка! А то што за маршал – Няпомняшчых, Салдатаў. Маршал Лецечка – іншая справа. Гучыць?
Колька прымераў толькі што атрыманае прозвішча да сябе і адчуў, што і на самай справе гучыць. I зліўся, зросся са сваім прозвішчам, не аддзерці, сякерай не адсекчы ўжо гэтае прозвішча ад яго. Нарадзіўся ён з гэтым прозвішчам, рос з ім. I было яно яму ўжо дарагое, сваё, роднае, цёплае, якраз па ім, як чаравікі, што ў самы раз: не ціснуць, не хлябаюць, для ўсякай дарогі падыходзяць, і для будняў, і на выхад у святы. Вось што значыць добрае прозвішча, вось што значыць – па табе прозвішча. I крыўды ніякай, што не заўважылі, як ён трывала стаіць на нагах.
Запісалі Кольку Мікалаем Мікалаевічам Лецечкам, руку паціснулі і адправілі ў ізалятар, як бы каранцін прайсці, а выйшла – навек. I век гэты стаў самым доўгім, і самым кароткім, і самым шчаслівым у жыцці Лецечкі. Самым шчаслівым і... самым нешчаслівым.
Самым доўгім, таму што ўвабраў ён у сябе цэлых дзесяць гадоў. I гады гэтыя прамільгнулі для Лецечкі – як адно лета. Паспеў толькі зайсці ў ізалятар і пабіцца адзін раз са Стасем Дзыбатым, а ўжо года і няма. Сеў за парту – і ўсе дзесяць праляцелі самалётам. А выйшаў на дзетдомаўскі двор, адзін толькі раз разбегся, урэзаў па скураным, набітым тырсой мячыку і войкнуў, упаў пад векавую ліпу. Дзень стаў векам, стагоддзем. I ўсё гэтае бясконцае, цяглівае стагоддзе хлопцы ганялі мячык, купаліся ў сажалцы, лазілі па садах, білі кагосьці з гарадскіх, а ён, Лецечка, ляжаў пад ліпай. Для дзетдома, каб пражыць у ім толькі дзень, нічога не значыць, што ў цябе ёсць прозвішча, што ў цябе ёсць ногі, каб пражыць дзяцінства, гэтага недастаткова, трэба яшчэ і сэрца, а сэрца ў яго было нікуды не вартае. Нават Маня, Ваня і Андрэй Буракі былі шчаслівейшыя за яго.
Але гэта сваё асабістае няшчасце, сваю хваравітасць, Лецечка не падкрэсліваў, не насіўся з ім, як з пісанай торбай, як, зрэшты, не насіліся і Стась Дзыбаты, і Васька Козел. Больш таго, яны зубамі і кулакамі біліся, каб быць такімі, як і ўсе. Біліся, змагаліся да пасінення, часам страчваючы прытомнасць ад непамернасці таго, што ўсклалі на сябе. I выбілі, адстаялі сябе і ў ізалятары. Пра іх гаварылі ў дзетдоме: «псіхі», але гаварылі з аглядкай, шэптам. Пра іх гаварылі і «недаробкі», але заўсёды толькі за вуглом і ніколі ў вочы: што з псіхаў возьмеш? А ім было напляваць, яны ганарыліся, што гэта пра іх так гавораць, што іх баяцца. Яны адгарадзіліся ад усіх устойлівай хваляй бальнічнага паху і за гэтай хваляй у сваім ізалятары і сваёй ізаляванасцю набылі такую свабоду і самастойнасць, аб якой усе дзетдомаўцы могуць толькі марыць і, марачы, уздыхаць: недасягальна.
Недасягальна ў дзетдоме, каб ты не быў падпарадкаваны рэжыму. Недасягальна, каб на трох было паўкрыла вялізнага будынка. Паўкрыла, куды амаль што не заглядваюць выхавацельніцы. На кожнага радыёнавушнікі. I ты можаш слухаць гэтае радыё, пакуль не пасінееш, пакуль там, на станцыі, не выключаць яго. Тумбачка на аднаго чалавека. I мноства-мноства іншых дробязных паслабленняў, тых самых дробязных паслабленняў, з якіх якраз і складваецца шчаслівы, неказённы побыт, дзіцячы, не загрувашчаны дысцыплінай, распарадкам свет.
I гэтым сваім светам, неказённым побытам Васька і Стась выхваляліся штодзённа і шточасна, як умелі, фарсілі ім і, не прызнаючыся, тоячыся нават адзін ад аднаго, пакутавалі ад яго, як пакутуе зімой пад ільдом нябачная рэчка. I не для прыгожага слова тут гаворана, што дзесяць гадоў, якія пражылі яны ў дзетдоме, у ізалятары, сцягнуліся ім як век. За дзесяць гадоў Васька Козел паспеў не толькі адрасціць горб, але і састарыцца. Гэта быў маленькі, сухенькі дзядок-каракаціца з маршчынамі на дзіцячым чыстым твары, з сухотнымі старэча-дзіцячымі крохкімі і кволымі костачкамі на гэтым жа твары, з цененькім і пісклявым голасам, зацяты і хітры. Калі Васька ішоў дзетдомаўскім садам, уяўлялася, што гэта ідзе гном, што ён з'явіўся з-пад дрэва, упаў з галінкі разам з яблыкам. I карцела падбегчы да яго, пашукаць у траве, знайсці і даць яму ў рукі кіёк, які ён згубіў.
Гном-Козел быў у дзетдоме першым матэматыкам і чэмпіёнам па шашках. Але ніхто не ведаў, з якой шалёнай лютасцю ён ненавідзеў гэтыя шашкі, як, тоячыся начамі, краўся да ленінскага пакоя, выдзіраў з рамы шыбку і, абдзіраючы горб, лез у акно, збіраў там шашкі і шахматы, паліў іх у грубцы. I з асалодай сачыў, як ахопліваюцца агнём чорная і белая фарбы на фігурах, асабліва любіў ён паліць коней. Быў радасны і потым, калі хапаліся гэтых коней, шашак і шахмат. Так помсціў ён у першую чаргу, пэўна, самому сабе, свайму гарбу за абдзеленасць дзяцінствам, за сваю абяздоленасць. За тое, што кожны год у школе за добрую вучобу, у дзетдоме – за перамогу ў шашачным турніры яго прэміявалі дошкай і шашкамі. Але гэтыя свае ўласныя дошкі і шашкі Козел бярог як вока, і ніхто дакладна не мог сказаць, колькі ён ужо іх назапасіў.